7 траўня 2024, aўторак, 22:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У «справе энергетыкаў» з'явіўся яшчэ адзін фігурант

13
У «справе энергетыкаў» з'явіўся яшчэ адзін фігурант

Звольнены з пасады генеральнага дырэктара РУП «Брэстэнерга» Уладзімір Шышко можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Як стала вядома charter97.org, спецыялісты Камітэта дзяржаўнага кантролю ў ходзе сваёй праверкі вывучылі розныя аспекты працы «Брэстэнерга», якія датычацца абгрунтаванасці ўстанаўлення тарыфаў на электрычную і цеплавую энергію.

Сярод выяўленых парушэнняў асабліва месца займае зрыў тэрмінаў рэканструкцыі пятага энергаблока Бярозаўскай ГРЭС, якая пачалася ў 2008 годзе і павінна была быць завершана ў 2010-м. Аднак расейская фірма, абраная ў якасці пастаўшчыка асноўнага тэхналагічнага абсталявання, аказалася нежыццяздольнай, у выніку чаго дата завяршэння рэканструкцыі неаднаразова пераносілася. Пры гэтым яшчэ ў сакавіку 2011 года ў эксплуатацыю быў прыняты першы пускавы комплекс пятага энергаблока, у склад якога ўвайшлі дзве газатурбінныя ўстаноўкі, але на працягу двух гадоў яны не эксплуатаваліся. Па афіцыйных дадзеных, выпушчаная выгада ў дадзеным выпадку склала 70 мільёнаў даляраў і гэта паслужыла адной з падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы.

Да таго ж кантралёры выявілі, што высокі ўзровень вытворчых выдаткаў, які склаўся ў энергетыцы Брэстчыны, збольшага быў абумоўлены неабгрунтаваным налічэннем амартызацыі на асноўныя сродкі, якія не выкарыстоўваюцца. Так, на РУП «Брэстэнерга» ў 2012 годзе на невыкарыстоўваныя блокі №3 і №6 Бярозаўскай ГРЭС была налічаная і ўключаная ў затраты энергасістэмы амартызацыя ў памеры больш за 2 мільярды рублёў. Акрамя таго праверка выявіла неэфектыўнае выкарыстанне грошай прадпрыемства на мэты, не звязаныя з павышэннем эфектыўнасці работы энергасістэмы. У прыватнасці, нягледзячы на дрэнны фінансавы стан прадпрыемства і вялікія пазыкі па крэдытах «Брэстэнерга» вяло рэканструкцыю ўласнага адміністрацыйнага будынка, выкарыстоўваючы архітэктурныя празмернасці: тут усталявалі купал з металаканструкцый, фантан, ліфт і іншыя атрыбуты агульным коштам больш за 6 мільярдаў рублёў.

Калі раней па «справе энергетыкаў» да крымінальнай адказнасці (па артыкуле «службовая халатнасць») былі прыцягнутыя чыноўнікі ДВА «Белэнерга» і ААТ «Белэнергаснабкамплект», то зараз спіс падазраваных можа быць пашыраны за кошт кіраўнікоў рэгіянальных структур. Па выніках праверкі КДК генеральны дырэктар РУП «Брэстэнерга» Уладзімір Шышко быў вызвалены ад пасады, а сабраныя матэрыялы накіраваныя ў праваахоўныя органы для дачы прававой ацэнкі.

Нагадаем, што 16 красавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў з жорсткай крытыкай дзейнасці Мінэнерга, заявіўшы, што беларускія энергетыкі стварылі ўласную дзяржаву ў дзяржаве, нейкую сваю незалежную арганізацыю «з элементамі мафіі і банды».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках