Фільм «Жыве Беларусь!» выйшаў на DVD
27- 29.08.2013, 16:02
- 17,004
Нашумелая беларуская кінастужка з'явілася ў продажы на DVD-дысках.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў адзін з аўтараў сцэнара «Жыве Беларусь!», журналіст і былы палітсалдат Франак Вячорка.
Вокладка DVD зробленая па-польску. Паводле інфармацыі сеткі крамаў Empik, фільм мае дзве гукавыя дарожкі - арыгінальную беларускую і польскую, а таксама польскія і англійскія субтытры. Якасць відэа - HD, гук 5.1. Дыск можна купіць у любой краме сеткі і на інтэрнэт-сайце за 28 злотых (прыкладна 8 даляраў).
«Жыве Беларусь!» - гэта першы мастацкі фільм пра беларускі Супраціў. У ім прадстаўленыя лёсы маладых беларусаў, якія змагаюцца з дыктатурай, і ў той жа час спрабуюць жыць нармальна.
Кінастужка здымалася ў лістападзе - снежні 2011 года ў Польшчы. Трэйлер фільма быў паказаны на Берлінскім кінафестывалі вясной 2012 года, а прэм'ерны паказ адбыўся на фестывалі ў Канах. Прэм'ера ў Польшчы адбылася 17 красавіка гэтага года.
Рэжысёр фільма - паляк Кшыштаф Лукашэвіч. Сцэнарысты - беларускі журналіст і актывіст Франак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч.
Галоўную ролю - рок-музыкі Мірона Захаркі - выканаў беларускі музыка Зміцер (Вінцэнт) Папко. Фільм заснаваны на рэальных падзеях і сабраў у сабе гісторыі і лёсы многіх беларусаў, якія прайшлі і працягваюць праходзіць праз рэпрэсіі ў Беларусі.