18 траўня 2024, Субота, 1:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Руслан Мірзоеў: На Акрэсціна смяяліся з майго прысуду

68
Руслан Мірзоеў: На Акрэсціна смяяліся з майго прысуду

У пятніцу ўвечары пасля сямі сутак арышту выйшаў на свабоду Руслан Мірзоеў, які стаў вядомы сваімі відэафільмамі аб МАЗе і Курасоўшчыне.

Адразу пасля выхаду з турмы на вуліцы Акрэсціна ён даў інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- Руслан, якія ўражанні ад Акрэсціна?

- Асноўных уражанняў два. Па-першае, пачынаеш цаніць хатнюю ежу, бо тое, чым там кормяць людзей, ежай назваць цяжка. Па-другое, наогул пачынаеш цаніць свабоду і тыя магчымасці, якія яна падае для паўнавартаснага жыцця. Уявіце, што сядзіш у чатырох сценах і мозг выносіць ад таго, што няма чым заняцца. Чытаць нічога не давалі, перачытаў нейкія абрыўкі газет, якія перадавалі для туалета. Кнігу, якую мне спрабавала перадаць жонка, не ўзялі.

- А як вас затрымалі? На вуліцы, дома? Вядома толькі, што гэта адбылося ў мінулую пятніцу.

- Дома. Рыхтаваліся есці, калі прыйшлі да мяне ўчастковы з памочнікам і кажуць, што трэба ехаць у РУУС. Сказалі толькі, што хоча пагаварыць начальнік і ўсё. Паехаў. Думаў, што возьмуць тлумачэнні і на гэтым адпусцяць, але начальнік спачатку прачытаў мне цэлую лекцыю. Што я нібыта сваімі фільмамі падштурхоўваю да злачынстваў цэлае пакаленне моладзі, што я падрываю аўтарытэт міліцыі, якая змагаецца са злачыннасцю, а я тут такое паказаў...

Слухаць гэта было смешна, але мне прыйшлося маўчаць - думаў, што потым адпусцяць. Але пасля гэтага са мной пра тое ж казаў яшчэ начальнік з Генеральнай пракуратуры, не памятаю прозвішча. Зноў жа, што я нібыта падрываю ўсё грамадства. Нават, калі пачалі складаць пратакол, думаў, што абмяжуюцца штрафам і адпусцяць. Але не адпусцілі. У пратаколе напісалі, што нецэнзурна лаяўся, чапляўся да менчукоў і не рэагаваў на заўвагі.

Калі першае сапраўды было, гэта я для свайго шоў абраў, то ні да каго я не чапляўся і заўваг не чуў, гэта дакладна. Склалі пратакол і адправілі ў камеру, дзе давялося прабыць да панядзелка. Але і ў панядзелак, калі прывезлі ў суд, не думаў, што скончыцца арыштам. Паводле такога артыкула - за лаянку - нікому ж суткі не даюць. І ўсё адбываецца за лічаныя хвіліны. А тут зрабілі цэлы спектакль: суддзя ў мантыі, тэлебачанне, тры гадзіны ідзе паседжанне! Потым, калі я сукамернікам распавёў пра тое, як мяне судзілі і за што, людзі смяяліся.

- Вядомы рэжысёр Юры Хашчавацкі сказаў, што цябе пакаралі не за брыдкія словы, а за тое, што выкрываў наркаманію і моладзевую злачыннасць. Ты згодны з гэтым?

- А за што іншае? Вядома. Хоць гэта смешна. Яны хочуць у век інтэрнэту спыніць тое, што ўсе людзі абмяркоўваюць і чым усе цікавяцца. Быццам мы жывем у СССР і за жалезнай заслонай! Тое, што я здымаў, у той жа Расеі паказваюць у інтэрнэце значна вастрэй і часцей, а тут прыдумалі змагацца! Толькі ў нашай краіне такое магчыма.

- Ты далей будзеш здымаць, ці на гэтым тваё захапленне відэа спыніцца?

- Скажу так: мне трэба здабыць год хатняй хіміі, інакш мяне адправяць у калонію на рэальны тэрмін. Участковы папярэдзіў, што будуць правяраць штодня, ужо ў 7 гадзін вечара мне трэба быць дома інакш - усё. Мяркую, гэта не проста пагрозы. Таму мне трэба год пацярпець. Але жаданне здымаць і нешта такое паказваць аб нашым жыцці засталося, нават узмацнілася.

Да мяне звярнуліся людзі з арганізацыі, якая займаецца рэабілітацыяй наркаманаў. Яны кажуць, што такое відэа больш робіць у барацьбе з наркотыкамі, чым штосьці іншае. Я ж хацеў паказаць тое, што ёсць, у такой смешнай форме, каб было цікава. І нешта атрымалася, мабыць. Таму зусім ад гэтага я не адмовіўся, але трэба пачакаць.

- Шмат людзей за цябе хвалююцца, вітаюць цябе. Што будзеш рабіць у бліжэйшы час?

- Дзякуй. У панядзелак пайду на працу. Спадзяюся, усё атрымаецца.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках