7 траўня 2024, aўторак, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адміністрацыя «Беларуськалію» абяцае разагнаць незалежны прафсаюз

16
Адміністрацыя «Беларуськалію» абяцае разагнаць незалежны прафсаюз

Незадаволенасць сваім сацыяльна-эканамічным станам работнікі калійнага гіганта пачалі праяўляць яшчэ некалькі месяцаў таму.

Свежая статыстыка Белстата пацвердзіла - сярэдні заробак па Салігорскім раёне ў чэрвені знізіўся амаль на 50 даляраў. Відавочна, што асноўны ўклад у такое зніжэнне зрабіла горадаўтваральнае прадпрыемства ААТ «Беларуськалій», піша ПЦ «Вясна».

Як стала вядома мясцовым праваабаронцам, у ліпені работнікі аднаго з руднікоў звярнуліся ў Незалежны прафсаюз гарнякоў з прапановай аб правядзенні пікета супраць пагаршэння ўмоў аплаты працы на прадпрыемстве. Кіраўніцтва НПГ прапанову адхіліла ў надзеі дамагчыся лепшых умоў шляхам перамоваў з адміністрацыяй. Дзеля справядлівасці адзначым, што генеральны дырэктар паабяцаў тады пайсці насустрач у гэтым пытанні.

Сітуацыя пагоршылася пасля разрыву адносінаў «Беларуськалію» са сваімі расейскімі партнёрамі з «Уралкалію», супрацоўніцтва з якімі вялося ў рамках «Беларускай калійнай кампаніі». Кіраўніцтву салігорскага калійнага гіганта прыйшлося спыняць вытворчасць на двух рудніках і пераводзіць рабочых на дзве трэці акладу. У такіх умовах адміністрацыя прадпрыемства аднавіла свае даўнія планы па памяншэнні сацыяльнай нагрузкі на вытворчасць.

Гаворка перш за ўсё, ідзе пра збавенне ад няпрофільных структурных падраздзяленняў ААТ «Беларуськалій» тыпу дзіцячых садкоў, рамонтна-будаўнічых упраўленняў, архітэктурна-праектных аддзелаў. Ад будаўніцтва льготнага жылля для работнікаў прадпрыемства таксама плануецца адмовіцца ў карысць арэнднага.

Такія змены ў сацыяльнай палітыцы прадпрыемства захаплення ў работнікаў не выклікалі. Для прадухілення магчымых пратэстаў адміністрацыя «Беларуськалію» правяла адмысловую нараду, на якой прысутнічалі кіраўнікі ўсіх рудаўпраўленняў, прадстаўнікі праўладнага і незалежнага прафсаюзаў.

Асноўны мэсідж - наступілі складаныя часы, неабходна згуртавацца і пацярпець. На нарадзе ад НПГ запатрабавалі безумоўнай падтрымкі дзеянняў адміністрацыі ў канфлікце з «Уралкаліем».

У выпадку спробаў правядзення акцый пратэсту было абяцана разагнаць незалежны прафсаюз на працягу тыдня. Пад ціскам адміністрацыі кіраўніцтва НПГ абвясціла пра поўную падтрымку рабочымі кіраўніцтва прадпрыемства ў канфлікце з «Уралкаліем».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках