Войска РФ вядзе перагрупоўку ва Украіне і ля межаў
15- 13.10.2014, 8:46
- 16,111
Украінскія памежнікі не заўважылі абяцанага Пуціным адводу войскаў.
Узброеныя сілы Расейскай Федэрацыі і прарасейскія тэрарысты надалей вядуць канцэнтрацыю і перагрупоўку ў межах Данецкай і Луганскай абласцей. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, піша NEWSru.ua.
З інфармацыі памежнікаў, адбываецца забеспячэнне ўзбраеннем, цяжкай браняванай тэхнікай, артылерыяй, боепрыпасамі і гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Таксама расейска-тэрарыстычныя войскі вядуць актыўныя выведвальныя мерапрыемствы.
На крымскім кірунку, гаворыцца ў паведамленні, Расея нарошчвае ўдарную групоўку сваіх узброеных сіл. У прыватнасці, са спасылкай на інфармацыю Міністэрства абароны Расеі ўкраінскія памежнікі паведамляюць, што лётчыкі асобнага карабельнага знішчальнага авіяцыйнага палка палубнай авіяцыі Паўночнага флота Расеі правялі вучэбна-трэніровачныя палёты на аэрадроме ў Саках ў Крыме.
Адначасна, зафіксаваны адвод узброеных фарміраванняў Расеі ад пасёлка Шырокіна ў напрамку горада Наваазоўск на поўдні Данецкай вобласці. Разам з тым на раней захопленых расейскімі ваеннымі тэрыторыях і на блокпостах павялічваецца колькасць баевікоў ад так званай «ДНР», гаворыцца ў паведамленні памежнікаў. Акрамя таго, непадалёк ад населенага пункта Маркінай афіцэры Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Расеі «ў спецыяльным лагеры ажыццяўляюць падрыхтоўку тэрарыстаў-выведнікаў», паведамляе памежная служба.
Між тым у суседняй з Украінай Растоўскай вобласці Расеі, з аператыўнай інфармацыі, паблізу пасёлка Водзіна расейскія вайсковыя інструктары праводзяць на танкадроме падрыхтоўку экіпажаў для танкаў, якія былі перададзеныя сепаратыстам.
Таксама ў Растоўскай вобласці Расеі насупраць Данецкай і Луганскай абласцей расейскія воінскія фарміраванні праводзяць інжынернае ўладкаванне агнявых пазіцый і камандных пунктаў. Акрамя гэтага, адбываецца разгортванне ваенных намётавых мястэчкаў і пошук у памежных населеных пунктах будынкаў для размяшчэння асабістага складу, паведамляе памежная служба.
Нагадаем, што ў суботу ўвечары, 11 кастрычніка, прэс-служба Крамля паведаміла, што Пуцін даручыў Міністэрству абароны пачаць вяртанне ў месцы пастаяннай дыслакацыі 17 тысяч 600 вайскоўцаў, якія, з афіцыйнай версіі, з лета праводзілі вучэнні на палігонах у Растоўскай вобласці.
Раней расейскі прэзідэнт ужо аддаваў падобныя загады сёлета ў сакавіку і траўні, аднак NATO абодва разы заяўляла аб захаванні падвышанай канцэнтрацыі расейскіх войскаў уздоўж украінска-расейскай мяжы.