Беларусаў цішком пазбавілі льготных крэдытаў
37- 11.09.2013, 9:12
- 45,822
Цяпер далёка не ўсе змогуць атрымаць льготны крэдыт на будаўніцтва жылля.
Льготныя крэдыты цяпер будуць выдзяляцца толькі пад будаўніцтва дамоў тыпавых спажывецкіх якасцяў, пералік праектаў якіх зацверджаны Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва.
У канцы жніўня Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ціха, можна нават сказаць, па-сямейнаму зацвердзіла пералік праектаў эканамічных жылых дамоў тыпавых спажывецкіх якасцяў. Пры гэтым у пастанове не паказвалася, у сувязі з чым зацверджаны гэты пералік і якія наступствы ён можа мець для рынку жыллёвага будаўніцтва. Таму гульцы будаўнічага рынку і самі грамадзяне ўспрынялі гэта рашэнне дастаткова спакойна, вырашыўшы, што пералік складзены толькі з мэтай зрабіць таннейшым жыллёвае будаўніцтва, паведамляе «Ежедневник».
Нагадаем, што незадоўга да рашэння Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Лукашэнка жорстка крытыкаваў беларускіх праекціроўшчыкаў, якія «дзяруць з забудоўшчыкаў тры шкуры». Тады на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на завышэнне кошту праектных работ, нізкую якасць іх выканання, наяўнасць падкантрольных фірмаў.
Аднак, як патлумачылі ў Мінбудархітэктуры, зацвярджэнне пераліку праектаў зусім не звязанае з імкненнем зрабіць жыллёвае будаўніцтва танней, паколькі праектныя працы ў ім займаюць зусім нязначную долю. Пералік наўпрост звязаны з умовамі выдзялення льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля і будзе мець сур'ёзныя наступствы для многіх. Прасцей кажучы, цяпер грамадзяне не змогуць атрымаць льготны крэдыт на будаўніцтва жылля, калі яно будуецца па праекце, які не ўваходзіць у зацверджаны міністэрствам пералік.
Начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль пацвердзіў , што пералік зацверджаны не для эканоміі рэсурсаў пры стварэнні праекта, а для патаннення самога аб'екта.
Задачай Мінбудархітэктуры было сабраць разам лепшыя праекты эканамічных дамоў, каб дзяржаўныя прадпрыемствы будавалі аб'екты з максімальнай аптымізацыяй выдаткаў.
«Дзяржава павінна рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы, выдзеленыя пад льготнае будаўніцтва», - растлумачыў Аляксандр Горваль.
Спецыялісты Мінбудархітэктуры звярнулі ўвагу, што з гэтага часу толькі тыя дамы, якія пабудаваныя па праектах з пераліку, будуць адносіцца да катэгорыі жылля тыпавых спажывецкіх якасцяў. Вызначыць крытэры аднясення аб'екта да гэтага тыпу з'яўлялася важнай задачай, таму што толькі такія праекты зараз крэдытуюцца з дзяржпадтрымкай.
Пералік праектаў разасланы па будаўнічых арганізацыях, якія абавязаныя іх выкарыстоўваць у выпадку будаўніцтва дамоў з дзяржпадтрымкай. Іншымі словамі, цяпер у камерцыйных дамах ніхто не зможа стаць дольшчыкам пры дапамозе льготнага крэдыту.
Пералік непасрэдна датычыцца і тых, хто будуе сабе індывідуальны дом . Калі той, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, захоча атрымаць льготны крэдыт пад будаўніцтва дома, яму неабходна будзе мець праект менавіта з зацверджанага міністэрствам пераліку. У адваротным выпадку ў крэдыце будзе адмоўлена альбо трэба будзе прыцягваць камерцыйныя крэдыты, стаўкі па якіх сёння стартуюць з 55% гадавых.
Як растлумачылі ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, для таго, каб пабудаваць сабе дом з прыцягненнем льготнага крэдыту, з гэтага часу трэба звяртацца ў Рэспубліканскі навукова-тэхнічны цэнтр па коштаўтварэнню ў будаўніцтве. На сайце ўстановы ў раздзеле «Навіны» можна знайсці форму заяўкі, якую неабходна адправіць для атрымання праекта. Паводле слоў спецыялістаў цэнтра, праект індывідуальнага дома будзе каштаваць да 2 мільёнаў рублёў.