4 траўня 2024, Субота, 19:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Георгій Кандрацьеў: Я абяцаў - я пайду

13
Георгій Кандрацьеў: Я абяцаў - я пайду

Але з іншым трэнерам футбалісты не стануць гуляць па-іншаму.

Пра гэта заявіў галоўны трэнер зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў пасля паразы ад каманды Славакіі (1:3) у матчы кваліфікацыі Euro-2016, піша «Прессбол».

- Хачу сказаць, што пацярпелі паразу сёння заслужана, больш класнай камандзе. Як усе бачылі, славацкія футбалісты пераўзышлі нашых узроўнем. Аднаго старання мала, трэба яшчэ і ўмець гуляць у футбол. Славакі сёння ў футбол гулялі лепш.

- У чарговым паражэнні ў большай ступені вінаватыя вы ці хлопцы?

- Я вінаваты. Калі каманда цярпіць паразы, заўсёды вінаваты трэнер.

- 1 бал пасля трох матчаў пакідае нам шанцы на працяг барацьбы?

- А можна сустрэчнае пытанне? Ці заслугоўваем мы з такой гульнёй выхад на Еўра? Не, думаю, усё заканамерна.

- Сёння зноў адсутнічалі намінальныя нападнікі. Чым Гардзяйчук і Брэсан мацнейшыя за Януша і Карніленку?

- Я ўжо адказваў на такія не зусім карэктныя пытанні. Калі я іх абраў, значыць, яны былі мацнейшыя.

- Вы працуеце ўжо не першы цыкл. Задача была прабіцца на еўрафорум. А цяпер вы кажаце, што мы не вартыя...

- Раз выніку няма, трэнер павінен сысці. Я абяцаў - я пайду. Але вы думаеце, прыйдзе іншы спецыяліст і нешта зменіць? Мы да чаго ішлі 25 гадоў, да таго і прыйшлі... Хлопцы ўсім прайграюць. У Расеі выступае два чалавекі, астатнія - у глыбокім запасе. Мы ўжо адсталі амаль назаўжды ад вядучых краін. Славакія - не ах якая футбольная дзяржава, але і ёй мы ўжо саступаем. Паглядзіце, як з мячом працуем мы, і як гэта робяць славакі... Думаеце, прыйдзе трэнер нейкі... Нават калі сабраць у адным трэнеры ўсе лепшыя якасці ўсіх трэнераў свету, думаеце, за тры дні ён навучыць нашых футбалістаў гуляць?

- Ці была пасля матчу размова з прадстаўнікамі Федэрацыі? Што азначаюць вашы словы аб адстаўцы? Заўтра сыдзеце?

- Не, я нікога яшчэ не бачыў. Але я прыняў пастанову. Думаю, у Федэрацыі не будуць пярэчыць. Не ведаю, калі - заўтра, паслязаўтра...

- Успомнім папярэдні цыкл, завяршальныя матчы таго адбору. Вынікі каманда паказвала няважныя, але якасць гульні была лепшай, згодныя?

- Згодзен. У мінулым цыкле мы больш якасную гульню дэманстравалі. Тут усё прасцей - у Расеі хлопцы не гуляюць. На асобных людзей з БАТЭ і менскага «Дынама» легла вялікая нагрузка ў сезоне - яны не ў лепшых кандыцыях. У тым годзе хлопцы былі на хаду. З гульцоў беларускага чэмпіянату ж сабраць дружыну, якая будзе развязваць самыя высокія задачы сёння немагчыма.

- Прайшло ўсяго тры матчы. За выхад на Еўра можна і трэба змагацца... Ці карэктна пакідаць зборную цяпер? Не будзе ад гэтага горш? І калі нічога зрабіць нельга, каго бачыце пераемнікам?

- Калі ставіцца канкрэтная задача - выхад на чэмпіянат Еўропы, яе трэба дасягнуць. Цяпер шанцаў практычна няма. Можа лепш новаму чалавеку прыйсці і спакойна папрацаваць. Пачаць рыхтаваць хлопцаў да адбору на чэмпіянат свету. Можа, моладзь падрасце. У нас ёсць нядрэнныя хлопцы. Трэба нешта мяняць. Не хочацца спісваць усё на нешанцаванне, але, пагадзіцеся, яно ў нас страшнае. То ў свае заб’ем, то галы нейкія фантастычныя залятаюць. Можа, новы трэнер будзе проста больш шчаслівым…

- За час працы ў зборнай, што вынеслі для сябе станоўчага і адмоўнага?

Для сябе набыў вялікі досвед. Што не атрымалася? Выніку дамагчыся.

- Вы былі добрым нападнікам. Сёння з форвардамі ў Беларусі праблема. Як гэта змяніць?

- Я бачу праблемы ўсюды - на кожнай пазіцыі ў зборнай. Акрамя брамавай, мабыць. Даруйце, калі кагосьці пакрыўдзіў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках