26 красавiка 2024, Пятніца, 20:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя затрымала 100 ўдзельнікаў фэсту пад Вілейкай

128
Міліцыя затрымала 100 ўдзельнікаў фэсту пад Вілейкай

(абноўлена - 08:42) У Вілейскім раёне затрыманыя ўдзельнікі фэсту Burning summer open air.

Фэст з удзелам metal-hardcore, punk і punk-hardcore - гуртоў праходзіў 24 жніўня каля вёскі Асіповічы. На яго з'ехалася моладзь з розных гарадоў Беларусі, піша БелаПАН.

Як паведаміла адна з удзельніц фэсту, гомелька Жанна Міхеева, пад 19.00 на фэст раптам з'явіліся супрацоўнікі міліцыі і ДАІ.

«Гуртам давялося спыніць выступы, а ўдзельнікаў фестывалю пачалі затрымліваць і везці ў Вілейскі РАУС, прычым не тлумачачы за што. У міліцыянтаў не было бэйджаў, іх прасілі прадставіцца, растлумачыць прычыну затрымання, але ўсё бессэнсоўна», - распавяла дзяўчына.

Паводле ейных слоў, удзельнікаў фэсту везлі на некалькіх аўтамабілях, а потым прыехаў і аўтазак.

Жанна Міхеева дакладна не ведае, колькі людзей забралі ў міліцыю. З ейных слоў, на фэсце прысутнічала пад 400 чалавек, затрымалі блізу 100-150.

У Вілейскім РАУС пацвердзілі затрыманне моладзі. Аднак на пытанне аб колькасці затрыманых заявілі, што гэтая інфармацыя з'яўляецца «службовай». Са слоў дзяжурнага, моладзь затрыманая за ўчыненне адмiнiстрацыйных правапарушэнняў, якіх менавіта - не ўдакладнілі.

Крыху пазней у міліцыі заявілі, што затрыманыя вызваленыя. Праверыць гэтую інфармацыю не атрымалася. Сувязі з Жаннай Міхеевай няма - не выключана, што дзяўчына таксама знаходзіцца ў РАУС. Не адказвалі тэлефоны і некаторых іншых удзельнікаў фэсту.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, свае дзеянні супрацоўнікі міліцыі матывавалі тым, што моладзевы фэст праводзіўся без дазволу ўладаў. Ці так гэта - невядома, бо звязацца з арганізатарамі Burning summer open air пакуль таксама не ўдаецца.

Планавалася, што фестываль будзе доўжыцца два дні - 24 і 25 жніўня.

Напісаць каментар 128

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках