МУС прапануе забараніць паліць і піць піва да 18 гадоў
49- 29.08.2013, 11:27
- 20,069
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прапануе заканадаўча замацаваць забарону на паленне і ўжыванне піва і слабаалкагольных напояў асобам да 18 гадоў.
«МУС прапаноўвае прадугледзець у Законе «Аб правах дзіцяці» норму, якая забараняе асобам ва ўзросце да 18 гадоў паліць, ужываць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі або піва, ужываць наркотыкі, псiхатропныя рэчывы i аналагі», - паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у чацвер у МУС Беларусі.
Акрамя таго, міністэрства прапануе «ўнесці ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях адказнасць бацькоў за такія дзеянні дзяцей».
«Таксама прапануецца замацаваць на заканадаўчым узроўні правядзенне абавязковага тэставання навучэнцаў устаноў адукацыі на прадмет ужывання алкаголю і наркотыкаў», - адзначылі ў МУС.
У міністэрстве падкрэслілі, што «ўсё больш вострымі становяцца праблемы, звязаныя з алкагалізацыяй і наркатызацыяй моладзевага асяроддзя». У бягучым годзе, паводле інфармацыі МУС, «за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства выяўлена амаль 5 тыс. непаўналетніх, 3,5 тыс. дарослых - за набыццё ім алкагольных напояў або ўцягванне ва ўжыванне, а таксама 809 прадаўцоў - за рэалізацыю спіртнога падлеткам».