26 красавiка 2024, Пятніца, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Каспараў: «Праз два-тры гады ў Расеі адбудзецца масавы выбух»

50
Гары Каспараў: «Праз два-тры гады ў Расеі адбудзецца масавы выбух»

Шахматыст і палітык лічыць, што ў Расеі завяршаецца працэс пераходу ад дыктатуры адной партыі да дыктатуры аднаго чалавека.

Гары Каспараў - магчыма, лепшы шахматыст у гісторыі чалавецтва - у цяперашні час з'яўляецца адной са знакавых фігур апазіцыйнага руху ў Расеі, піша іспанская газета El País (пераклад - Inosmi.ru).

Дзякуючы сваёй вядомасці, ён меней уразлівы, чым іншыя праціўнікі прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. У цяперашні час гэта самы яркі прадстаўнік расейскай апазіцыі.

Да таго, як іншыя адчулі, у якім кірунку развіваюцца падзеі ў постсавецкай Расеі, Каспараў, натхнёны прыкладамі вядомых дысідэнтаў, папярэдзіў пра тое, што яго краіна скочваецца да дыктатуры. За гэта яго неўзлюбіла расейская ўлада. Але пры гэтым Каспараў таксама стаў і вельмі нязручнай фігурай у Вашынгтоне і іншых сталіцах, якія імкнуцца мець зручныя для сябе адносіны з Расеяй.

Яго дзейнасць засяроджаная ў галіне абароны правоў чалавека. Па гэтым пытанні на мінулым тыдні ён ізноў выступіў з рэзкай крытыкай на Форуме свабоды Осла (Oslo Freedom Forum), адным з заснавальнікаў якога ён з'яўляецца. У інтэрв'ю El País Каспараў кажа пра тую небяспеку, якую Пуцін ўяўляе для Расеі і астатняга свету.

- Што змянілася падчас другога прэзідэнцтва Пуціна? Як ідуць справы?

- Справы ідуць жудасна. У Расеі завяршаецца працэс пераходу ад дыктатуры адной партыі да дыктатуры аднаго чалавека. Гэта дрэнная навіна, але ў той жа час добрая. Бо гэта агонія, рэжым стаў менш гнуткім, у яго менш магчымасцяў для манеўру, ён уваходзіць у апошнюю фазу, якая, думаю, не будзе доўжыцца доўга. Я мяркую, што ў бліжэйшыя два-тры гады мы будзем назіраць масавы выбух, які абыйдзецца краіне вельмі дорага, паколькі Пуцін не сыдзе ў сілу сваёй непапулярнасці і паражэння на выбарах. Пуцін будзе ўтрымліваць уладу да сумнага канца. Расея ўжо прайшла тую фазу, падчас якой была магчымая мірная перадача ўлады.

- У чым складаецца план Пуціна?

- Знаходзіцца ва ўладзе столькі, колькі будзе магчыма.

- Але ў Расеі ёсць Канстытуцыя, законы.

- Так, але ўсё вельмі ўмоўна і можа быць зменена ў адпаведнасці з яго жаданнем застацца ва ўладзе. Яго праўленне ўжо нелегітымнае, паколькі фактычна ён знаходзіцца ва ўладзе чацвёрты тэрмін [ён уключае перыяд прэзідэнцтва Дзмітрыя Мядзведзева], хоць фармальна гэта трэці. Ён паказаў, што Канстытуцыя для яго - не больш, чым кавалак паперы, які ён можа выкарыстоўваць, як ён захоча.

- Як жа ў такім выпадку спыніць Пуціна?

- У 90-гады Расея, рускі народ страцілі вялікую магчымасць сапраўды змяніць становішча спраў. Што тычыцца пуцінскага рэжыму, то тут усё вельмі няпроста. Справа ў тым, што Пуціну буйна пашанцавала, і людзі старэйшага ўзросту лічаць, што яго прэзідэнцтва - значнае паляпшэнне ў параўнанні з ліхімі дзевяностымі.

- Што засталося ад «расейскай вясны», ад пратэстных выступленняў двухгадовай даўніны?

- Яна прынесла пэўныя вынікі, паказаўшы, у прыватнасці, што рэжыму абыякавае меркаванне грамадзян, паказаўшы нелегітымную сутнасць праўлення Пуціна. Нельга сцвярджаць, што пратэстоўцы зніклі. Яны па-ранейшаму вядуць барацьбу. Да снежня 2011 у пратэстных акцыях удзельнічала не больш 4.000 чалавек, сёння іх як мінімум 25.000. А ў найбольш вострыя моманты мы бачылі на вуліцах больш 150.000 чалавек. Гэтага недастаткова, але пратэсты ўжо ідуць, і наша мэта - дамагчыся сапраўды масавых дэманстрацый на вуліцах.

- У гэтым і заключаецца Ваша антыпуцінская стратэгія, у масавых пратэстах?

- Толькі з дапамогай пратэстных выступленняў атрымаецца зрынуць рэжым. Пуцін не аддасць уладу з дапамогай мірнага канстытуцыйнага працэсу.

- Якую ролю гуляеце асабіста Вы ў працэсе звяржэння Пуціна і пасля?

- Я не веру ў тое, што зараз не трэба будаваць асабістых планаў. Я раблю тое, што магу, каб зрынуць рэжым. Як толькі мая краіна стане вольнай, я магу разгледзець розныя варыянты. Але ў мяне было досыць славы на працягу майго жыцця, так што нейкіх асаблівых асабістых чаканняў у мяне няма. Галоўным для Расеі і, дарэчы, для ўсяго астатняга свету, з'яўляецца звяржэнне Пуціна, таму што, знаходзячыся ва ўладзе, ён уплывае на іншыя краіны, уключаючы сваю.

- Якія мэты мае Пуцін у Венесуэле і ў Лацінскай Амерыцы?

- Усе дыктатары, якія існуюць на Зямлі, падтрымліваюць паміж сабой цесныя сувязі, няхай гэта будзе Пуцін, чавісты, Іран, Паўночная Карэя, Сірыя... Яны ўзаемадзейнічаюць, але, што асабліва важна, абапіраюцца адзін на аднаго, паколькі не хочуць пераменаў і баяцца эфекту даміно. Яны баяцца, што ў выпадку падзення аднаго, з праблемамі сутыкнуцца ўсе астатнія.

- Як Вы лічыце, Пуцін спрабуе ўзнавіць савецкую імперыю?

- Не, справа не ў гэтым. Гэта не ідэалогія, гэта грошы. Усё заснавана на грашах і ўладзе, а не на ідэалогіі.

- Яго стасункі з урадам Венесуэлы заснаваныя на грашах?

- У Венесуэлы ёсць грошы. Думаю, што яны, хутчэй, абараняюць адзін аднаго. Таму што, калі Пуцін сыдзе, чавісты страцяць свайго галоўнага саюзніка за мяжой. А калі чавісты не ўтрымаюцца ва ўладзе, то вельмі верагодна, што ўсе лацінаамерыканскія ўрады, якія ідуць у фарватэры яго палітыкі, сутыкнуцца з вялікімі праблемамі.

- Якую пазіцыю зойме Пуцін па крызісу ў Сірыі?

- Ён будзе падтрымліваць Башара Асада да канца, таму што баіцца, што ў выпадку звяржэння Асада многія расейцы могуць падумаць, што Пуціна таксама можна скінуць. Такое вялікае братэрства дыктатараў, якія будуць абараняць адзін аднаго да канца.

- Такім чынам, цяперашнія перамовы з ЗША па Сірыі - гэта ўсяго толькі фарс?

- ЗША - супердзяржава, і Пуціну неабходна супакоіць расейскую бюракратыю, занепакоеную тым, што яе інтарэсы належным чынам не забяспечаныя ў ЗША і Еўропе. Пуцін спрабуе весці перамовы з ЗША, каб пагасіць рэзананс ад справы Магніцкага. Такая яго адзіная мэта. Інтарэсы ў іх розныя. У крытычны момант Пуцін не прапануе ніякага канструктыўнага рашэння па сітуацыі на Блізкім Усходзе, таму што яго інтарэсы абсалютна іншыя. Мы хочам зніжэння коштаў на нафту, каб адбылося ажыўленне сусветнай эканомікі. А Пуцін хоча іх росту, каб ён сам, чавісты і іранскія кіраўнікі ўтрымаліся ва ўладзе.

- У такім выпадку, Вы лічыце памылковай палітыку Адміністрацыі Барака Абамы, якая вядзе з ім дыялог?

- Не ведаю. Думаю, гэта застарэлая праблема. 75 гадоў таму назад свет спрабаваў улагодзіць Гітлера, а цяпер такая ж палітыка прымірэння праводзіцца ў дачыненні да Пуціна. З дыктатарамі нельга весці перамовы. Гэта не спрацавала 75 гадоў таму назад, не спрацуе і цяпер.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках