Захарава зладзіла істэрыку праз краіны Балтыі
20- 5.05.2024, 14:30
- 25,180
Паабяцала «асіметрычныя захады».
Масква плануе ўвесці эканамічныя і транзітныя санкцыі ў дачыненні да Латвіі, Літвы і Эстоніі за «варожыя дзеянні» ў дачыненні да Расеі, заявіла афіцыйная прадстаўніца расейскага замежнапалітычнага ведамства Марыя Захарава.
«На варожыя дзеянні прыбалтаў будзем рэагаваць таксама асіметрычнымі захадамі, перш за ўсё - у эканамічнай і транзітнай сферах», - цытуе Захараву РІА «Новости».
Яна растлумачыла, што праз «варожыя лініі» Вільні, Рыгі і Таліна разарваныя ўсе міждзяржаўныя, міжведамасныя, рэгіянальныя і галіновыя сувязі з Расеяй.
Са слоў Захаравай, Масква прадоўжыць выкарыстоўваць дыпламатычныя захады ўздзеяння на краіны Балтыі, аднак яна ўважае за непажаданы магчымы разрыў дыпламатычных стасункаў з гэтымі дзяржавамі.
«Спыненне дзейнасці дыпламатычных прадстаўніцтваў у гэтай сітуацыі азначала б, што грамадзяне нашай краіны і сотні тысяч суайчыннікаў, якія жывуць у Прыбалтыцы, засталіся б сам-насам з паліцэйскай самаўпраўнасцю», — падкрэсліла яна.
У мінулую пятніцу камандуючы эстонскімі Сіламі абароны Марцін Херэм прапанаваў заблакаваць Балтыйскае мора для Расеі. Са слоў военачальніка, для дасягнення гэтай мэты ў Эстоніі ёсць магчымасці: «цяпер на ўзбраенні ВМФ ёсць як марскія міны, так і супрацькарабельныя ракеты».