2 траўня 2024, Чацвер, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як зэканоміць на куплях за мяжой?

11
Як зэканоміць на куплях за мяжой?

Чатыры спосабы вярнуць такс-фры: на мяжы, з дома, перавесці на картку, прама на месцы.

Набліжаецца сезон адпачынкаў, а разам з ім і сезон замежнага шопінгу. На якім, дарэчы, можна зэканоміць. Многія краіны (усяго 32) лічаць, што турыстам з-за мяжы зусім не абавязкова плаціць ПДВ (падатак на дабаўленую вартасць), а значыць, гэтую суму пакупніку можна вярнуць. У выніку набыцці могуць абыйсціся вам на 20% танней. Галоўнае - правільна запоўніць усе паперы, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Што трэба зрабіць, каб вярнуць такс-фры?

З сістэмай такс-фры (даслоўна з англійскай - «без падатку») працуюць не ўсе крамы, але большасць буйных супермаркетаў і гандлёвых цэнтраў даўно ўжо даюць пакупнікам магчымасць вярнуць падатак. Тыя месцы, дзе працуе сістэма такс-фры, пазначаныя блакітным значком з надпісам Tax Free Shopping. Такія налепкі павінны быць і на дзвярах крамы, і каля кас.

Для пачатку ў краму трэба з'явіцца з пашпартам - без яго вам не змогуць аформіць спецыяльны чэк такс-фры. Затарыцца ў краме прыйдзецца на пэўную суму: у кожнай краіне свой ліміт (некаторыя з іх ёсць у нашай таблічцы). А потым на касе трэба сказаць прадаўцу запаветнае слова «такс-фры». Пасля гэтага ён або запоўніць спецыяльны бланк сам, або адправіць вас на асобную стойку, дзе аформяць патрэбныя паперы.

У бланку павінны быць вашы пашпартныя дадзеныя, хатні адрас, колькасць набытага тавару, сума, якую вы патрацілі, сума такс-фры, якую вам павінны вярнуць на выездзе з краіны, а таксама дата, калі вы здзейснілі куплю. Абавязкова праверце ўсе дадзеныя! Інакш з вяртаннем такс-фры могуць быць праблемы. Дарэчы, чэк, які вам далі на касе, павінен быць прымацаваны да бланка.

Чатыры спосаба вярнуць такс-фры

Спосаб першы. На мяжы.

Гэты варыянт, мабыць, самы распаўсюджаны, але падыходзіць ён у асноўным для тых, хто вяртаецца дадому на самалёце або на машыне.

У аэрапорце спачатку трэба зарэгістравацца на рэйс (гэта служыць доказам таго, што вы сапраўды збіраецеся пакінуць краіну), а потым - знайсці акенца мытні, дзе вам паставяць штамп на чэк такс-фры. Лепш загадзя даведацца, дзе яно знаходзіцца, каб не блукаць па аэрапорце. А яшчэ майце на ўвазе, што жадаючых вярнуць свае грошыкі звычайна дастаткова, так што ў аэрапорт лепш прыехаць загадзя. У акенцы вас могуць папрасіць прад'явіць куплі, таму іх лепш не здаваць у багаж, а ўзяць з сабой у ручную паклажу.

Пасля таго як штампы пастаўленыя, трэба знайсці пункт вяртання такс-фры. Але нават калі ў аэрапорце іх некалькі, грошы ў любым з іх атрымаць не выйдзе. Справа ў тым, што акенцы гэтыя могуць належаць розным кампаніям па вяртанні такс-фры, а атрымаць грошы можна толькі ў той, якая супрацоўнічае з крамай, дзе вы закупляліся. Так што знайдзіце патрэбны пункт вяртання, пастойце ў яшчэ адной чарзе - і вось вы зноў пры грошах!

Дарэчы, калі вы вяртаецеся дадому з Еўразвяза, то ставіць штампы на чэкі і атрымліваць грошы трэба на самай апошняй еўразвязнай мяжы. Напрыклад, вы адпачывалі ў Рыме, адтуль рэйс у вас да Вільні, а з Вільні вы едзеце дадому на цягніку. У гэтым выпадку штамп на чэкі трэба будзе ставіць у цягніку на літоўска-беларускай мяжы. А калі вы ляціце з Рыма напрамую ў Менск, то разабрацца з такс-фры трэба будзе ў рымскім аэрапорце.

Калі дадому з адпачынку вы едзеце на машыне, то на пункце пропуску на мяжы трэба адпраўляцца ў чырвоны калідор. Там вашыя чэкі праштампуюць, а грошы можна атрымаць тут жа, у пункце вяртання. Сапраўды гэтак жа можна атрымаць такс-фры, калі едзеце вы на аўтобусе. А вось калі з адпачынку вы вяртаецеся цягніком, то атрымліваць такс-фры прыйдзецца ўжо ў Беларусі. Самае галоўнае - не забудзьцеся папрасіць мытнікаў на мяжы паставіць вам штампы на чэкі. І абавязкова праверце, каб дата на штампе была дакладнай, інакш з вяртаннем могуць быць праблемы.

Спосаб другі. З дому.

Адзіная арганізацыя, якая займаецца вяртаннем такс-фры ў Беларусі, - Тэхнабанк. Разам з чэкамі і пашпартам трэба прыйсці ў адно з аддзяленняў банка (на Крапоткіна, 44, Мельнікайтэ, 8 або ў гандлёвым цэнтры «Замак» на пр. Пераможцаў, 65). Абыйдзецца вяртанне бясплатна, а належную вам суму пералічаць і вернуць у еўра.

Спосаб трэці. Пераводам на картку.

Для гэтага трэба выслаць свае правільна аформленыя чэкі са штампам у кампанію па вяртанні такс-фры, з якой супрацоўнічае крама, дзе вы закупляліся. Патрэбны адрас паказаны на самім чэку такс-фры. Праўда, у гэтым выпадку банк утрымае камісію за перавод.

Спосаб чацвёрты. Прама на месцы.

Гэты зручны варыянт працуе далёка не ўсюды, але некаторыя еўрапейскія крамачкі яго практыкуюць. Прадавец аформіць ваш чэк такс-фры і раскажа, дзе ў горадзе ёсць пункты вяртання (а то і зусім аддасць усю суму на месцы). Усё, што вам трэба будзе зрабіць потым, - паставіць на чэк мытны штамп і закінуць яго ў спецыяльную скрыню ў аэрапорце або на вакзале.

Некаторыя крамы практыкуюць яшчэ адзін спосаб вярнуць падатак сваім замежным пакупнікам. Праўда, падыходзіць ён хутчэй для тых, хто рэгулярна ездзіць за мяжу за куплямі ў адну і тую жа краму. Пры перасячэнні мяжы трэба папрасіць мытнікаў паставіць штамп на самы звычайны касавы чэк. Калі ў наступны раз вы вернецеся ў тую ж краму, захапіце чэк з сабой - і грошы вам вернуць прама там. Але лепш загадзя ўдакладніць у менеджэраў крамы, ці працуюць яны з такой схемай вяртання ПДВ.

Колькі грошай вам вернуць?

Палічыць самому гэта даволі складана, таму што кампаніі, якія займаюцца вяртаннем такс-фры, бяруць за свае паслугі пэўны адсотак. Таму вам вернуць не ўвесь падатак цалкам, а нейкую яго частку. Акрамя таго, на розныя віды тавараў падатак таксама можа быць розным. У інтэрнэце ёсць спецыяльныя калькулятары, якія дапамогуць прыкладна ўявіць, колькі грошай можна будзе вярнуць пасля шопінгу. Такі калькулятар ёсць на сайце кампаніі Global Blue (адной з найбуйнейшых кампаній па вяртанні такс-фры). Напрыклад, вы выдаткавалі ў Польшчы 400 злотых (каля 120 даляраў). Калькулятар кажа: вярнуць атрымаецца 53 злотых (16 даляраў). Але трэба памятаць, што сумы гэта прыблізныя.

Каб з вяртаннем такс-фры не ўзнікла праблем, замежныя куплі трэба пакідаць некранутымі - з усімі біркамі і ва ўпакоўцы. Калі рэч ужо будзе выкарыстаная, падатак вам могуць і не вярнуць. А раптам вы на самой справе купілі яе не тут?

Што трэба ведаць пра такс-фры ў папулярных турыстычных краінах?

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках