Financial Times: Палітычная эміграцыя пазбавіць Расею геніяў
72- 15.06.2013, 10:30
- 30,347
Расея, магчыма, знаходзіцца на парозе чацвёртай хвалі эміграцыі.
Пра гэта піша карэспандэнт Financial Times Чарльз Кловер. Апошнія «ўцёкі» эканаміста Сяргея Гурыева, а таксама пастанова апазіцыянера і шахматыста Гары Каспарава не вяртацца на радзіму могуць адрадзіць «адыёзную традыцыю выгнання» інтэлектуалаў з палітычных прычын, піша ИноТВ.
Маскоўскія журналісты, адзначае Кловер, ужо параўноўваюць новых эмігрантаў з пасажырамі «філасофскіх параходаў», на якіх у 20-я гады ХХ стагоддзя былі вывезеныя з СССР у Вялікабрытанію «непажаданыя» мастакі і пісьменнікі. А аглядальнік «Новой Газеты» Андрэй Калеснікаў напісаў у сваім апошнім артыкуле, што расейскі «рэжым чакае інтэлектуальная катастрофа».
Такія думкі звязаныя з тым, што Гурыев і Каспараў з'яўляюцца першымі «сапраўды палітычнымі дысідэнтамі» постсавецкай Расеі, уцекачамі ад рэпрэсій, мяркуе журналіст Financial Times. Іншыя эмігранты, якія сталі пакідаць краіну ў 2000 годзе пасля прыходу да ўлады Ўладзіміра Пуціна (такія як Барыс Беразоўскі і экс-кіраўнік Банка Масквы Андрэй Барадзін) былі прадпрымальнікамі і «наўрад сапраўды з'яўляліся ахвярамі адно палітыкі», працягвае Кловер.
Тыя ж з апазіцыянераў, хто прыняў за лепшае застацца, як напрыклад Аляксей Навальны, падпадаюць у Расеі пад крымінальны пераслед, піша аўтар артыкула. Таму іхныя калегі могуць урэшце прыняць тую ж пастанову, што і Сяргей Гурыев.
Яшчэ з царскіх часоў эміграцыя з'яўляецца для Расеі «спосабам выпусціць пару» - так расейскія ўлады могуць пазбаўляцца ад апанэнтаў, не змяшчаючы іх у турму, мяркуе Кловер. Тым не менш дзеля «звычкі Крамля выціскаць іншадумцаў» краіна страціла «тысячы найлепшых розумаў».
У савецкі ж перыяд эміграцыя ўзмацнілася настолькі (паводле звестак Кловера, толькі ў перыяд з 1917 да 1920 года СССР пакінула блізу 2 мільёнаў чалавек), што навукоўцы сталі задавацца пытаннем, наколькі зыход эліты паўплываў на расейскі генафонд.
У сваім апошнім даследаванні генетыкі з Вышэйшай школы эканомікі Святлана Барынская і Аляксей Захараў зняпраўдзілі міф пра тое, што Расея «ў выніку рэгулярных зачыстак савецкай эпохі, цэллю якіх былі самыя разумныя і таленавітыя, стала нацыяй «генетычнага смецця», піша журналіст. Тым не менш сам факт таго, што ім спатрэбілася правесці гэткае даследаванне, сведчыць пра тое, што нацыя «камплексуе» з гэтай нагоды і баіцца паўтарэння гэткай сітуацыі.
Менавіта гэтага і баяцца цяпер у Расеі, уважае Кловер. І краіна, якая страціла ў дваццатым стагоддзі філосафа Ісаю Берліна, пісьменніка Аляксандра Салжаніцына, танцора Міхаіла Барышнікава і мноства іншых талентаў, можа ў будучыні пазбавіцца яшчэ шмат якіх геніяў.