30 красавiка 2024, aўторак, 14:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў у 2014 годзе чакае бурны рост акцызаў і падаткаў

31
Беларусаў у 2014 годзе чакае бурны рост акцызаў і падаткаў

Мінфін Беларусі канстатуе зніжэнне паступленняў у даходную частку бюджэту, звязанае з бягучай эканамічнай сітуацыяй у краіне.

Улады разлічваюць кампенсаваць гэтую сітуацыю ў 2014 годзе за кошт павышэння ставак акцызаў, некаторых падаткаў, а таксама працягу практыкі канфіскацыі часткі прыбытку ў высокадаходных прадпрыемстваў, піша «Інтэрфакс».

Бюджэт недалічыцца Br9 трлн

Паводле ацэнак міністэрства фінансаў, у 2013 годзе з-за пагаршэння фінансавага стану прамысловых прадпрыемстваў, высокага кошту крэдытных рэсурсаў і зніжэння аб'ёмаў беларускага экспарту, у тым ліку ў Расею, аб'ём сродкаў, якія не паступяць у рэспубліканскі бюджэт, можа скласці да Br9 трлн, або 1, 5% гадавога ВУП краіны.

«Паводле нашых ацэнак, у рэспубліканскі бюджэт недапаступіць Br9 трлн, у той час як планы па паступленнях у мясцовыя бюджэты могуць быць перавыкананыя на Br2 трлн», - заявіў намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле яго слоў, з агульнай сумы, якой недалічыцца рэспубліканскі бюджэт, недапаступленне падатку на прыбытак можа скласці каля Br6 трлн, або прыкладна 1% гадавога ВУП.

У выніку зніжэння аб'ёмаў экспарту недапаступленне мытных пошлін, якія размяркоўваюцца ў рамках Мытнага саюза паводле вызначаных квот, ацэньваецца яшчэ ў Br3 трлн, або прыкладна ў 0,5% ВУП.

Акрамя таго, у Мінфіне адзначаюць негатыўны ўплыў на бюджэт і занадта высокі кошт крэдытных рэсурсаў. «Негатыўны ўплыў аказвае і больш нізкі, у параўнанні з чаканым, узровень зніжэння стаўкі рэфінансавання», - сказаў М.Ермаловіч.

«Па гэтай прычыне ў I паўгоддзі спатрэбілася з апярэджаннем фінансаваць кампенсацыю адсоткавых ставак па крэдытах, якія прыцягваюцца ў рамках рэалізацыі дзяржпраграм. На сёння гадавыя асігнаванні па гэтым кірунку амаль цалкам асвоеныя. Гэты артыкул выдаткаў запатрабуе дадатковага прыцягнення парадку Br4,5 трлн. з рэспубліканскага бюджэту», - адзначыў М.Ермаловіч.

Паводле яго слоў, «у цэлым па году маецца каля Br12 трлн незабяспечаных даходамі і іншымі крыніцамі выдаткаў».

У сувязі з гэтым намеснік міністра паведаміў, што Мінфін ужо прыступіў да аптымізацыі выдаткаў бюджэту і зрабіў скарачэнне непершачарговых расходаў.

Бездэфіцытны бюджэт па-ранейшаму ў прыярытэце

Тым не менш, у Мінфіне падкрэсліваюць, што прыярытэтам у бягучым годзе застанецца бездэфіцытнае выкананне бюджэту.

«Для нас застаецца прыярытэт выканання бюджэту без дэфіцыту ў 2013 годзе. Мы будзем нацэльваць мясцовыя бюджэты і фінансаваць выдаткі рэспубліканскага бюджэту зыходзячы менавіта з гэтага тэзіса», - сказаў М.Ермаловіч.

Ён нагадаў, што ў I паўгоддзі 2013 года рэспубліканскі бюджэт быў выкананы з прафіцытам 0,3% да ВУП, значны прафіцыт назіраўся і па выкананні мясцовых бюджэтаў. Была забяспечаная своечасовая выплата зарплаты бюджэтнікам і сацыяльных трансфертаў. Акрамя таго, рэспубліка выканала ўсе абавязацельствы па пагашэнні ўнутранай і знешняй пазыкі.

Аднак, канстатаваў намеснік міністра, на сённяшні дзень захоўваюцца пэўныя рызыкі, якія маюць тэндэнцыю да росту і замацавання. На пераадоленне іх будзе накіраваны шэраг мер, якія прапануе Мінфін у праекце змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс.

Акцызы чакае бурны рост

У прыватнасці, Мінфін прапануе ў 2014 годзе павялічыць стаўкі акцызаў на бензін у 2,4 разы, на дызельнае паліва - у 3 разы.

Фінансавае ведамства прапануе правесці павышэнне ставак акцызаў на паліва ў 2 этапы. Так, з 1 студзеня 2014 года стаўка акцызаў на бензіны можа быць павялічаная на 45%, з 1 ліпеня - яшчэ на 65,5%, разам за год рост складзе 2,4 разы ў параўнанні з дзеючай цяпер стаўкай.

Павышэнне стаўкі акцызу на дызельнае паліва, а таксама суднавае паліва ў I паўгоддзі мяркуецца на 70%, у другім паўгоддзі - яшчэ на 76,5%, разам за год стаўка акцызу на дызпаліва вырасце ў 3 разы.

Таксама чакаецца рост ставак акцызаў на алкаголь і тытунёвыя вырабы. Так, у 2014 годзе стаўкі акцызаў на алкагольныя напоі, піва і спірт могуць быць павялічаныя на 9% - у 2,1 разы, на тытунёвыя вырабы на 45% - 81,4%.

Яшчэ адна прапанова Мінфіна тычыцца ставак падатку на зямлю, занятую аб'ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва. Ведамства прапануе павялічыць з 2 да 10 каэфіцыент стаўкі падатку на такую зямлю.

Акрамя таго, у міністэрстве падкрэсліваюць, што маюць намер папаўняць ў 2014 годзе даходную частку бюджэту за кошт уключэння ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці. Разам з гэтым Мінфін прапануе надзяліць абласныя і Менскі гарадскі Саветы дэпутатаў правам павялічваць, але не больш чым у 10 разоў, стаўкі падатку на нерухомасць па капітальных будынках, якія выкарыстоўваюцца неэфектыўна і ўключаныя ў пералік аб'ектаў, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца. Такія спісы штогод складаюцца аблсаветамі або па іх даручэнні аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам у парадку, устаноўленым беларускім урадам.

У цяперашні час абласныя Саветы і Мннгарсавет могуць павышаць стаўкі падатку па такіх аб'ектах не больш чым у 5 разоў.

Яшчэ адным спосабам эфектыўнага папаўнення даходнай часткі бюджэту Мінфін бачыць меру па канфіскацыі звыш нарматыву часткі прыбытку ў высокадаходных беларускіх прадпрыемстваў.

Згодна з дзеючай у Беларусі на працягу шэрагу гадоў практыкай, дзяржава ў сярэднім раз у квартал адбірае ў валаўтваральных прадпрыемстваў рэспублікі частку прыбытку і накіроўвае гэтыя сродкі ў фонд нацыянальнага развіцця. Традыцыйна ў пералік прадпрыемстваў, у якіх адбіраюць прыбытак, трапляюць прадпрыемствы нафтавай галіны, буйныя транспартныя кампаніі, вядучы падаткаплацельшчык рэспублікі ААТ «Беларуськалій». Пры гэтым найбольш важкія канфіскацыі прыбытку дзяржава звычайна ажыццяўляе бліжэй да канца года.

Такая практыка падвяргаецца крытыцы з боку замежных інвестараў і выклікае іх занепакоенасць.

У Мінфіне таксама не выключаюць і магчымасці павышэння тарыфаў на ЖКГ як яшчэ аднаго спосабу папоўніць даходную частку бюджэту.

ПДВ і падатак на прыбытак

Аднак асноўнай навінай падатковага заканадаўства ў 2014 годзе стане перагляд ставак падаткаў на дабаўленую вартасць і на прыбытак.

Так, Мінфін прапануе ў 2014 годзе павысіць стаўку ПДВ з 20% да 22%, а стаўку падатку на прыбытак знізіць з 18% да 15%, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Там адзначылі, што такія прапановы ўтрымліваюцца ў падрыхтаваным Мінфінам праекце закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Беларусі». Такая мера неабходная для аптымізацыі даходнай часткі бюджэту.

«Рэалізацыя гэтай прапановы дазволіць забяспечыць павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі ў сувязі з устанаўленнем найменшай стаўкі падатку на прыбытак у Мытным саюзе і АЭП і еўрапейскіх краінах», - сказалі ў прэс-службе.

Там таксама звярнулі ўвагу, што гэтыя змены прывядуць да зніжэння падатковай нагрузкі на асноўную інвестыцыйную крыніцу - прыбытак, што дасць магчымасць прадпрыемствам пашырыць свае магчымасці па інвеставанню ў мадэрнізацыю вытворчасці.

Акрамя таго, павелічэнне стаўкі ПДВ і зніжэнне стаўкі падатку на прыбытак забяспечаць зніжэнне падатковай нагрузкі на экспарцёраў у сувязі з прымяненнем імі нулявой стаўкі ПДВ, а таксама ўзмацненне падатковага ціску на імпарт, у тым ліку спажывецкі. Мяркуецца, што рэалізацыя гэтай прапановы будзе спрыяць прасоўванню рэспублікі ў рэйтынгу Сусветнага банка «Doing business» па пазіцыі «Падаткаабкладанне» за кошт зніжэння паказчыка па ўзроўню падатковых выключэнняў з прыбытку, а таксама мінімізацыі негатыўных наступстваў знешніх шокаў і макраэканамічных ваганняў на даходную частку бюджэту і забяспечыць раўнамернасць і стабільнасць яе выканання.

Ва ўрадзе таксама звярнулі ўвагу, што павышэнне стаўкі ПДВ не закране асноўных сацыяльна значных тавараў (прадукты харчавання і тавары для дзяцей), да якіх прымяняецца паніжаная стаўка ПДВ у памеры 10%.

Акрамя таго, змяненне стаўкі ПДВ не закране асноўныя паслугі, якія аказваюцца насельніцтву (ЖКГ, пасажырскі транспарт, асноўныя бытавыя паслугі), у дачыненні да якіх дзейнічае поўнае вызваленне ад выплаты гэтага падатку.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках