Ермакова: Такой дэвальвацыі, як у 2011 годзе, не будзе
142- 19.06.2013, 14:01
- 161,715
Але ў 2014 годзе цалкам магчымае правядзенне дэнамінацыі.
Падчас прамой лініі ў рэдакцыі «Народной газеты» Надзея Ермакова распавяла пра планы Нацыянальнага банка на бліжэйшы час. У прыватнасці, яна выказалася наконт магчымай дэвальвацыі і дэнамінацыі беларускага рубля.
«Перадумоў для дэвальвацыі, такой, якая ў нас была ў 2011 годзе, няма», - сказала кіраўнік Нацбанка.
Пры гэтым Ермакова заявіла, што ў 2014 годзе можна будзе весці размову пра дэнамінацыю.
«Пра дэнамінацыю ў наступным годзе можна весці гаворку, калі з інфляцыяй усё будзе нармальна», - сказала Ермакова.
Кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі таксама заявіла пра «неабходнасць асцярожнага зніжэння стаўкі рэфінансавання», якое будзе магчыма толькі ў выпадку стварэння адпаведных умоў у эканоміцы.
«Не трэба спяшацца са зніжэннем стаўкі, гэта можа адбыцца толькі пры пэўных умовах у эканоміцы», - сказала Ермакова.
Гаворачы пра будучага крэдытора Беларусі, кіраўнік Нацбанка заявіла, што гэта будзе не АКФ ЕўрАзЭС. Пры гэтым Ермакова не ўдакладніла, у каго ўлады збіраюцца пазычыць на гэты раз.
«Беларусь пакуль не плануе браць іншых крэдытаў у АКФ ЕўрАзЭС», - сказала яна.
Нагадаем, з заявамі пра адсутнасць прычын для дэвальвацыі напярэдадні крызісу, які абрынуўся на Беларусь два гады таму, выступаў Пётр Пракаповіч, які ў той час займаў пасаду кіраўніка Нацыянальнага банка краіны.
«Пакуль я з'яўляюся старшынёй праўлення Нацбанка, ніякай разавай дэвальвацыі за адзін раз ніколі не будзе», заявіў ён у сакавіку 2011 года.
Пра гэта ж гаварыў і беларускі кіраўнік. Як перад дэвальвацыяй 2009 года, так і напярэдадні абвалу пасля прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка заяўляў, што прычын для боязі няма.
Што тычыцца Надзеі Ермаковай, то заявы пра тое, што ў беларускай эканоміцы ўсё ў парадку, а дэвальвацыі і дэнамінацыі не будзе яна паўтарае практычна на кожнай прэс-канферэнцыі.
Фота: onliner.by