2 траўня 2024, Чацвер, 12:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Дзянісаў: Алесь Дзянісаў: У Беларусі надыдзе свой ​​час «Салідарнасці»

3
Алесь Дзянісаў: Алесь Дзянісаў: У Беларусі надыдзе свой ​​час «Салідарнасці»

Лідэр гурта «Людзі на балоце» лічыць, што ў Беларусі знойдзецца ідэя, куды большая, чым танная каўбаса, якая зможа аб'яднаць народ.

Гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў шмат выступае, як сольна, так і з сваімі музычнымі праектамі. Раней у яго быў гурт «КальЯн», які ў свой час зрабіў пераварот у беларускай панк-музыцы, але пасьля адзначэньня 15-годзьдзя каманды яго дзейнасьць была прыпыненая і Алесь ушчыльную заняўся акустычным праектам «Людзі на балоце». Выступы праходзяць звычайна у фармаце кватэрніка, аднак прэм’ера першага альбому «Людзей» адбылася летась у гарадзенскім драмтэатры і сабрала аншлаг. Нядаўна Дзянісаў прыехаў разам з калегамі у Менск, каб даць сумесны канцэрт зь дзявочым польскім фольк-панк гуртом Pochwalone, аднак замежныя госьці не атрымалі беларускія візы. Канцэрт вырашылі не адмяняць – «Людзі на балоце» сыгралі сваю заплянаваную праграму, што складаецца з аўтарскіх рэчаў антыбальшавіцкай тэматыкі ды песень на вершы паэтаў Заходняй Беларусі.

Лідэр гурта даў інтэрв'ю сайту charter97.org.

- Што паўплывала на тое, што ты апынуўся на сцэне?

- На гэта паўплывалі тры чыньнікі. Найперш – рускі рок, паняцьце пад якое тады падпадалі ня толькі гурты з Расеі. Другое – гэта трэш-мэтал. На пачатку 90-х ,бадай што, ўсе ў маім асяродку пачуваліся «мэталістамі». Нас прываблівала гэта музыка ды сацыяльныя тэксты. Памятаю, як перакладалі словы з «Маster of Puppets», каб зразумець пра што пяе Metallica. Трэці ўплыў – польскі рок, запісы якога траплялі да нас у Горадню. А вось беларускі рок з самымі першымі гуртамі «Бондай» ды «Мрояй» дайшоў да мяне пазьней ужо.

- Значная частка песень «КальЯну» была на сацыяльную і пратэстную тэматыку. Ці адчуваеш, што ў грамадзтве запатрабаваныя тэмы, пра якія ты пяеш?

- Згадаю зноў часы юнацтва. У Горадні была прэм’ера фільма «Асса», дык пры канцы, калі там Цой выходзіць, уся моладзь у кінатэатры ўзьнялася з сваіх месцаў і стала сьпяваць разам зь ім. Зараз, канечне, нерэальна такое ўявіць. Мяркую, што цяпер моладзь мала цікавіць пратэстная тэматыка. Маладыя людзі жывуць у сваіх маленькіх сусьветах, пра праблемы ў грамадзтве яны не задумваюцца і не разглядаюць магчымасць пераменаў. Нават хутчэй яны не дапускаюць нават думкі, што нешта магчыма памяняць.

- У такім разе чаму ты і твае праекты застаюцца на плаву ўжо больш за 15 год?

- Пра гэта я сам ніколі не задумваўся. Нядаўна вось у размове з музыкамі задаліся пытаньнем, для чаго мы гэта ўсё робім, і адказ прыйшоў сам па сабе ясны – для сябе. Робіш найперш для сябе, а калі гэта знаходзіць водгук у сэрцах іншых людзей, дык гэта вельмі прыемна.

- У цябе ёсьць песьня «Барацьба». Ты сам не стаміўся ад вечнага змаганьня, супрацьстаяньня, супрацьпастаўленьня сябе грамадзтву?

- Прытамляе трохі з таго пункту гледжаньня, што калі ты пачынаеш рабіць нешта іншае, дык за табой усё адно цягнецца гэты шлейф. Зараз нам, напрыклад, сказалі, што канцэрт у Горадні тых жа «Людзей на балоце» ці гурта Dziecuiki зладзіць у бліжэйшы час наўрад ці будзе магчыма. Ад змаганьня я не адмоўлюся, бо гэта частка мяне. Але асоба ня можа быць чорна-белай. Таму мы ўзяліся за зусім «не змагарскі» матэрыял, адрозны ад таго, што рабілі раней.

- Няўжо ніколі не хацелася спакою, працы з соцпакетам і лецішча за горадам?

Мне позна ўжо змагацца за сацыяльны пакет у 38 год. Я ўжо зрабіў свой выбар. Разумею, што ў школу, у якой я прапрацаваў 10 год настаўнікам, мяне ўжо ня возьмуць. Калі б нават я таго пажадаў. Настаўнікі ў нас працуюць не дзеля дзетак, а дзеля пэўных паказьнікаў і праграмаў. Яны вымушаны пільнаваць, каб уступалі ў піянэрыю ды ў БРСМ, выконваць ідэалягічную функцыю. Я хадзіў зь дзеткамі ў дзённыя паходы, але мяне абавязвалі прыводзіць шасьціклясьнікаў на паказ нейкага незразумелага фільма з абавязковай палітінфармацыяй на пачатку. Так сталася, што сёньняшняя сыстэма адукацыі страціла тое лепшае, што было за савецкім часам і пры гэтым нічога не ўзяла ад адукацыі замежнай.

- Патлумач на прыкладзе таго прадмета, які ты выкладаў.

Я выкладаў гісторыю і грамадзкія навукі. Зараз гісторыю давялі да таго, што дзеці яе проста «зубраць». Але ж гэта не замежная мова, якую сапраўды трэба завучваць. Гісторыя ж мае некалькі поглядаў, гэта ж Гегель яшчэ вывеў гэты прынцып. А дзеці вымушаныя для таго, каб здаць тэставаньне, проста завучваць пэўныя даты. І нікому ня трэба, каб яны паспрабавалі разабрацца ў сутнасьці падзеі. Я ўжо не кажу пра стаўленьне да гісторыі Беларусі. Падручнікі па гэтым прадмеце перапісваюць такім чынам, што Каліноўскі робіцца бандытам, выразаюць цэлыя кавалкі, пра якія варта казаць…

- Візытоўка гурта «КальЯн» – песьня «Радыёактыўны сьнег». Бачна, што цябе гэта тэма хвалюе. Як табе жаданьне ўладаў пабудаваць другую АЭС у Беларусі?

Мне страшна, шчыра скажу. Усё робіцца, як найхутчэй, бо ў людзей плян гарыць. Калі заявілі пра пабудову першай АЭС у Беларусі, было адразу ясна, што нармальнага тэндэру ня будзе і возьмуцца будаваць расейцы. Я не бяруся разьлічыць наколькі АЭС вырашыць пытаньне энэргетычнай незалежнасьці. Але пэўны ў тым, што ўсё адно мы будзем сядзець на кручку і залежыць ад Расеі. Куды ж мы будзем вывозіць адкіды, напрыклад? Ці не ў Расею? Мне шкада, што ў нас зусім не разьвіваецца альтэрнатыўная энэргетыка. Я не бачу ў нас зрухаў у гэтым кірунку, хоць у суседняй Польшчы гэтай тэмай відавочна пераймаюцца. Там ветракі паўсюль стаяць.

- Сёньня ты бачыш сэнс у адкрытым выказваньні пратэста?

- Масавасьці ў гэтым кірунку чакаць у бліжэйшы час не выпадае. Тыя ж «маўклівыя акцыі» у Горадні засьведчылі пра гэта. Максымум можа сабрацца дзьве-тры тысячы чалавек, хоць у горадзе жыве 360 тысяч. Людзі ня могуць аб’яднацца, хоць незадаволеных мноства. Але ў большасьці сваёй яны ня могуць адказаць чым канкрэтна незадаволены. Тое, што ў Польшчы каўбаса таньней, чым у нас, наўрад ці можа быць аб’яднальнай ідэяй. Пагаршэньне эканамічнай сытуацыі адбываецца патрошкі, таму ўсе прызвычайваюцца і далей за «кухонны бунт» справа ня ідзе.

- Што ў гэтай сытуацыі дае надзею асабіста табе?

- Я – рамантык, ідэаліст і гуманіст, таму веру ў людзей. І веру ў тое, што знойдзецца ідэя, куды большая за бульбу і танную каўбасу, якая можа аб’яднаць. Як у свой час тое было ў Польшчы ў час «Салідарнасьці», у ірляндцаў ці ў баскаў. Калі людзі ўсьведамляюць сябе адзіным цэлым і маюць проста чалавечае пачуцьцё гонару. Тое, што мы можам рабіць зараз – гэта спрыяць культурнаму адраджэньню і раней ці пазьней зьявяцца рэчы, якія здолеюць аб’яднаць беларусаў, якіх і без таго падзялялі, а яны яшчэ і дзеляцца міжасобку ды робяць тычкі. Зараз я не хачу быць прыналежным да правых ці да левых. Праблемы трэба вырашаць усім разам.

Людзі на балоце – Зброя (на словы Анджэя Пачобута)

Размаўляў Сяргей Будкін, спэцыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках