8 траўня 2024, Серада, 0:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фрэнсіс Фукуяма: Людзі стамляюцца жыць пры дыктатуры

3
Фрэнсіс Фукуяма: Людзі стамляюцца жыць пры дыктатуры

Чым даўжэй дыктатары трымаюцца ва ўладзе, тым горш ідуць іх справы.

Фрэнсіс Фукуяма, культавы палітолаг і філосаф, аўтар вызначальнай акадэмічнай працы канца ХХ стагоддзя «Канец гісторыі і апошні чалавек» адказвае на пытанні «Радыё Свабода».

- Спадар Фукуяма, якія сацыяльна-палітычныя працэсы ва Усходняй Еўропе і Расеі ўяўляюцца вам найбольш значнымі і вырашальнымі для будучыні?

- На жаль, многія апошнія падзеі былі хутчэй негатыўнымі. З моманту абрання Пуціна прэзідэнтам Расея паслядоўна рухаецца ў зваротным ад дэмакратыі кірунку. Большасць трэндаў гэтага рэгіёну - дрэнныя для дэмакратыі. Ва Украіне асабліва адчайная сітуацыя. У 2003 у яе быў шанец стаць сапраўднай дэмакратыяй, але прэзідэнт Віктар Януковіч дэманструе, што яму да гэтага часу ўласцівыя аўтарытарныя інстынкты.

- Чаму вялікая колькасць постсавецкіх краін сутыкнулася з пагрозай дыктатуры?

- Перш за ўсё, я не лічу, што Беларусь прайшла праз постсавецкі пераходны перыяд. Думаю, што Беларусь адразу перайшла ад савецкай мадэлі дыктатуры да дыктатуры іншага роду. Што тычыцца агульнай сітуацыі, то самі спробы ўстанавіць дэмакратыю на гэтай тэрыторыі былі вельмі хаатычныя. Дэмакратычныя сілы не змаглі аб'яднацца і стварыць кааліцыю. Вось як гэта, напрыклад, атрымалася з «аранжавай кааліцыяй» ва Украіне, якая была сутнасна раз'яднаная і нешта зрабіла ў сферы кіравання краінай.

Але самая глыбокая праблема - гэта адсутнасць грунтоўных інстытутаў. Яна адбываецца яшчэ з савецкіх часоў. Няма палітычных партый, грамадзянская супольнасць альбо слабая, альбо яе амаль няма. І ўсё гэта ва ўмовах вельмі моцнай і рэпрэсіўнай дзяржавы, якая не здольная пры гэтым абслугоўваць інтарэсы сваіх грамадзян, загразла ў карупцыі і не падпарадкоўваецца законам. Працэс устаноўкі гэтых інстытутаў вельмі няпросты і патрабуе доўгага часу».

- Вы казалі, што ЗША зрабілі некалькі памылак у гэтым рэгіёне. Якія менавіта?

- З палітычнага пункту гледжання, памылка была як раз у веры ў тое, што калі людзі стаміліся ад дыктатуры, то гэтага дастаткова для таго, каб усталяваць дзейсную дэмакратыю. Я думаю, недастаткова звярталі ўвагу на неабходнасць пабудовы эфектыўных інстытутаў, якія б гэтую дэмакратыю падтрымлівалі. І, напэўна, ЗША маглі б падтрымліваць пабудову дэмакратыі ў самым пачатку - у 90-я гады. Асабліва гэта тычыцца Расеі. Што тычыцца міжнароднай палітыкі, то, думаю, вялікая колькасць расейцаў перастала падтрымліваць амерыканцаў з-за пашырэння НАТА.

- Вы кажаце пра тое, што Расея рухаецца ў зваротным кірунку ад дэмакратыі. Ці не ўмацоўвае прааўтарытарныя тэндэнцыі ў Расеі тое, што яна акружае сябе аўтарытарнымі краінамі і падтрымлівае іх? Або ці не з'яўляецца само існаванне такіх дзяржаў вакол Расеі закладам магчымага аднаўлення аўтарытарнай імперыі ў новых межах?

- Безумоўна, Расея зусім не зацікаўленая ў тым, каб у суседніх краінах усталёўваліся здаровыя дэмакратыі. Бо гэта падавала б «дрэнны знак» яе грамадзянам. Расеі больш падабацца мець суседзямі аўтарытарныя дзяржавы. Таму мы назіраем усё больш відавочнае супрацоўніцтва паміж Расеяй і іншымі аўтарытарнымі дзяржавамі ў рамках адзінай гандлёвай прасторы, энергетычнай і транспартнай палітыкі.

- Зараз знешнепалітычная ўвага звернутая пераважна як раз на Расею. Можа, больш эфектыўна было б паслядоўна і ўважліва падтрымліваць дэмакратычныя перамены ў суседніх краінах?

- Гэта не так проста. Можна было б падумаць, што далучэнне да НАТА - гэта добрае выйсце для Грузіі ці Украіны. Але практычна я не думаю, каб гэта была мудрая ідэя. НАТА - ваенны альянс. Яго ўдзельнікі ўступаюць у ваенныя дзеянні на карысць іншага з сяброў, калі на таго нападаюць. Я думаю, што ідэя далучэння да НАТА не вельмі выканальная цяпер для гэтых краін.

А ЕЗ - гэта іншая гісторыя. ЕЗ - не ваенны звяз. Думаю, што ёсць рэчы, якія ЕЗ мог бы зрабіць, каб прастымуляваць рэформу інстытутаў ва ўсіх краінах, пра якія мы гаворым, асабліва ва Украіне, каб падштурхнуць яе ў больш дэмакратычным кірунку. Але рычагі ўплыву і ЕЗ, і ЗША ў гэтай частцы свету абмежаваныя.

- Чаму ЕЗ наўпрост не прапануе той жа Украіне ці Беларусі перспектыву далучэння да звязу?

- Прычыны гэтага відавочныя. Многія еўрапейцы думаюць, што ЕЗ пашыраецца занадта хутка. Многія лічаць, што Балгарыю і Румынію прынялі заўчасна. Пасля іх прыняцця ў ЕЗ гэтыя краіны моцна пачалі адставаць з пункту гледжання карупцыі, функцыянавання іх інстытутаў.

Вядома, калі глядзець з пункту гледжання інтарэсаў міжнароднай палітыкі, ЕЗ зацікаўлены ў тым каб, стымуляваць далучацца як мага больш людзей. Але каб захаваць здаровым само ўтварэнне, лепш мець маленькі ЕЗ. Бо тады лягчэй падтрымліваць высокія стандарты ўнутры яго. Таму ЕЗ павінен знаходзіць баланс паміж двума гэтымі напрамкамі.

- У доўгатэрміновай перспектыве вы бачыце шанцы краін, якія знаходзяцца паміж Расеяй і ЕЗ, захаваць сваю незалежнасць?

- Так. Я думаю, што найбольш важная рэч, якая тут адбываецца - гэта сацыяльныя перамены. Гэтыя краіны растуць як з пункту гледжання адукацыі, так і з пункту гледжання размеркавання выгод. Разам з гэтым і паступова мяняюцца ў людзей погляды. Гэта можна заўважыць па Расеі. Па крайняй меры, у вялікіх гарадах, такіх, як Масква і Санкт-Пецярбург, ёсць вельмі шмат людзей, якім не падабаецца спадар Пуцін. Нават калі гэта не ўся Расея, ёсць уплывовыя групы людзей, якія не ўспрымаюць яго спосаб праўлення, не вераць, што ён быў абраны легітымна і гэтак далей. Я думаю, з часам такіх людзей будзе станавіцца ўсё больш.

Да таго ж чым даўжэй дыктатары трымаюцца ва ўладзе, тым горш ідуць іх справы - узяць хоць бы кіраванне эканомікай. Урэшце людзі стамляюцца жыць пры адным і тым жа дыктатары.

Фота: AFP

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках