17 траўня 2024, Пятніца, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску бастуюць прадпрымальнікі

152

(абноўлена - 17:50) Прадпрымальнікі пратэстуюць супраць патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза.

На ўсіх рынках горада значная частка гандлёвых месцаў пустуе.

Прадпрымальнікі заявілі пра правядзенне «аднадзённага папераджальнага спынення працы», перадае «Радыё Свабода».

Гэта акцыя пратэсту супраць патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза, якія прадпрымальнікі лічаць чарговым вымагальніцтвам грошай.

Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» прадугледжвае дакументальнае пацвярджэнне якасці тавараў. У тым ліку тых, што ўвозяцца ў Беларусь з Расеі, хоць гэта адзіная мытная прастора.

Каб атрымаць неабходныя дакументы, трэба або пацвердзіць расейскую сертыфікацыю якасці, або аддаць частку тавару на спецыяльную экспертызу. Старшыня арганізацыйнай групы па стварэнні прафсаюза індывідуальных прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч адзначыла:

«Калі ў нас адзіная мытная прастора, і калі нейкі тавар выраблены ў Расеі, то чаму мы тут, у Беларусі, павінны нанова пацвярджаць якасць такога тавару? Каштуе гэта, між іншым, больш за мільён рублёў. Калі ж мы прадаем тавар, выраблены за межамі Мытнага саюза, то павінны заплаціць за тэхнічную экспертызу кожнага віду прадукцыі. А гэта яшчэ вялікія грошы, не кажучы ўжо пра іншыя выдаткі. Уявіце: чалавек гандлюе сарочкамі, набывае па 10 адзінак рознага фасону. З гэтых 10-ці ён павінен 5 адзінак аддаць на экспертызу, з іх 3 яму вернуць назад, а 2 сапсуюць, правяраючы хімічнымі рэчывамі. Гэта абумоўлена правіламі. Адпаведна, прадпрымальнік заплаціць грошы за экспертызу, а кошт двух сапсаваных рэчаў павінен «раскінуць» на астатні тавар, каб пакрыць выдаткі. Значыць, усё аўтаматычна падаражэе. Гэта адаб'ецца і на пакупніках, і на нашых продажах».

«Полацкі рынак» у Віцебску. Фота: «Радыё Свабода»

Віцебскія прадпрымальнікі палічылі, што дакументы аб адпаведнасці тэхнічныму рэгламенту будуць каштаваць ад 40 да 70 мільёнаў для кожнага - у залежнасці ад разнастайнасці асартыменту. Адзіная магчымасць зэканоміць - гэта «звузіць» асартымент, што таксама закране інтарэсы пакупнікоў.

І грашовыя выдаткі, і верагодныя чэргі ў цэнтр стандартызацыі, дзе ёсць адзіная ў галіне лабараторыя, і неабходнасць страціць частку тавару на тэхнічныя даследаванні, прычым з невядомым вынікам, - усё гэта прадпрымальнікаў не задавальняе. Таму яны і пратэстуюць, спрабуючы звярнуць на сябе ўвагу кіраўніцтва краіны.

Першапачаткова гэты рэгламент павінен быў уступіць у сілу яшчэ з 1 студзеня 2013 года. Але пасля мінулай хвалі незадаволенасці была прадастаўленая адтэрміноўка - да 1 ліпеня. Але прадпрымальнікі жадаюць не новыя адтэрміноўкі, а перагляду ўмоваў тэхнічнага рэгламенту. Галоўным чынам, каб не трэба было пацвярджаць якасць расейскіх тавараў, ці тых, якія імпартуюцца ў Расею і ўжо на расейскім памежжы Мытнага саюза праходзяць кантроль якасці.

Бо паўторныя праверкі прадпрымальнікі лічаць ні чым іншым, як спробай за іх кошт папоўніць дзяржаўны бюджэт.

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні РГА «Перспектыва» Анатоль Шапавалаў, прадпрымальнікі гатовыя да арганізаванага пратэсту.

«Калі не будзе прынятае кампраміснае рашэнне, прадпрымальнікі гатовыя да нявыплаты падаткаў з 1 ліпеня», - падкрэсліў ён.

«Мы выступаем за тое, каб самі вытворцы пацвярджалі якасць свайго тавару, як гэта адбываецца ў цывілізаваных дзяржавах, напрыклад Еўразвяза. Тавары з трэціх краін ужо павінны ісці са знакам адпаведнасці, для гэтага трэба, каб прадстаўнікі органаў стандартызацыі Мытнага саюза прыязджалі да іх і правяралі абсталяванне, якасць прадукцыі і давалі сертыфікат адпаведнасці якасці, скажам, на пяць гадоў. У нас жа хочуць, каб прадпрымальнікі самі здавалі тавар, напрыклад, расейскай, кітайскай, турэцкай вытворчасці на экспертызу», - рэзюмаваў намеснік старшыні «Перспектывы».

Напісаць каментар 152

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках