Марэк Буцько: Расейская авіябаза нясе непасрэдную пагрозу Польшчы
96- 27.06.2013, 7:43
- 23,141
Самалёты, якія размесцяць пад Лідай, могуць праводзіць баявыя дзеянні супраць Літвы і Польшчы.
Так намеснік кіраўніка польскага фонду «Свабода і дэмакратыя», былы першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску Марэк Буцько пракаментаваў charter97.org размяшчэнне расейскай ваеннай авіябазы ў Лідзе.
«Гэта не першы раз, калі авіябаза будзе ў Лідзе. Нагадаю, што ў міжваенны перыяд там была вялікая польская авіябаза. Але калі казаць больш сур'ёзна, гэта выклікае вялікую занепакоенасць польскіх і літоўскіх уладаў, таму што расейская ваенная авіябаза з'яўляецца непасрэднай пагрозай нашай бяспекі. Зразумела, што гэтыя самалёты ў стане праводзіць баявыя дзеянні супраць Літвы і Польшчы. І гэты факт, вядома, аказвае непасрэдны ціск, перш за ўсё, псіхалагічны», - перакананы палітык.
Ён лічыць, што гэта ўпісваецца ў сумесныя мілітарысцкія дзеянні Беларусі і Расеі.
«Іх асноўная прычына заключаецца ў тым, што калі ў Расеі з'яўляліся эканамічныя цяжкасці, яна заўсёды дзейнічала падобным чынам. Справа ў тым, што цяпер кошт «Газпрама», асноўнай крыніцы папаўнення расейскага бюджэту, падае, энергетычная манаполія бурыцца, а кошты на энерганосьбіты на сусветных рынках падаюць. Усё гэта выклікае цяжкасці расейскага бюджэту. У такія моманты, і ў часы Савецкага Саюза, і цяпер, Расея пачынала палітычна ціснуць і палохаць Захад сваёй баявой моцай. Гэта, на жаль, з'яўляецца часткай расейскай імперскай палітыкі», - падкрэсліў Марэк Буцько.
Нагадаем, расейская ваенная авіяцыйная база пачне функцыянаваць у Беларусі ўжо ў гэтым годзе. Яна будзе знаходзіцца ў горадзе Ліда недалёка ад мяжы Літвы і Польшчы.
Упершыню пытанне аб размяшчэнні расейскай авіябазы ў нашай краіне было ўзнята ў красавіку 2013 года. Падчас візіту ў Менск пра гэта заявіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Ён сказаў, што першае звяно знішчальнікаў прыбудзе ў Беларусь ужо ў гэтым годзе. Паведамлялася таксама, што Масква плануе паставіць Менску ў 2013 годзе яшчэ 4 дывізіёна зенітна-ракетных сістэм С-300.