8 траўня 2024, Серада, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: Дзяржава не хоча здабываць урокаў з трагедыі на Нямізе

19

Сёння - чатырнаццатая гадавіна трагедыі на станцыі метро «Няміга».

Праваабаронца Алег Волчак, які прадстаўляў інтарэсы пацярпелых, распавёў «Салідарнасці», чаму менскія ўлады не змаглі забяспечыць бяспеку людзей 30 траўня 1999 года.

А таксама пра тое, як рыхтаваўся першы ў гісторыі сувярэннай Беларусі грамадзянскі пазоў, адказчыкам па якім выступала дзяржава, і чаму пацярпелыя так і засталіся ні з чым.

Олег Волчек: Государство не хочет извлекать уроков из трагедии на Немиге

- Як вядома, у цісканіне ў падземным пераходзе метро «Няміга" загінула 53 чалавекі,-успамінае Алег Волчак. - Акрамя таго, афіцыйна прызнана, што цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 34 чалавекі, менш цяжкія - 59, лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя, - 74, людзей, якія атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі расстройства здароўя, - 59, і яшчэ было 37 чалавек, якія адчулі фізічны боль. Гэтыя дадзеныя ўтрымліваліся ў крымінальнай справе, якая была ўзбуджаная пасля трагедыі.

Праз некалькі тыдняў пасля няшчасця бацькі загінулых звярнуліся да праваабаронцаў. У прыватнасці, у дзеючую тады «Прававую дапамогу насельніцтву». Я асабіста прадстаўляў інтарэсы сям'і Іньковых, у якіх на Нямізе загінула дачка. Чаму людзі пайшлі да праваабаронцаў? Справа ў тым, што праз некаторы час пасля трагедыі стала зразумела: улада паспрабуе спусціць гэтую справу на тармазах. Гэта стала зразумела пасля выступлення Лукашэнкі, які сказаў, што ва ўсім вінаватая непагадзь і самі загінулыя, якія нібыта знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. І гэта пры тым, што медыцынскія экспертызы казалі пра тое, што сярод загінулых п'яных не было.

Мы ўзяліся за ўласнае расследаванне абставінаў трагедыі.

- Што высветлілі?

- Па-першае, што з боку асоб, адказных за забеспячэнне правапарадку на тым масавым мерапрыемстве, была дапушчаная службовая халатнасць. Па-другое, стала зразумела, што раз дзяржава не змагла забяспечыць бяспеку людзей, то наступае так званая «грамадзянская адказнасць» з боку ўладаў за тое, што адбылося. Таксама высветлілі, што крымінальная справа па факце гібелі грамадзян будзе расследавацца не менш за паўтары гады, а таму вырашылі падаць грамадзянскі пазоў.

У якасці адказчыкаў фігуравалі Менгарвыканкам (таму што з ведама чыноўнікаў гэта масавае мерапрыемства было дазволена ГУУС Менгарвыканкама, як структурнаму падраздзяленню, якое адказвае за бяспеку), і арганізатары канцэрту ТАА «Клас клуб Джазкрафт».

У Канстытуцыі краіны напісана, што дзяржава абавязаная забяспечваць бяспеку сваіх грамадзян, жыццё, згодна з Канстытуцыяй з'яўляецца вышэйшай каштоўнасцю, якая ахоўваецца дзяржавай. Таму пазоў быў пададзены.

У якасці кампенсацыі за жыццё дачкі сям'я Іньковых хацела спагнаць суму эквівалентную 55 тысячам даляраў ЗША. Лічба бралася не са «столі». Мы зыходзілі з сумы сярэдняй зарплаты і пенсіі ў краіне на той момант: вылічылі, якую суму беларус можа зарабіць за ўсё жыццё.

Гэта быў першы ў гісторыі суверэннай Беларусі выпадак, калі грамадзяне судзіліся з дзяржавай з-за страты блізкіх.

Аднак пазоўнікі адразу сутыкнуліся з праблемай: пазоўную заяву адмовіліся разглядаць да таго часу, пакуль не будзе разгледжаная ў судзе крымінальная справа аб падзеях на «Нямізе».

- Як расследавалася гэта справа?

- Яе расследавала Генеральная пракуратура. З самага пачатку канкрэтных абвінавачаных ў следства не было, сама справа была ўзбуджаная «па факце гібелі людзей». Лічу, што справа была расследаваная аб'ектыўна: у пракуратуры прыйшлі да высновы, што мела месца «бяздзейнасць з боку службовых асобаў».

У прыватнасці, да адказнасці прыцягнулі начальніка ГУУС Віктара Русака і начальніка аддзела па правядзенні масавых мерапрыемстваў Менгарвыканкама Міхаіла Кандраціна. Ім прад'явілі абвінавачанні па артыкуле «Бяздзейнасць улады». З матэрыялаў крымінальнай справы зразумела, што праваахоўнікі не былі гатовыя забяспечыць бяспеку людзей.

У справе маюцца звесткі аб тым, што ў міліцэйскім «Плане забеспячэння грамадскага парадку, дарожнай і асабістай бяспекі грамадзян» падчас правядзення піўнога свята адсутнічалі звесткі пра чаканую колькасць удзельнікаў і гледачоў, не было прадугледжанае медыцынскае забеспячэнне; не былі вызначаныя склад і колькасць міліцэйскіх сіл і сродкаў; месца іх размяшчэння; не былі вызначаныя задачы міліцэйскіх нарадаў; не былі прызначаныя адказныя за арганізацыю нясення службы; не былі акрэсленыя шляхі адыходу пешаходных патокаў, парадак рэгулявання іх руху; не быў вызначаны парадак выхаду ўдзельнікаў пасля заканчэння мерапрыемства і парадак эвакуацыі ў выпадку неабходнасці.

Атрымліваецца, што людзі былі вырачаныя. Міліцыя не была гатовая забяспечыць бяспеку.

Гэта справа расследавалася тры гады, і ў выніку была перададзеная ў суд Цэнтральнага раёна. Яе разглядаў асабіста старшыня суда.

Але ў 2002-м у краіне ўступіў у сілу новы Крымінальны Кодэкс. Справа была спыненая з прычыны заканчэння тэрмінаў пазоўнай даўніны, але для спынення справы абвінавачаныя былі вымушаныя прызнаць сваю віну, што і было зроблена.

- Які лёс грамадзянскага пазову?

- Ён не быў задаволены. У ходзе слуханняў прадстаўнікі Менгарвыканкама настойвалі на тым, што аказалі матэрыяльную дапамогу, звязаную з пахаваннем загінулых, былі выдзеленыя сродкі на кветкі.

Мы настойвалі на тым, што ўсё вышэйпералічанае - добрая воля гарадскіх уладаў, але яны павінны адказаць за смерць людзей, а не адкупляцца «труннымі», якія і так кожнаму з нас пакладзеныя па законе. Мы хацелі, каб улада прызнала, што не змагла забяспечыць бяспеку людзей, што яна вінаватая тым, што адбылося.

Сам працэс праходзіў у нервовай абстаноўцы. На пазоўнікаў ціснулі прадстаўнікі ўлады, маўляў, чаго вы хочаце, вы нічога не даб'ецеся. Тады бацькі прынеслі ў залу судовых пасяджэнняў партрэты загінулых дзяцей. Яны глядзелі ў вочы суддзі Гусаковай, трымаючы іх у руках.

Не ведаю, што адчувала ў той момант гэтая жанчына, але пазоў задаволены не быў.

Калі б здарылася наадварот, то афіцыйна вінаватай станавілася б дзяржава, а гэтага суду дапусціць было нельга. У прыватных размовах прадстаўнікі ўлады казалі, што ў выпадку задавальнення хаця б аднаго такога пазову прыйдзецца выплачваць грашовую кампенсацыю, а пацярпелых па справе сотні і грошай на ўсіх не хопіць. Вядома, гэта цынізм на дзяржаўным узроўні.

Олег Волчек: Государство не хочет извлекать уроков из трагедии на Немиге

Цынізм выяўляўся і потым, калі чыноўнікі спрабавалі зацерці памяць людзей. Сваякам загінулых да пэўнага часу прыйшлося літаральна дняваць і начаваць у пераходзе метро, каб не даць зрываць са сцен фатаграфіі сваіх блізкіх, сціраць памятныя надпісы, забіраць свечкі... Улады яшчэ тады, у 1999-м, паабяцалі, што на месцы трагедыі будзе ўзведзеная капліца, а наўзамен запатрабавала прыбраць фатаграфіі са сцен пераходу. Як вядома, капліцы на месцы трагедыі няма да гэтага часу.

- Вы выступаеце за прыняцце закона, які абараняе ахвяраў падобных трагедый. Што гэта павінен быць за дакумент?

- Пасля трагедыі на Нямізе грашовыя выплаты пацярпелым ішлі на ўзроўні выканкамаў. Хтосьці атрымаў 5 базавых, хтосьці пуцёўку ў санаторый. Яшчэ адразу пасля трагедыі былі адкрытыя дабрачынныя рахункі. Аднак колькі сродкаў туды паступіла і як яны размяркоўваліся - і па сённяшні дзень застаецца загадкай. Публічна гэта не абмяркоўвалася.

Я перакананы, што ў Беларусі на заканадаўчым узроўні павінен быць прыняты закон, у якім гэта было б дакладна прапісана.

Пасля трагедыі на Нямізе ў краіне былі выбухі ў Віцебску і Менску, тэракт у метро. Ахвяры ўсіх гэтых трагедый бяспраўныя і бездапаможныя. Таму ў Беларусі павінен быць распрацаваны дакумент аб бяспецы грамадзян у мірны час, дзе павінна быць дакладна распісана, што і як рабіць у падобных выпадках.

А менавіта: хто прызнаецца пацярпелым, хто нясе адказнасць за тое, што здарылася ў выпадку трагедыі, як і з якіх крыніц, а таксама ў якім памеры павінна аказвацца дапамога пацярпелым.

Пакуль такога дакумента няма, складаецца такое адчуванне, што дзяржава не хоча здабываць урокі з тых трагедый, якія ўзрушылі краіну.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках