2 траўня 2024, Чацвер, 10:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад пагрозай закрыцця 85% ІП Віцебска

87
Пад пагрозай закрыцця 85% ІП Віцебска

Выкананне тэхнічных рэгламентаў МС можа прывесці да фактычнай ліквідацыі прадпрымальніцтва ў Віцебску.

Ад 80 да 90 адсоткаў гандлёвых кропак на рынках і ў гандлёвых цэнтрах «Полацкі», «Смаленскі», «Эвіком», «Паўднёвы», «Чкалаўскі», «Прывакзальны», «Кантынент» і «Беларусь» у Віцебску 6 чэрвеня былі зачыненыя . Працавалі толькі прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы (ПУП) (і тое не ўсе, некаторыя таксама былі зачыненыя) і кропкі, якія рэалізуюць прадукты.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі, якая прайшла 10 чэрвеня ў менскім офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), распавяла Ірына Яскевіч, старшыня арганізацыйнай групы па стварэнні беларускага прафсаюза «Разам», паведамляе ucpb.org.

«Яшчэ ў снежні 2012 года, правёўшы сход, мы звярнуліся да кіраўніцтва вобласці, у абласныя органы Дзяржстандарту, да дэпутатаў абласнога сходу і кіраўніцтва вобласці, - паведаміла Ірына Яскевіч. - Мы эканамічна даказвалі, што індывідуальныя прадпрымальнікі не ў стане атрымаць тэхнічныя сертыфікаты, таму што індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) не з'яўляюцца вытворцамі альбо аптовымі гандлярамі. Усё, чаго мы дамагліся агульнымі намаганнямі, - адтэрміноўкі выканання гэтага рашэння (па ўвядзенні тэхрэгламенту) на паўгода. Далей мы звярталіся ў нацыянальныя органы Дзяржстандарту, у адміністрацыю прэзідэнта. Аднак на нашы звароты сур'ёзнай увагі не звярнулі. З 1 ліпеня тэхнічны рэгламент будзе абавязковым для ІП».

Тэхнічны рэгламент патрабуе наяўнасці сертыфіката бяспекі вызначанага стандарту Мытнага саюза. Калі ІП закупляе тавар у Расеі, то з таварам атрымлівае сертыфікат РФ, а дома ў РБ неабходна яго пацвердзіць, за што заплаціць 1 млн. 200 тысяч. Улічваючы, што партыі, закупляюцца ІП, гэта 5-10 адзінак тавару, то 1 млн. 200 тысяч вядзе да рэзкага падаражэння прадукцыі.

«Мы падлічылі, што гэта азначае, - сказала Ірына Яскевіч. - Каб захаваць мінімальны асартыментны пералік на гандлёвай кропцы плошчай 6 кв. метраў, неабходна выплаціць за афармленне гэтых сертыфікатаў у мэтах выканання тэхнічнага рэгламенту каля 60 млн. рублёў».

Калі да 1 ліпеня ўмовы не будуць змененыя, то да 85% ІП Віцебска будуць вымушаныя прыпыніць сваю дзейнасць.

Нагадаем, 6 чэрвеня віцебскія індывідуальныя прадпрымальнікі на 1 дзень прыпынілі сваю працу ў надзеі прыцягнуць увагу да праблемы немагчымасці афармлення сертыфікатаў у мэтах выканання тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза.

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках