28 красавiка 2024, Нядзеля, 14:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урачу-праўдарубу пачалі прымусова ўводзіць псіхатропы

45
Урачу-праўдарубу пачалі прымусова ўводзіць псіхатропы

Дзіцячы доктар з Віцебска Ігар Пастноў паведаміў пра пачатак прымусовага псіхіятрычнага лячэння.

Суд Віцебскага раёна санкцыянаваў магчымасць такога лячэння «на меркаванне лекараў» толькі 21 жніўня. Рашэнне гэтага суда яшчэ не ўступіла ў законную сілу, аднак у Віцебскай псіхіятрычнай лякарні, па словах Ігара Пастнова, ужо пачалі яго выконваць, паведамляе ПЦ «Вясна».

Пра тое, што яму гвалтоўна пачалі рабіць ін'екцыі псіхатропных прэпаратаў, паведаміў сам Ігар Пастноў. Яму на адну хвіліну далі скарыстацца мабільным тэлефонам, кажа віцебскі незалежны журналіст Уладзімір Жыгулёў:

«Пастноў патэлефанаваў нечакана, сказаў, што ў яго адна хвіліна. І сказаў, што яму пачалі прымусова рабіць ўколы. Пасля фразы «Ганьба нашай псіхіятрыі» тэлефонная сувязь абарвалася».

Ігар Пастноў збіраўся абскардзіць судовае рашэнне адносна прымусовага псіхіятрычнага лячэння: наконт гэтага ўжо заключаная дамова з адвакатам, які рыхтуе касацыйную скаргу. 10 дзён для яе падачы яшчэ не прайшлі.

Віцебскія грамадскія актывісты падрыхтавалі зварот да пракурора вобласці, дзе таксама просяць адмяніць рашэнне суддзі Віцебскага райсуда Таццяны Дзегцяровай. Яны склалі калектыўны ліст, дзе пішуць, што падчас суда былі парушаныя канстытуцыйныя правы Ігара Пастнова: яго не прывезлі ў суд, каб ён мог нешта сказаць у сваю абарону, у яго не было магчымасці, каб дамовіцца з адвакатам, які абараняў бы яго інтарэсы ў судзе. Такім чынам, былі парушаныя і права на незалежны судовы разбор, і права на абарону ў судзе. А яшчэ - права на свабоднае выказванне сваіх думак і меркаванняў, лічаць віцебскія актывісты.

Нагадаем, Ігара Пастнова забралі ў 2-е закрытае аддзяленне псіхіятрычнай бальніцы 16 жніўня, а як раз за некалькі дзён да таго ён размясціў у інтэрнэце свой чарговы зварот да землякоў. У ім ён ужо не першы раз крытыкуе працу асобных медустаноў вобласці і абласнога кіраўніцтва. Таксама ён паведаміў, што яму адкрыта пагражаюць прымусовым псіхіятрычным лячэннем.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках