2 траўня 2024, Чацвер, 15:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гульцы берасцейскага «Дынама» 4 месяцы не атрымліваюць заробак

9
Гульцы берасцейскага «Дынама» 4 месяцы не атрымліваюць заробак

У брэсцкага «Дынама» праблемы не толькі гульнёвага характару, але і фінансавага - гульцы ўжо чатыры месяцы не атрымлівалі заробак.

Галоўны трэнер берасцейцаў Уладзімір Курнеў распавёў pressball.by аб сітуацыі ў клубе, прызнаўся, што перад камандай паставілі задачу заняць шостае месца ў чэмпіянаце, а таксама адзначыў, што «Дынама» сягоння паказвае зусім не дрэнны футбол.

- Пры поглядзе з боку, здаецца, і не скажаш, што берасцейскае «Дынама» гуляе кепска. Але прайшло ўжо восем тураў, а выніку няма. У чым галоўная праблема?

- У спрошчаным варыянце яе можна растлумачыць так: тут не дабеглі, там не даглядзелі... Вось вялі ў хатняй сустрэчы з «Гомелем» - і ўсяго трэба было, што на 88-й хвіліне слушна размясціцца ў абароне. Не зрабілі гэта - і прапусцілі. А ў мінулым туры у страчаным матчы менскаму «Дынама» пры ліку 0:1 мелі добры момант, калі Шамрук біў у пустую браму, але патрапіў у абаронцу.

Дзесьці не патрапляем і са складам. У працэсе трэнінгаў адчуваеш поўную ўпэўненасць, што менавіта гэтыя хлопцы выйдуць - і згуляюць. А яны выходзяць - і не гуляюць... Зноў жа цяжка абысціся без хістанняў, бо камплектаванне праводзілася даслоўна на згоне. У сакавіку паехалі гуляць кубкавы чвэрцьфінал - 14 чалавек у заяўцы! А потым усяго за два тыдні да старту чэмпіянату бралі людзей, каб хоць неяк запоўніць вакансіі...

Але, на мой погляд, у пачатку сезона на камандзе галоўным чынам адбіваецца негатыўная фінансавая сітуацыя. Ужо чатыры месяцы сядзім без заробку. Цяпер нешта кінулі на карткі - плюс-мінус тры мільёны. Але хіба гэта грошы, за якія футбалісты могуць і павінны гуляць?

- А ў перыяд поўнага безграшоўя нешта рабілася?

- Ну, праводзілі сходы - са старшынём управы Вячаславам Сашко і дырэктарам клуба Мікалаем Харашуном. Ды і трэнерскі штаб у размовах з хлопцамі спрабаваў згладзіць вострыя куты. Але ж усё гэта адцягвае ад галоўнага - футбола...

- Сама каманда і непасрэдна гульцы падтрымліваюць вас у складанай сітуацыі?

- Стасункі ў калектыве нармальныя - ва ўсякім выпадку, нічога негатыўнага ў гэтым сэнсе не заўважаў. Прэтэнзій да футбалістаў у навучальна-трэнінгавым працэсе ў мяне таксама няма. Ды і такога, як казалі пасля матчу з «Дынамам» - маўляў, не настроіліся і не біліся за трэнера, - я не бачыў. І ўвогуле, што гэта значыць: біцца за трэнера? Яны павінны гуляць!

- Чаму ж выходзіць не надта?

- Падрабязна аналізуем матчы, праводзім тэарэтычныя заняткі не толькі з усёй камандай, але і з гуртамі, і ці ледзь не з кожным паасобку. Здаецца, усё разумеюць, як і ў што трэба гуляць. А выходзяць на поле - і часам робяць незразумелае...

Я разумею, выніку няма - і ў гэтым заўсёды вінаваты галоўны трэнер. Вось толькі хацелася б даведацца: хто павінен адказваць за тое, што мы чатыры месяцы без грошай? Тут знайсці вінаватых, вядома, ужо складаней.

- На прэс-канферэнцыі пасля двубою з менскім «Дынамам» вы сказалі такую фразу: сувязь з кіраўніцтвам - праз піцэрыю. Як яе разумець?

- У часы маёй маладосці быў такі італійскі фільм. Там пакідалі паведамленні ў піцэрыі на барнай стойцы. Чалавек забіраў інфармацыю - і пакідаў сваю. Прыходзіў іншы - рабіў тое ж самае... Дапусцім, калі не затэлефаную Сашко, то ён сам практычна ніколі не выйдзе на сувязь. А калі скажу, што ёсць праблемы і трэба пагутарыць з хлопцамі - тады ўжо сустракаемся...

- Гэта значыць, моцнай зацікаўленасці кіраўніцтва справамі каманды не адчуваеце?

- Увогуле так. Хоць вось пасля перамогі над жодзінскім «Тарпедам», ды і яшчэ раней, нармальна меў кантакты з «губернатарам» Канстанцінам Сумарам - толькі ён і ішоў насустрач...

- Пра што казаў?

- Ясна, пра што: што перамагаць трэба! Разам з тым Канстанцін Андрэевіч усё разумее - і ведае аб нашых фінансавых праблемах.

- Дык у чым жа рэч?

- Мабыць, паміж ім і камандай слаба працуюць прамежкавыя звёны. Але мне больш крыўдна за іншае.

- Няцяжка здагадацца, за што: у Берасці шматлікія заўзятары ставяцца да Курнева вельмі негатыўна.

- Я гэта адчуваю, і нават вельмі. Але ўсё адно не магу зразумець, адкуль столькі злосці. Вось «Славія» і «Нафтан» таксама выступаюць не зусім удала, аднак я не чуў, каб у Мазыры і Наваполацку заўзятары так ставіліся да трэнераў. Ужо на сустрэчы з камандай пасля першага тура яны былі настроеныя на тое, каб я падаваў у адстаўку. І падчас гульні з «Дынамам» крычалі «едзь»... Вядома, мне непрыемна чуць на свой адрас абразлівыя выказванні. І працаваць у такім становішчы вельмі цяжка.

- Нялёгка «Дынаму» і ў турнірным сэнсе.

- Наперадзе ў нас тры, можна сказаць, ключавыя сустрэчы. Як мне здаецца, у іх на першае месца выйдуць не гульнявыя, а байцоўскія якасці, характар і воля. І калі той жа «Дняпро» цяпер вышэй у табліцы, то «Нафтан» і «Славія» ў цяперашняй сітуацыі нашы непасрэдныя канкурэнты. Я разумею: перамога і нічыя за восем матчаў - дрэнны вынік. Але, паўтаруся, такое вось стаўленне можа забіць усё ў кожным чалавеку - у плане жадання трэнаваць і працаваць.

- Вам жа нібыта далі карт-бланш да канца першага кола?

- Я зараз кажу пра іншае. Бо не я адзін чую гэтыя «воклічы» - пра тое, каб дадому ад'язджаў, і гэтак далей. Іх чуюць ўсе гульцы і трэнеры - і гэта не можа не адбівацца на камандзе. А ў інтэрнэт наогул не заходжу - там проста нейкія страшныя рэчы пішуць на гэтых форумах. Не хачу псаваць сабе настрой, які і так не надта прыўзняты.

- Якія шляхі выхаду з крызісу мерыцеся шукаць?

- Па-першае, мы і цяпер гульнёй не так ужо кепскія. І гэта не толькі маё меркаванне - так кажуць шмат якія спецыялісты, журналісты, заўзятары. Але ўсё ж чагосьці бракуе... Будзем адшукваць нутраныя рэзэрвы для ўзмацнення гульні - пакуль іншага выйсця не бачу. Трэнінгавы працэс у нас наладжаны нармальна - застаецца выпраўляць сітуацыю непасрэдна ў матчах. Важна, што хлопцы разумеюць: усе мы, а не адзін Курнеў, патрапілі ў сітуацыю, з якой трэба выбірацца. І паспрабуюць зрабіць гэта ўжо ў бліжэйшай сустрэчы з «Дняпром» - не кажучы аб наступных.

- Я меў на ўвазе не столькі гульню каманды. Як знайсці кропкі судакранання з кіраўніцтвам і заўзятарамі?

- Напэўна, такія пытанні лепш задаваць старшыню ўправы і дырэктару клуба. Калі, вядома, гэта камусьці трэба...

- Цікава, а асноўны фундатар у «Дынама» ёсць?

- Па-мойму, раней ім быў «Брэстэнэрга».

- А цяпер якое дачыненне яно мае да каманды?

- Мабыць, ніякае... Дарэчы, у сувязі з гэтым у мяне ёсць адно пытанне. Вось Берасцейская і Гарадзенская вобласці - геаграфічныя суседкі, паміж якімі ў спорце заўсёды ідзе не толькі завочнае, але і непасрэднае спаборніцтва ў шмат якіх кірунках. Возьмем гульнявыя тыпы - той жа футбол. Хацелі мы запрасіць Селіна, і што? Не, вядома, вялікую ролю адыграла тое, што ў яго жонка гарадзенка. Але ж нам усё адно сказалі: такія варункі, як у Горадні, вы не створыце. Адсюль і стабільнасць - у гэтым годзе з складу «Нёмана», што ўвесь час гуляў у мінулым сезоне, сышоў толькі Сучкоў. Астатняе ў прынцыпе захаванае. Мы ж штогод прадаем і прадаем - прычым лепшае, што ёсць, - а наўзамен нікога не купляем! Вось і зараз на ўсіх запрошаных у «Дынама» пачаткоўцаў не патрацілі ні шэлега. Ну, нельга ж увесь час прадаваць, а наўзамен браць вольных агентаў, шукаць варыянты арэнды - і спрабаваць зрабіць вынік!

Бярэм Гарадзенскую вобласць далей. У хакеі «Нёман» - чэмпіён. У жаночым баскетболе «Алімпія» - чэмпіёнкі. У мужчынскім "Гродна" цяпер гуляе з «Цмокамi» ў фінале - гэта значыць, ужо як мінімум другое месца. У валейболе жанчыны чэмпіёнкі, а мужчыны трэція. І ўсё гэта - гульнявыя тыпы! А ў нас у Берасці за жаночую футбольную каманду выходзяць сем чалавек...

- Гэта як?

- А вось так - сем у асноўным складзе. Гулялі з менкамі, і на 35-й хвіліне пры ліку 0:17 нейкі дзяўчынцы стала блага. Іх засталося шэсць - і матч спынілі... Вось як тады параўноўваць гэтыя дзве вобласці ў спорце? Трэба нешта мяняць, а не проста ставіць задачу, не маючы пад ёй цвёрдага грунту.

- Якую ставілі Вам перад пачаткам сэзону?

- Шостае месца. Але я так разумею: спачатку трэба стварыць варункі, а потым, вядома, пытаць і за вынік. Задарма доўга не бывае добра - бедныя ў футбол не гуляюць. У яго трэба ўкладаць грошы, тады пойдзе і аддача. Мы ж наогул гаворым пра элементарную фінансавую стабільнасць, якой у «Дынама» няма. Сапраўды такая гісторыя была і летась, калі нам не плацілі - і хлопцы не хацелі ехаць на матч з «Гомелем». І цяпер, калі б не далі гэтую «гуманітарную дапамогу», яны мерыліся на пятнаццаць хвілін затрымаць пачатак гульні з менскім «Дынамам». Паўтаруся, не ўкладваючы грошай у футбол, высокага выніку не атрымаеш.

- На гэтым этапе Берасцю пра іншае думаць трэба.

- Ну так - выкарасквацца. Але ў нас жа як? Пачнеш спатыкацца - не, каб дапамагчы і падтрымаць. Наадварот, заўсёды знойдзецца шмат розных «зычліўцаў»...

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках