5 траўня 2024, Нядзеля, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сноўдэн папрасіў палітычны прытулак у Расеі

110
Сноўдэн папрасіў палітычны прытулак у Расеі

(абноўлена - 20.00) Падчас сустрэчы c праваабаронцамі ў «Шарамеццеве» экс-супрацоўнік ЦВА папрасіў прытулак у Расеі.

Эдвард Сноўдэн заявіў, што не бачыць праблемы ў тым, каб выканаць умову, пастаўленую прэзідэнтам Расеі, і пакінуць выкрываць улады ЗША. Заяву пра палітычны прытулак ён ужо напісаў. Пра гэта распавядаюць удзельнікі сустрэчы ў Шарамеццеве. Яна пачалася сёння а 16.00 і прайшла ў закрытым рэжыме. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Amnesty International, Human Rights Watch, Transparency International. Таксама на ёй прысутнічалі ўпаўнаважаны ў правах чалавека пры прэзідэнце Расеі Уладзімір Лукін, адвакаты Анатоль Кучар і Генрых Рэзнік, паведамляе тэлеканал НТВ.

Сноўдэн сказаў праваабаронцам, што не можа ляцець у Лацінскую Амэрыку і хоча застацца ў Расеі. Удзельнікі сустрэчы ўдакладнілі, што гаворка ідзе аб часовым прытулку. Потым Эдвард Сноўдэн хоча трапіць у якую-небудзь лацінаамэрыканскую краіну, паведамляе РІА Навіны.

«Ён зрабіў заяву, будзе прасіць прытулак у Расеі», - сказала суразмоўца агенцтва. «З прытулкам не ўсё зразумела. Сноўдэн не ўдакладніў, які яму трэба - сталы або часовы», - кажа дэпутат Дзярждумы Вячаслаў Ніканаў.

Дапамагчы Сноўдэну напісаць дакумэнты, патрэбныя для палітычнага прытулку, падахвоціўся адвакат Анатоль Кучар. З ягоных слоў, сам амэрыканец «не вельмі добра ў гэтым арыентуецца».

Раней Сноўдэн ужо выказваў просьбу аб тым, каб застацца ў Расеі, але пазней ён адклікаў яе, даведаўшыся пра ўмову Уладзіміра Пуціна, якая палягала ў тым, каб збеглы супрацоўнік ЦВА пакінуў чыніць шкоду амэрыканскім партнёрам.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў адразу адрэагаваў на словы Сноўдэна. Ён паведаміў, што асабістага звароту з нагоды палітычнага прытулку ўлады краіны пакуль не атрымлівалі, але ўмовы надання палітычнага прытулку застаюцца ранейшымі.

Маршалак Дзярждумы Сяргей Нарышкін стаў першай высокапастаўленай асобай, якая пракамэнтавала просьбу збеглага амэрыканца. У ЗША, якія патрабуюць ягонай выдачы, дагэтуль ужываецца такая мера пакарання, як смяротная кара, паведамляе NEWSru.com.

«Мяркую, што вельмі вялікая рызыка таго, што такая мера пакарання чакае Эдварда Сноўдэна. Мы проста не маем права гэтага дапусціць», - сказаў ён.

Следам за Нарышкіным і старшыня Рады Федэрацыі Валянціна Мацвіенка наважыла, што просьба Сноўдэна павінна быць задаволеная. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка маршалак вышэйшай палаты расейскага парламэнта Наталля Фаменка.

Нагадаем, Сноўдэн разаслаў у чацвер вечарам праваабарончым арганізацыям, якія працуюць у Расеі, прадстаўніцтва ААН у Маскве, а таксама вядомым расейскім адвакатам ліст электроннай поштай. У ім ён паведаміў пра намер правесці сустрэчу для таго, каб абмеркаваць сітуацыю, у якой ён апынуўся.

Нягледзячы на тое, што сустрэча закрытая, відэа- і фотаздымка на ёй будзе забароненая, а журналістам прапануецца толькі ўзяць камэнтары ў тых праваабаронцаў, якія выслухаюць Сноўдэна, у «Шарамеццеве» сабраліся больш за 200 прадстаўнікоў СМІ, адзначае ІТАР-ТАСС.

«У Шарамеццеве вар’ятня. Журналісты толькі што зламалі эскалатар. Гэта пакуль самая яскравая драбніца мясцовага шаленства», - пісаў у «Твітэры» журналіст Ціхан Дзядко яшчэ да таго, як праваабаронцаў пусцілі ў транзітную зону.

Насуперак забароне на фотаздымку, The Guardian апублікаваў здымак з сустрэчы з праваабаронцамі ў «Шарамеццеве».

Фото: Tanya Lokshina/Human Rights Watch
Напісаць каментар 110

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках