20 траўня 2024, панядзелак, 4:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікам далі перадышку да лістапада

106
Прадпрымальнікам далі перадышку да лістапада

Пасля ўчорашняй забастоўкі ўлады прынялі рашэнне даць прадпрымальнікам адтэрміноўку на чатыры месяцы.

Маніторынг выканання тэхрэгламенту Мытнага саюза па таварах лёгкай прамысловасці пачнецца ў Беларусі не раней 1 лістапада 2013 года. Пра гэта сёння журналістам паведаміў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Валерый Гурэвіч.

«З 1 лістапада пачнецца выключна маніторынг таго, што прадаюць індывідуальныя прадпрымальнікі на рынку. Ён не прадугледжвае імгненных мер уздзеяння, а толькі збор неабходнай інфармацыі для міністэрстваў, каб прыняць рашэнне, ці трэба карэктаваць выдадзеныя раней пастановы ці прымаць дадатковыя дзеянні», - канстатаваў Валерый Гурэвіч.

Ён адзначыў, што ўсё гэта будзе дзейнічаць да 1 ліпеня 2014 года, калі канчаткова завершыцца пераходны перыяд, прадугледжаны тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза на прадукцыю лёгкай прамысловасці.

«Затым прадпрымальнікі павінны будуць прыкласці ўсе намаганні, каб тая прадукцыя, якую яны прадаюць, адпавядала ўсім патрабаванням бяспекі», - сказаў першы намеснік старшыні Дзяржстандарта.

Разам з тым з 1 жніўня бягучага года Дзяржстандарт плануе арганізаваць правядзенне пазапланавых праверак імпарцёраў Беларусі, якія ажыццяўляюць аптовы гандаль вырабамі лёгкай прамысловасці, на якую распаўсюджваецца дзеянне тэхрэгламенту Мытнага саюза, што датычыцца яе бяспекі. Гэта трэба з мэтай выяўлення парушэнняў у частцы абавязковага пацвярджэння адпаведнасці і бяспекі вырабаў.

«Улічваючы напружанне, якое ўзнікла ў індывідуальных прадпрымальнікаў, і рэшткі на складах, якія яшчэ не рэалізаваныя, была прынятая сумесная пастанова Дзяржстандарта, Міністэрства аховы здароўя, Мінгандлю і Мінсельгасхарча, адрэгуляваць магчымасці пастаўкі прадукцыі і механізмы, якія могуць выкарыстоўваць індывідуальныя прадпрымальнікі, у тым ліку для пацвярджэння адпаведнасці бяспекі сваёй прадукцыі», - сказаў Валерый Гурэвіч.

Адзін з лідараў прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў лічыць, што ўлады далі прыватнаму бізнесу невялікую перадышку.

«Зразумела, што гэты крок выкліканы імкненнем збіць хвалю пратэсту і салідарнасці, якая магла падняцца пасля ўчорашняй забастоўкі. Прадпрымальнікам проста далі адтэрміноўку на чатыры месяцы. Наогул, фармулёўка выглядае даволі бязглузда: тэхрэгламент фактычна ўведзены, але правяраць яго выкананне пачнуць толькі праз чатыры месяцы, а караць за яго невыкананне - яшчэ пазней», - сказаў Аляксандр Макаеў у інтэрв'ю charter97.org.

Нагадаем, учора беларускія прадпрымальнікі правялі агульнанацыянальную забастоўку. Не працуюць многія рынкі ў Менску, абласных цэнтрах і дзесятках іншых гарадоў краіны. Рашэнне пра забастоўку прыняў Форум прадпрымальнікаў, прысвечаны пытанням укаранення тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы лёгкай прамысловасці», які прайшоў 24 чэрвеня ў Менску.

Напісаць каментар 106

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках