2 траўня 2024, Чацвер, 5:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Расеі: Крэдыты - толькі ў абмен на прадпрыемствы

212
Амбасадар Расеі: Крэдыты - толькі ў абмен на прадпрыемствы

Расея гатовая даць крэдыты Лукашэнку толькі пад сумесныя праекты.

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў правёў прэс-канферэнцыю, падчас якой выказаўся па шэрагу важных пытанняў двухбаковых адносін.

Рашэнне па «Ямал-Еўропа-2» прымуць у лістападзе

Рашэнне аб будаўніцтве другой веткі газаправода «Ямал-Еўропа» будзе прынята ў лістападзе 2013 года. Пасля гэтага «Газпрам» пачне прадметныя перамовы з беларускім бокам, заявіў амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў, піша «Інтэрфакс».

«Не, не вырашанае гэтае пытанне. Пакуль польскі бок пацвердзіў сваё жаданне мець на доўгатэрміновы перыяд 15 млрд куб.м. газу. Канчаткова ўсе гэтыя пытанні разруляцца ў лістападзе», - заявіў Сурыкаў у пятніцу на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Ён паведаміў, што ў цяперашні час выконваецца падрыхтоўка тэхніка-эканамічнага абгрунтавання і бізнес-плана праекта.

«Цяпер робяцца ТЭА і бізнес-план для праекта, які скажа, колькі гэта каштуе. Тады пойдуць кансультацыі з беларускім бокам, з прадметам, з лічбамі, падаткамі, колькі каштуе зямля і гэтак далей», - дадаў дыпламат.

Што значыць: «Проста дайце нам грошай на мадэрнізацыю»?

Расейскі бок гатовы фінансава падтрымаць мадэрнізацыю беларускіх прамысловых прадпрыемстваў, аднак толькі тых, якія стануць асновай для стварэння сумеснага бізнесу, заяўляе амбасадар Расеі ў Беларусі.

«Мы лічым, што павінны падтрымаць мадэрнізацыю тых праектаў, якія будуць развівацца як сумесны бізнес, якія прынясуць паляпшэнні і для беларускага, і для расейскага чалавека. А такое вось, проста, дайце нам на мадэрнізацыю, каб ўмоўна беларуская фабрыка была больш канкурэнтная, чым расейская - хто ж калі даваў грошы на вырошчванне канкурэнтаў», - заявіў Сурыкаў у пятніцу на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Пры гэтым ён пацвердзіў, што беларускі бок звярнуўся да РФ за прадастаўленнем фінансавай дапамогі ў мадэрнізацыі прамысловага комплексу.

У той жа час дыпламат адзначыў гатоўнасць РФ аказаць Беларусі фінансавую падтрымку ў выпадку ўзнікнення ў рэспубліцы крызіснай сітуацыі ў эканоміцы. Аднак у гэтым выпадку, падкрэсліў Сурыкаў, гаворка будзе ісці пра прадастаўленне Беларусі дзяржаўнага крэдыту.

«Я думаю, што калі ў Беларусі будзе вельмі складаная эканамічная сітуацыя, гэта трэба будзе разглядаць асобна. Але эканоміка Беларусі пакуль нядрэнна выглядае, ёсць ЗВР, наяўнасці перадкрызіснага стану пакуль няма», - адзначыў амбасадар.

Сурыкаў нагадаў, што і Беларусь, і Расея з'яўляюцца партнёрамі па Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы, і ў рамках гэтых інтэграцыйных аб'яднанняў краінам варта імкнуцца ўзбуйняць падобныя галіны бізнесу.

«Так, мы знаходзімся ў АЭП, і нам трэба ўзбуйняць бізнес і мадэрнізавацца, і да гэтага мы гатовыя. А вырошчваць сабе канкурэнтаў і потым займацца мадэрнізацыяй сваіх прадпрыемстваў - гэта не. Я думаю, што такім шляхам нашы ўлады ў рэшце рэшт і пойдуць», - сказаў Сурыкаў.

Аб'яднанне МАЗа і КАМАЗа чакаецца восенню

Сурыкаў разлічвае, што дакументы па стварэнні холдынгу «Расбелаўта» на базе МАЗа і КАМАЗа будуць падпісаныя восенню гэтага года.

«Усё ідзе нармальным шляхам, і да восені мы чакаем падпісання дакументаў аб стварэнні холдынгу з парытэтным удзелам у гэтым холдынгу», - адзначыў амбасадар.

«Разумею, што гэта будзе холдынг, дзе будзе адзінае кіраванне, вытворчасць і рэалізацыя. Гэта мне зразумела, а вось дэталі - яны камерсанты, хай яны гэтыя дэталі і расказваюць», - сказаў Сурыкаў.

Пры гэтым ён заявіў, што на першым этапе «не ідзе гаворка пра продаж актываў», а пра стварэнне канкурэнтаздольнай вытворчасці. «Калі б мы раней гэта зрабілі, то займалі б не пазіцыі на расейска-беларуска-казахстанскім рынку, якія ўвесь час скарачаюцца, а больш важкую», - адзначыў расейскі амбасадар.

Затым, выказаў здагадку Сурыкаў, будзе абмяркоўвацца пытанне, «як потым абмяняцца і ўвайсці ў актывы». «Але гэта ўжо наступны этап», - заявіў дыпламат.

У цэлым, нагадаў Сурыкаў, Расея і Беларусь працягваюць працаваць па пяці інтэграцыйных праектах.

Акрамя стварэння холдынгу «Расбелаўта», адзначыў амбасадар, «абмяркоўваецца пытанне па «Гродна Азот» і «Еўрахім». Ён растлумачыў, што «там ідзе пытанне аб выкупе часткі актываў для ўваходжання «ЕўраХіма», туды («Гродна Азот») будуць укладвацца грошы, рэалізоўвацца новыя этапы вытворчасці, мадэрнізацыі».

Таксама, працягнуў Сурыкаў, абмяркоўваецца пытанне з «Пеленгам» і «Інтэгралам», якія працуюць з ваенна-прамысловым комплексам Расеі. «Якім чынам яны там вырашаць, гэта іх праблемы. Але там усё ідзе паспяхова, створаныя рабочыя групы», - паведаміў Сурыкаў.

Акрамя таго, нагадаў ён, працягваецца работа па беларускім ААТ «Менскі завод колавых цягачоў» (МЗКЦ). «Абмяркоўваецца аб'яднанне актываў МЗКЦ і КАМАЗа, дзе ёсць асобная вытворчасць, і там ужо выйшлі на доследныя ўзоры. Як аб'яднаць усё гэта, каб захаваўся МЗКЦ, і ён працаваў разам з КАМАЗам», - заявіў амбасадар РФ у Беларусі.

«Пажаданні па нафтавым балансе будуць улічаныя»

Амбасадар Расеі ў Беларусі лічыць, што расейскі бок улічыць пажаданні рэспублікі па аб'ёмах імпарту нафты на 2013 год пры падпісанні чарговага нафтавага балансу.

«Мне складана сказаць, ці ўлічацца інтарэсы, але думаю, што ўлічацца. Я думаю, што паколькі зараз асаблівых высілкаў на нафтавым рынку (унутраны рынак РФ) няма, дэфіцыту ці яшчэ чагосьці, рашэнне будзе на карысць беларускага боку», - заявіў Сурыкаў.

Ён нагадаў, што ў I і II кварталах 2013 года Беларусь змагла імпартаваць з РФ нафту ў аб'ёмах зыходзячы з гадавога балансу ў 23 млн тон.

«Заяўка беларускага боку была ўлічаная ў I і II кварталах зыходзячы з аб'ёму 23 млн тон у год. Да 15 чэрвеня павінны разгледзець або паўгадавы, або квартальны баланс - мне пакуль складана прагназаваць, які менавіта дакумент будзе падпісаны», - сказаў Сурыкаў.

«Праблема Бакіева» - не наша справа»

Расейскі бок не будзе ўмешвацца ў спрэчку паміж Беларуссю і Кыргызстанам па пытанні экстрадыцыі экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева.

«Гэта справа двухбаковых адносін Беларусі і Кыргызстана, не наша. І яны ў адпаведнасці з міжнароднымі правіламі разбяруцца самі. Мы не збіраемся ў гэтую праблему лезці», - заявіў амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

«Расея не раўнуе Беларусь да ЕЗ»

Амбасадар Расеі ў Менску Аляксандр Сурыкаў заяўляе, што Расею не насцярожваюць спробы Беларусі наладзіць дыялог з краінамі ЕЗ.

«Не, сітуацыя нас не насцярожвае», - заявіў Сурыкаў.

Больш за тое, працягнуў ён, Расея разумее гэта імкненне Беларусі - «яна не можа жыць з суседнімі дзяржавамі ў такіх узаемаадносінах, як складваліся да гэтага».

Між тым Сурыкаў назваў патрабаванні ЕЗ да Беларусі «празмернымі». «Нельга кроіць дэмакратыю ў Беларусі па адных лякалах», - перакананы амбасадар.

Таксама не падтрымлівае Расея і патрабаванні ЕЗ па вызваленні палітвязняў, адзначыў ён, адзначыўшы, што такога паняцця няма ў краіне - гэтыя «людзі асуджаныя за здзяйсненне злачынства».

«Ніякай рэўнасці ў нас няма», - яшчэ раз падкрэсліў амбасадар. Разам з тым ён заўважыў, што насцярожанасць у Расеі можа паўстаць, калі паляпшэнне беларуска-еўрапейскіх адносін «будзе мантавацца на супрацьходах у дачыненні да Расеі».

«Усходняе партнёрства» - «заўлякалаўка» без рэальных выгод»

Амбасадар Расеі ў Беларусі лічыць, што ініцыятыва ЕЗ «Усходняе партнёрства» не нясе для краін-удзельніц рэальных эканамічных выгод.

«Невялікую эканамічную прыцягальнасць гэта мае для краін», - заявіў на прэс-канферэнцыі ў пятніцу ў Менску Сурыкаў, назваўшы гэты праект «заўлякалаўкай».

«Вядома, дзяржавам цікава мець зносіны, размаўляць, можа быць, камусьці цікава стаць кандыдатам на ўступленне ў ЕЗ, некалі стаць удзельнікам Еўразвяза. Але я стаўлюся да яго як да заўякалаўкі», - падкрэсліў амбасадар. «Але рэальных рэчаў на 600 млн еўра няма», - канстатаваў ён.

Сурыкаў параўнаў гэты праект з працай па стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. «Беларусь, Расея, Казахстан сёння змантавалі адзіную эканамічную прастору», - падкрэсліў ён. Паводле слоў амбасадара, удзел у праекце нясе такія рэальныя эканамічныя выгоды, як адзіныя кошты на энерганосьбіты, іншую сыравіну, тарыфы ў галіне транспарту і энергетыкі.

Акрамя таго, дыпламат бачыць ва «Усходнім партнёрстве» «палітычныя замарочкі». «Некаторыя недальнабачныя палітыкі (удзельнічаюць) з магчымым акцэнтам уплыву на Расею. Але я думаю, што дальнабачныя палітыкі, гэта мой пункт гледжання, глядзяць туды - Расея-ЕЗ, дзе ў нас пакуль не вельмі паспяхова ідзе дыялог, але ён будзе паспяховым - дзявацца няма куды», - працягнуў ён.

На тэрыторыі Беларусі размесцяць узвод расейскіх войскаў

Амбасадар Расеі ў Менску пацвердзіў прыезд у Беларусь галоўнакамандуючага ВПС РФ для вызначэння аэрадрома для будучага базавання расейскіх самалётаў, якія будуць несці ў Беларусі баявое дзяжурства ў рамках адзінай сістэмы СПА.

«Прыезд цалкам абгрунтаваны, мы з вамі маем адзіную сістэму СПА, якая прадугледжвае наяўнасць адпаведных ВПС у гэтай структуры для магчымых процідзеянняў. Сумесную СПА, у якую ўваходзяць і беларускія ВПС, трэба ўмацоўваць», - адзначыў расейскі амбасадар.

Сурыкаў спаслаўся на выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «самалётны парк старэе і трэба падтрымаць, забазаваўшы новыя самалёты». «Напэўна, частка ваенных самалётаў будзе перабазаваная з Расейскай Федэрацыі на нейкі аэрадром у Беларусі», - сказаў дыпламат.

«Які, мне складана сказаць, я не ведаю па якім ён ездзіў. Я ведаю, што тут аэрадромаў пасля ліквідацыі Беларускай ваеннай акругі «мама родная», і падабраць можна ўсё што заўгодна, магчыма, нешта ўладкаваць», - адзначыў Сурыкаў.

Паводле яго слоў, у гэтым годзе на тэрыторыі Беларусі будзе створаная авіяцыйная камендатура. «Гэта будзе невялікае падраздзяленне, можа быць, узвод, можа, і крыху больш, якое будзе рыхтаваць да магчымага прыёму расейскіх самалётаў, якія будуць працаваць у сумеснай сістэме СПА Беларусі і Расеі», - заявіў амбасадар РФ у Менску.

Паміж Расеяй і Беларуссю няма «войнаў»

Амбасадар Расеі ў Менску Аляксандр Сурыкаў заяўляе, што ў расейска-беларускіх адносінах няма гандлёвых войнаў, а прысутнічаюць толькі часовыя разыходжанні.

«Я нічога не кваліфікую як войны, нашы адносіны ідуць увесь час па ўзыходзячай лініі», - заявіў дыпламат. У сувязі з гэтым ён заклікаў прааналізаваць знешнегандлёвы абарот паміж краінамі, які «кажа пра рост нашых інтэграцыйных сувязяў».

«Гэта звычайныя спрэчкі бізнесу і часовыя нязгоды», - падкрэсліў Сурыкаў. Па яго перакананні, нават паміж самымі блізкімі краінамі могуць узнікаць разыходжанні.

«Мы далей развіваемся - будуем Еўразійскі эканамічны саюз, і таксама ёсць разыходжанні, але мы іх вырашаем», - сказаў амбасадар.

Фота: «Белгазета»

Напісаць каментар 212

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках