30 красавiка 2024, aўторак, 20:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктары прадпрыемстваў у Беларусі ходзяць па мінным полі

63
Дырэктары прадпрыемстваў у Беларусі ходзяць па мінным полі

Каб выратавацца, бізнэс-класу трэба думаць аб стварэнні сваёй палітычнай сілы.

Такім чынам каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка пракаментаваў сайту charter97.org сённяшнія пагрозы Лукашэнкі ў адрас пасярэдніцкіх фірмаў.

«Пакуль у Беларусі паміж дзяржавай і бізнэсам, паміж палітыкай і эканомікай не будуць наладжаныя цывілізаваныя адносіны, занятак прадпрымальніцтвам у нашай краіне будзе заставацца вельмі рызыкоўнай справай. Падчас зняволення мне даводзілася мець зносіны з кіраўнікамі прадпрыемстваў і фірмаў усіх узроўняў. Я зразумеў, што яны літаральна ходзяць па мінным полі, бо ўмовы эканамічнай дзейнасці ў краіне дыктуе адзін чалавек і вузкае кола блізкіх да яго асоб.

Напрыклад, калі ў Беларусі адбывалася дэвальвацыя, многія дырэктары і бізнэсмэны радаваліся, што знаходзяцца ўжо ў турме, а не на волі, бо невядома, паводле якога курсу даляра будзе лічыцца экспартная выручка і па якім курсе потым будуць лічыць даход ДФР і падатковая», - кажа Зміцер Бандарэнка.

Са слоў палітыка, «цяпер ідзе хваля пасадак дырэктараў і прадпрымальнікаў за парушэнні, якія нібыта былі імі здзейсненыя ў 2011-2012 гадах».

«Прагноз маіх таварышаў, якія сядзелі, спаўняецца стоадсоткава. Ёсць такая прымаўка: «Палітыка з'яўляецца працягам бізнэсу і эканомікі». Калі ў эканоміцы краіны існуе вострая канкурэнцыя, то яна будзе існаваць і ў палітыцы: розныя палітычныя плыні праз заканадаўчыя механізмы падтрымліваюцца рознымі карпарацыямі, а дзяржаўная манаполія спараджае дыктатуру.

У Беларусі дыктатар сам прыдумляе эканамічныя законы, часта падняўшыся раніцай не з той нагі. Закладнікамі гэтай сістэмы з'яўляюцца як раз прадпрымальнікі і кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў. Адсюль псіхалогія дачаснікаў у дырэктарскім асяроддзі, калі чалавек гатовы выканаць самы вар'яцкі загад, але спрабуе пры гэтым стварыць нейкія пасярэдніцкія схемы, клапоцячыся аб заўтрашнім дні», - мяркуе палітык.

Сёння, са слоў Бандарэнкі, Лукашэнка дзеля выратавання сваёй улады ва ўмовах эканамічнага крызісу гатовы здабываць грошы любым спосабам.

«Многія бізнэсмэны і дырэктары мяркуюць, што турма непазбежная і з'яўляецца часткай іх прафесіі. Тут магу сказаць, што калі б беларускія прадпрымальнікі і дырэктарат хацелі бяспекі і нармальнага развіцця сваёй справы, то даўно б падумалі аб падтрымцы апазіцыі або стварэнні сваёй палітычнай сілы. Але яны тысячамі ідуць у турмы, а дзяржаўны каток часта праходзіцца па іх сем'ях і фірмах.

І не важна, каго сёння Лукашэнка выбірае казлом адпушчэння: пасярэдніцкія фірмы, дырэктараў буйных менскіх прадпрыемстваў або кіраўнікоў Беларускай калійнай кампаніі. Наогул, для яго і яго атачэння слова «маркетынг» ці «менеджмент» проста не існуе. Дзеля выратавання сваёй улады ва ўмовах эканамічнага крызісу ён гатовы здабываць грошы любой цаной. Калі бізнэс-клас, уключаючы дырэктарат, будзе такім жа пакорлівым, то гэтыя грошы будуць здабытыя коштам іх лёсаў і жыццяў», - упэўнены каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках