2 траўня 2024, Чацвер, 20:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Начальнік цэха "Шкловалакна" загадаў спаліць кацянят у плавільнай печы

79
Начальнік цэха "Шкловалакна" загадаў спаліць кацянят у плавільнай печы

Кацяняты трапіліся на вочы нейкаму начальству.

Пра гэта стала вядома актывістам суполкі Свабоднага прафзвязу беларускага, пасля таго як да іх звярнуліся са скаргамі работнікі прадпрыемства ў Полацку, перадае «Радыё Свабода».

Віктар Стукаў, кіраўнік незалежнай прафсаюзнай арганізацыі, разглядае здарэнне за неапраўданую жорсткасць: «На прадпрыемстве жыла котка, у яе з'явіліся кацяняты. Іх падкормлівалі, шкадавалі, жывёліны нікому не заміналі. Аднак жа трапіліся на вочы і пад дрэнны настрой нейкаму начальству. У выніку, як распавялі работнікі, кіраўніцтва цэха №8 папрасіла «разабрацца» з коткай і кацянятамі начальніка цэха №7, у якім стаіць плавільная печ. Маўляў жывёліны псуюць гатовую прадукцыю, і ад іх трэба пазбавіцца.

Ніколі мы не чулі, што коткі што-небудзь псуюць, але ад іх пазбавіліся: начальнік цэх №7 загадаў работнікам спаліць котку з кацянятамі. Жыўцом!»

У печы цэха №7 спальваюць адкіды вытворчасці - іх пераплаўляюць на шкло і далей накіроўваюць у вытворчы цыкл. Тэмпература дасягае больш за 1000 градусаў. Дзеянні тых, хто аддаў загад пазбавіцца ад жывёлін такім чынам, падпадае пад артыкул 15.45 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях - жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула «смерць або калецтва, а таксама катаванне жывёл» - і караюцца штрафам у суме ад 10 да 30 базавых адзінак або адміністрацыйным арыштам.

Аднак актывіст СПБ Мікола Шарах бачыць у гэтай сітуацыі і іншыя парушэнні заканадаўства: «Зразумела, што з бадзяжнымі жывёламі так не змагаюцца: калі дзейнічаць паводле закону, то выклікалі б камунальнікаў. А тут чыстае самаўпраўства! Па-першае, кіраўніцтва цэха, аддаючы такі загад, прымушае сваіх работнікаў да забойства жывой істоты. У працоўнай дамове сказана, што работнік павінен выконваць усе загады кіраўніцтва. Наш прафзвяз супраць гэтага пратэставаў, але безвынікова. Так што ў нас можна, напрыклад, паслаць працоўнага будаваць сабе лецішча, калі начальства скажа. Але што дойдзе да забойства, ніхто не думаў! Па-другое, у гэтай печы «эрклез», дзе спалілі кацянят, паляць адходы шкла. Паводле тэхналогіі недапушчальна спальваць там што-небудзь іншае. У нас працоўных нават штрафуюць, калі ў печку трапляе выпадковае смецце. А тут - такі загад!»

Са слоў Мікалая Шараха, спаленне жывёлін у печы магло адбывацца і раней, паколькі час ад часу на «Шкловалакно» з'яўляліся бадзяжныя коткі і сабакі, а потым яны знікалі. Аднак менавіта апошні выпадак стаў шырока вядомы. Яго абмяркоўваюць у грамадскім транспарце, з актывістамі СПБ звязаліся грамадскія структуры, якія займаюцца бадзяжнымі жывёламі. Супольна пастанавілі, што справу варта давесці да суда, каб вінаватых пакаралі. Таму ў гэты час абвясцілі пошук сведак спалення жывёл у плавільнай печы.

Але Шарах не ўпэўнены, ці пагодзяцца запалоханыя работнікі выступіць у судзе супраць начальства.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках