17 траўня 2024, Пятніца, 15:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ашмянскага фермера забралі і забілі 600 свіней

67
У ашмянскага фермера забралі і забілі 600 свіней

Фермер з Ашмянскага раёна Іван Гарлуковіч у адзін дзень страціў усё, да чаго ішоў доўгія гады.

Як жыць далей? Разам з фермерам, які абанкруціўся, такім пытаннем задаюцца ўсё больш беларусаў, перадае «Радыё Свабода».

Аднавяскоўцы Івана Гарлуковіча ў шоку: ветэрынары за дзень усыпілі ўсіх свіней у гаспадарцы паспяховага прадпрымальніка. На ферме ў вёсцы Наваполле пад Ашмянамі, дзе раней кіпела жыццё, цяпер мёртвая цішыня.

«Так, усіх забралі, ушчэнт. Зараз у вёсцы, напэўна, ні ў каго свіней не засталося - людзі з-за страху калолі - каб толькі не аддаваць. У нас тут, у асноўным, старыя жывуць, якія і так шмат не трымалі, можа, дзве-тры. Але і тых усіх парэзалі», - кажа жыхар вёскі.

У адрозненне ад аднавяскоўцаў, у фермера было некалькі сотняў свіней.

«Дзесьці 600 з лішнім галоў. Была вялізная свінаферма. Таму ўдар быў для яго вельмі моцны», - кажа селянін.

Сам Іван Гарлуковіч размаўляць асабліва не хоча - ад такой страты адысці няпроста. «Не забралі, а закапалі, знішчылі, нічога не пакінулі... Але ведаеце, не хачу я гаварыць гэта па тэлефоне», - сказаў фермер.

Марыя Антонаўна, маці пацярпелага фермера, у роспачы: столькі гадоў руплівай працы сына закапаныя разам з усім статкам.

«Усіх забралі, няма ніводнай. І ні каранціну ніякага не было, нічога. Выклікалі гродзенскіх лекараў, тыя сказалі, што ходзіць нейкая чума ці нешта такое. А цяпер людзі кажуць усё, што хочуць. Я вось толькі з касцёла. Чула там, як казалі, што гэта ён знарок зрабіў, нейкай атруты даў свінням. Што за глупства? Навошта ж так абгаворваюць? Я, вядома, ужо старая, што мне адмерана - большага не трэба. Цяпер прашу ў Бога, каб толькі майму сыночку паслаў здароўе. Павінна ж быць нейкая справядлівасць. Падумаць толькі - усю ферму забралі», - кажа яна.

Нягледзячы на тое, што на Гродзеншчыне каранцін афіцыйна абвешчаны толькі ў вёсцы Чапунь Іўеўскага раёна, геаграфія барацьбы з вірусам афрыканскай чумы імкліва пашыраецца. Як у выпадку з гаспадаркай Івана Гарлуковіча, якая да гэтага часу фармальна не трапіла ў небяспечную зону, «свіныя ліквідатары» працуюць у Валожынскім, Карэліцкім, Навагрудскім, а зараз і ў Ашмянскім раёнах. Акрамя таго, татальная зачыстка падворкаў ідзе ў шэрагу рэгіёнаў Менскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцей.

Найбольш балючыя для людзей пытанні - не толькі прымусовае знішчэнне свінога пагалоўя, што наўпрост адбіваецца на харчовай бяспецы, але і абяцаная кампенсацыя страт. Як кажуць жыхары вёскі Казевічы побач з «чумным эпіцэнтрам» у Чапуні, свіней у іх забралі яшчэ ў канцы чэрвеня, а грашовых разлікаў няма да гэтага часу.

Некалькі месяцаў беларускія ўлады хавалі інфармацыю пра вірус афрыканскай чумы свіней. Калі ў красавіку пачалі прыходзіць весткі пра масавы забой на комплексе «Усходні» ў Баранавіцкім раёне, чыноўнікі запэўнівалі: падзеж не перавышае санітарных нормаў, падстаў для панікі няма. Пасля таго, як расейскія ветэрынарныя службы на падставе ўласных аналізаў пацвердзілі, што ў Беларусі зафіксаваная ўспышка афрыканскай чумы, мясны імпарт з нашай краіны ўслед за Расеяй прыпынілі Украіна, Літва і Латвія.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках