Кубінскі бягун уцёк ад сваёй дэлегацыі на ЧМ у Маскве
16- 21.08.2013, 9:53
- 20,510
Бягун Арланда Артэга уцёк з дэлегацыі Кубы, якая прысутнічала на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Маскве.
Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Федэрацыі лёгкай атлетыкі Кубы (FCA), піша РІА «Новости».
Арланда Артэга, фіналіст лонданскай Алімпіяды-2012 у бегу на 110 метраў з бар'ерамі, у Маскве спыніў барацьбу за медалі на стадыі кваліфікацыі.
«Гэта рашэнне - здрадзіць краіне, якая дала магчымасць табе развівацца, як спартсмену - пазбаўляе яго гонару, - гаворыцца ў паведамленні на сайце FCA. - Такія паводзіны не маюць нічога агульнага з тымі прынцыпамі, якія натхняюць нас. Гэта непрымальна, асабліва для тых людзей, хто ўпэўнены, што лаяльнасць да сваёй краіны з'яўляецца важным кампанентам у народным спорце».
FCA у сваім паведамленні не паказвае, дзе менавіта на дадзены момант знаходзіцца Арланда Артэга.
Спартсмены з дыктатарскіх краін часта выкарыстоўваюць міжнародныя турніры для таго, каб не вяртацца на радзіму. Напрыклад футбалісты з КНДР уцяклі прама падчас чэмпіянату свету, які праводзіўся ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ў 2010 годзе.
Кубінскія дысыдэнты абвінавачваюць рэжым братоў Кастра ў парушэнні правоў чалавека і пераследзе апазіцыі і параўноўваюць яго з беларускім.
Фота: AFP