3 траўня 2024, Пятніца, 16:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўніца з Менска: Заробку не стае, падзарабляю мадэллю

48
Настаўніца з Менска: Заробку не стае, падзарабляю мадэллю

Падвышэнні заробкаў не паспяваюць за ростам коштаў.

Настаўніца ангельскай і нямецкай моў з гімназіі №4 горада Менска распавяла сайту CityDog, як жыве на заробак у 3588000 рублёў.

- Гэта другі год размеркавання пасля лінгва-гуманітарнага каледжа, - кажа яна. - Цяпер вучуся ў лінгвістычным універсітэце завочна на бюджэце - паступала адразу на 3-і курс. Кажуць, пасля інстытута замежных моваў я павінна буду яшчэ раз адпрацоўваць размеркаванне.

У мяне 26 гадзін нагрузкі. Калі шчыра, я не разбіраюся ў сваім разліковым лістку.

Цяпер жыву з бацькамі, але таксама купляю ежу. Люблю купляць на сезонным рынку на Камароўцы садавіну і гародніну, а ў вялікія крамы мы ходзім з бацькамі.

Год таму я паспрабавала некалькі месяцаў жыць без дапамогі бацькоў, як раз калі пачала працаваць у школе. Было кепска: купляла самае-самае патрэбнае з прадуктаў, не купляла мяса. Грошай не ставала, даводзілася пазычаць. Сябры мне дапамагалі. Жыла я таксама ў сяброў - калі б здымала кватэру, то ўвогуле не было б чаго есці. Потым пераехала назад да бацькоў, і бюджэт выраўняўся.

Я падзарабляю мадэллю, і, калі б не гэта, не ведаю, як бы жыла на заробак.

Ва ўсіх настаўнікаў у калектыве саркастычнае стаўленне да заробкаў: палова сыходзіць на тое, каб купіць прыдатны для працы пінжак, а другая - на тое, каб пракарміцца і купіць праязны. Ужо ніхто нават не скардзіцца - гэтыя падвышэнні заробкаў, якія былі, проста не паспяваюць за сталым падвышэннем коштаў.

Дзяўчына на змагла вызначыць самы вялікі артыкул выдаткаў у сваім бюджэце.

Цяпер давялося купіць кампутар, - кажа яна. - Ён, вядома, пацягнуў больш, чым мой заробак, давялося пазычаць. Яшчэ я выдаткоўваю грошы на касметыку, але не выдаткоўваю на адзенне. Ездзіла летам адпачываць, і па дарозе назад згубілі мой багаж з рэчамі, якія там купіла. І я наважыла, што так і трэба, больш увогуле не трэба купляць адзенне.

Я не хаджу ў кавярні ды рэстарацыі. Дзень настаўніка таксама не пайшла адзначаць з калегамі. Але ў мяне шмат знаёмых, якія водзяць мяне ў кінатэатры або ў галерэі, бо там працуюць.

Затое выдаткоўваю грошы на кнігі. На метадычную літаратуру кожны месяц нам даплачваюць 41 тысячу. Вядома, ёсць інтэрнэт, але ў мінулым годзе я купляла шмат метадычных распрацовак, зборнікаў, слоўнікаў.

Кабінет у мяне забралі, бо я яго «не развівала». У наш кабінет патрэбен ламінат, праектар, стэнды, якія настаўнікі робяць самі або з бацькоўскім камітэтам (калі ён ёсць). Мой калега летам клеіў шпалеры - выдаткаваў на гэта некалькі мільёнаў. Дзецям - прыемна, настаўнікам - складана.

Цяпер, калі няма кабінета, я выдаткоўваю грошы на кнігі для сябе. Адна кніга каштуе прыкладна як паесці ў «Макдональдсе». Таму калі не есці ў «Макдональдсе», то можна купіць кнігу.

Адкладаю грошы на падарожжы. У мінулым годзе назбірала і на вакацыях паехала ў Лондан. Я ўвесь час планую кудысьці паехаць, але мяне не адпускаюць на працы - нават на вакацыях трэба хадзіць у школу кожны дзень. Можа, хтосьці ў гэты час працуе, але я проста сяджу і гляджу фільмы ў кабінеце. Лепш бы адпускалі ў гэты час падарожнічаць - чым больш я падарожнічаю, тым лепш вывучаю замежныя традыцыі, мовы. У мяне, напрыклад, няма практыкі нямецкай мовы. Я яе вучыла дзевяць гадоў, а яна проста памірае. Ведаю, я пачынаю хваліцца, але цяпер я вучу ўжо восьмую мову - чэшскую. Дзякуючы вашаму сайту знайшла бясплатныя курсы на гістфаку. Але адчуваю, што хачу больш і мне патрэбныя платныя курсы, больш інтэнсіўныя.

У мінулым годзе ў мяне было класнае кіраўніцтва - гэта быў жах. Столькі папяровай, чыста фармальнай працы! Гэта забірала шмат часу, і за extra hours не плацілі. Цяпер з'явілася больш часу на падрыхтоўку да ўрокаў. Я рыхтуюся вельмі шмат - 5-6 гадзін кожны дзень.

У мінулым годзе, калі я толькі прыйшла, у школе не ўхвалялі мой выгляд. Так атрымалася, што я ўсю зіму хадзіла ў школу ў «марцінсах». Цяпер спрабую выглядаць па-дзелавому, насіць пінжак. Дзеці лёгка падпадаюць пад дрэнныя прыклады - я іх лаю, кажу, што ў школу трэба адзявацца строга. А яны на мяне глядзяць і кажуць: Стэфанія Міхайлаўна, а мы хочам як вы, дзе вы «марцінсы» куплялі?

Не ведаю, ці буду заставацца ў школе. Планую старанна вучыцца далей, не вельмі хочацца заставацца ў лінгвістычным. Хачу паступіць на дзённае аддзяленне і атрымаць іншую прафесію, якая не будзе звязаная са школай.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках