2 траўня 2024, Чацвер, 15:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супрацоўніца «Саўбеліі»: Шок-тур - цымус беларускага турызму

123
Супрацоўніца «Саўбеліі»: Шок-тур - цымус беларускага турызму

Карэспандэнтка «Советской Белоруссии» у краінах ЕЗ Інэса Плескачэўская была шакаваная сэрвісам Беларускай чыгункі.

У сваім асабістым блогу яна апублікавала артыкул «Роднае. Дарожнае»:

- Сюрпрызы (зрэшты, якія гэта сюрпрызы, калі ўвесь час чакаеш чагосьці падобнага!) пачаліся яшчэ ў цягніку «Варшава - Менск». Правадніца - маладая, энэргічная і наўдзіў усмешлівая (для нас, беларусаў, гэта па-ранейшаму болей вынятак, чым норма) - парадавала. Не буду казаць, што я думаю пра тых канструктараў, якія перараблялі стандартныя савецкія чатырохмясцовыя купэ пад «еўрапейскі» вагон на траіх, адзначу толькі, што жанчына, што запаўзала на самую высокую лаву, згадвала брыдкім словам не толькі гэтых канструктараў, але і ўсіх іхных сваякоў да самага далёкага калена. Асабіста для мяне самая вялікая загадка гэтых вагонаў: навошта ў кожным купэ рукамыйніцы, калі ў іх няма вады? Напэўна нейкі тонкі і нават, магчыма, стратэгічны разлік у гэтым ёсць, але вось які - асабіста я пакуль сцяміць не магу. Але гэта, вядома, асабіста мая праблема, а ніяк не канструктараў цягнікоў.

Так, і яшчэ аб вадзе і выгодах у гэтым цягніку. Нягледзячы на тое, што вагоны абсталяваны біяпрыбіральнямі (прынамсі, так сцвярджаецца), паводле кепскай савецкай звычкі гэтыя прыбіральні замыкаюцца ў санітарнай зоне вялікіх гарадоў і на ўвесь час перасячэння польска-беларускай мяжы. На цалкам заканамернае пытанне «Чаму?!» наша ўсмешлівая правадніца патлумачыла, што туалет як «бія» напраўду не працуе, нягледзячы на тое, што «дзесьці там» можа быць напісана. Напраўду гэта самы звычайны туалет, а таму і павінен замыкацца ў санітарных зонах. І адзначыла, што такая сітуацыя ва ўсіх вагонах, а не толькі ў тым, дзе нам пашчасціла ехаць. Пытанне «Як вы маглі выйсці ў рэйс з нядзейнымі біяпрыбіральнямі?» павісла ў паветры. Няма на яго адказу. Так што калі наіўны замежны турыст (гэта такі, які едзе ў нашу выдатную краіну ўпершыню, і ў яго яшчэ няма беларускіх/расейскіх сяброў, якія ўжо патлумачылі яму нюансы) паедзе ў гэтым цягніку, пэўная вастрыня адчуванняў яму гарантаваная яшчэ да пераезду беларускай мяжы. Я заўсёды падазравала, што шок-тур - гэта цымус беларускага турызму. Ганаруся нашай упартасцю ў нежаданні нешта кардынальна мяняць і самім мяняцца.

Таму калі правадніца ў цягніку «Гомель - Менск» у адказ на пытанне аб наяўнасці кандыцыянера ў вагоне пагардліва чмыхнула і сказала нашае кароннае «Зара!», я нават не здзівілася - успрыняла як належнае: да гэтага моманту я правяла на радзіме ўжо больш за тыдзень, і думка пра тое, што ў вагоне можа быць кандыцыянер, мне нават у галаву не прыйшла (хоць, кажуць, у некаторых ёсць) - яна прыйшла маёй маме, якая дакладна ведае, што ў тых вагонах, дзе едзе начальнік цягніка, кандыцыянер ёсць. Выяву вагона дапаўняла адсутнасць кіпеню (а, значыць, гарбаты/кавы) і што капяжы са столі аднаго з туалетаў - ахвотныя (і не надта ахвотныя таксама) прымалі душ: выявілася, што занадта шмат вады залілі ў бакі (можа быць, таму вару і не было?). Але гэта мяне таксама аніяк не здзівіла, некалькі гадоў таму ў лютаўскім Харбіне нам у гатэльным бары не змаглі зрабіць кактэйль з прычыны адсутнасці ... лёду. У гэтым часе ў месце праходзіў фэст снегавых і лядовых скульптур, і пад дзясятак іх стаялі проста перад гатэлем. Было ў гэтай адмове нешта такое да болю знаёмае... Харбін заснавалі расейцы, і нешта роднае ў ім адчуваецца дагэтуль. Будзем спадзявацца, што замежныя турысты не занадта часта (і не ў спякоту) ездзяць цягнікамі паміж Менскам і Гомелем.

У Гомелі мне давялося адбівацца ад аўтобуснай кандуктаркі, якая ўспала на мяне з крыкам «А што гэта Вы робіце?!» у момант, калі я прабівала квіток. «Плачу за праезд у грамадскім транспарце», - збянтэжана адказала я, заўважыўшы, што ўсе пасажыры (на шчасце для мяне, іх было не надта шмат) глядзяць на мяне асуджальна. Выявілася, што ў гомельскіх аўтобусах пры наяўнасці кандуктара квіткі можна купляць толькі ў яго, а касаваць набытыя раней нельга (у Менску льга, і з гэтага я зыходзіла). Але мяне збіць з панталыку не так проста, дый панцыр, што адкінуўся ў Еўропе дзеля непатрэбнасці, на радзіме зноў стаў нарастаць, прычым з уражальнай хуткасцю, так што пільнай кандуктарцы я адказала: «Даўно не была ў Гомелі, адкуль я ведаю, што касаваць квіткі нельга? Вы ж можаце мне растлумачыць гэта спакойна?». Праўда, унутраны голас мне ў гэты момант казаў: «Не, спакойна нельга». На жаль - спакойна сапраўды не вельмі выпадае. Лаюцца ўсе - прадаўцы ў чыгуначных касах, кандуктары ў аўтобусах, праваднікі ў цягніках, мамы крычаць на малых дзяцей, жанчыны - на мужоў і сабак. Мужы выглядаюць панура, сабакам - неяк усё адно, часам адказваюць брэхам.

У гомельскім парку - выдатным, але такім маленькім - 9 траўня мы не знайшлі ніводнага кіёска ці хаця б латка, што гандлюе ахаладжальнымі напоямі або марозівам. Да гэтага прычынілася барацьба за чысціню, разгорнутая ў парку пару гадоў таму. Вынятку не зрабілі нават для дня, калі наведнікі змагаліся за кожнае месца на лаўцы. Прычым сярод наведнікаў былі збольшага людзі паджылыя і з дзецьмі - няўжо было цяжка здагадацца, што ў гарачы дзень шмат каму закарціць піць? І, дарэчы, гандаль на гэтай смазе мог выдатна зарабіць, але чамусьці не стаў. І сапраўды - навошта жыліцца?

Не зразумейце мяне няправільна: я люблю прыязджаць дадому - і ў Менск, і ў Гомель да мамы, і ездзіць па краіне люблю - прыгожая ў нас краіна. Спрактыкаваны погляд прыкмячае дзіўныя рэчы. У цягніку «Менск-Сімферопаль» маладая прыгожая дзяўчына пытаецца: «Цягнік едзе да Сімферопаля? А Сімферопаль - гэта дзе?». «У Крыме». «А, Крым? Гэта ж Украіна?». Я ўздыхаю з палёгкай: добра, што яна ведае, дзе знаходзіцца Крым. Мой сусед у купэ (у яго беларускі пашпарт), даведаўшыся, што я еду да Гомеля, удакладняе: «А Гомель - гэта яшчэ Беларусь ці ўжо Украіна?». Тут ужо ніякай палёгкі, толькі нямое пытанне ў маіх вачах.

Суседка ў купэ, даведаўшыся, што я апошнія (і досыць доўгія) гады жыву па-за радзімай, шчыра спачувае: «Там жа так дрэнна! Сяброў немагчыма знайсці. Лепш за ўсё жыць у Беларусі, мы, беларусы, самыя душэўныя людзі». А я ёй кажу, што калі мы, беларусы, пазбавімся ад міфа пра сябе як пра самых лепшых на свеце людзей, і проста навучымся ўспрымаць сябе такімі, якія ёсць - а сярод нас, як і сярод кожнага іншага народа, сустракаюцца і добрыя, і не вельмі - нам стане значна лягчэй жыць. Бо ў нас будзе ўсё, як у астатніх (не самых лепшых, паводле вызначэння маёй спадарожніцы) родзічаў у Еўропе - зычлівыя праваднікі і кандуктары, дзейныя прыбіральні і астатнія маленькія выгоды, якія робяць наша жыццё камфортным і пакідаюць больш часу на маленькія і вялікія радасці , вызваляючы ад барацьбы за месца пад сонцам. Час барацьбы за побытавыя выгоды даўно прамінуў, толькі мы пакуль яшчэ чамусьці не ведаем.

Напісаць каментар 123

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках