2 траўня 2024, Чацвер, 6:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕАБР: Інфляцыя ў Беларусі да канца года складзе 25%

29
ЕАБР: Інфляцыя ў Беларусі да канца года складзе 25%

Інфляцыя перасягне прагнозы ўлад у паўтары разы.

Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным 16 кастрычніка Аналітычным дэпартамэнтам Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) чарговым «Макраманіторы СНД», піша «Рэгнум».

«Ключавым чыннікам запаволення эканамічнага росту ў СНД стаў палітычны крызіс, справакаваны падзеямі вакол Украіны. Выкліканы ім моцны рост няпэўнасці, адток капіталу з рэгіёну, ваганні абменных курсаў негатыўна паўплывалі на дынаміку спажывання ды інвестыцыі. Вынікам гэтага стала пагаршэнне эканамічных паказчыкаў усіх трох груп краін СНД: экспарцёраў нафты і газу, экспарцёраў працоўных рэсурсаў і краін з дыверсіфікаванай структурай экспарту. Акрамя ўкраінскага крызісу, на эканомікі дзяржаў СНД паўплывалі розныя чыннікі, якія тычацца асобных краін. Як вынік, паводзіны некаторых эканомік вылучаліся з агульных для рэгіёну трэндаў», - канстатавалі экспэрты ЕАБР.

Яны адзначылі таксама: «У выпадку Беларусі можна казаць пра даволі памяркоўнае аднаўленне росту з нізкіх узроўняў, якія назіраліся ў канцы 2013 - пачатку 2014 года на фоне складанай сітуацыі ў галіне вонкавай устойлівасці эканомікі».

«Сярод дзяржаў з дыверсіфікаванай структурай экспарту Беларусь і Украіна знізілі сальда сваіх бюджэтаў, хоць у выпадку Украіны маштаб дысбалансу застаецца відавочным чынам несумяшчальны з макраэканамічнай стабільнасцю», - сказана ў дакладзе.

Экспэрты ЕАБР адзначылі пазітыўны ўплыў на беларускі экспарт значнага паскарэння росту ў хімічнай прамысловасці. «Тым не менш рост УБП застаецца ў межах 1-2%. Вяртанню яго на больш высокія ўзроўні перашкаджае доўжаны працэс кансалідацыі ўнутранага попыту, які цяпер у большай ступені закрануў яго інвестыцыйны складнік. На працягу астатняй часткі 2014 года і ў 2015 годзе больш прыкметным можа стаць зніжэнне тэмпаў росту спажывання хатніх гаспадарак. Гэтаму будзе спрыяць запаволенне росту заробкаў: за чэрвень сярэдні наяўны заробак у краіне прадэманстраваў адмоўны гадавы рост (зніжэнне на 0,2%) у рэальным выяўленні, упершыню з сакавіка 2012 года», - канстатавалі аўтары «Макраманітора СНД».

У ЕАБР канстатавалі паслабленне грашовай палітыкі Нацбанкам Беларусі, які знізіў стаўку рэфінансавання да 20% ніжэй за бягучы ўзровень інфляцыі (20,6% за жнівень). З прычыны такой палітыкі дзяржаўнага рэгулятара рост колькасці грошай у эканоміцы пачаў паскарацца - гадавы паказчык росту М2 дасягнуў 18,9% за ліпень, стаўшыся прыкметна вышэйшым за травеньскі мінімуму (9,1%).

«У гэтых варунках гадавы паказчык інфляцыі, напэўна, працягне рост на працягу астатняй часткі года да ўзроўняў пад 25% пад яго канец», - выснавалі экспэрты ЕАБР. Яны адзначылі таксама, што стан аплатнага балансу Беларусі «застаецца слабым, пагатоў што рост міжнародных рэзэрваў НБ Беларусі сёлета дасягнуты за кошт павелічэння замежнай запазычанасці».

У дакладзе адзначаецца: «Рост дэфіцыту бюджэту сэктара дзяржкіравання ў параўнанні з I паўгоддзем 2013 года звязаны са зніжэннем яго даходаў за гэты перыяд з 45,4% да 41,2% ад УБП. Выдаткі таксама зменшыліся да УБП, але менш значна, з 43,5% да 41%. Грунтуючыся на тым, што сума дзярждаходаў да УБП сёлета бліжэйшая да сярэдняй за 2010-я гады, чым яна была ў 2013-м, можна меркаваць, што ў перспектыве ўмацаванне дзяржаўных фінансаў можа запатрабаваць больш жорсткай палітыкі ў дачыненні да выдаткаў бюджэту».

«Дасягнуты прагрэс у справе аднаўлення вонкавай устойлівасці беларускай эканомікі звязаны з запаволеннем росту заробкаў (які ў той ці іншай ступені адлюстроўвае зрух у палітыцы ўлад) і, відаць, поспехамі ў галіне экспарту. Бюджэтная і крэдытна-грашовая палітыка ў краіне цяпер болей процідзейнічаюць далейшаму ўмацаванню яе аплатнага балансу», - канстатавалі ў ЕАБР.

У 2014 годзе ў Беларусі прадоўжыўся спад вытворчасці прамысловай прадукцыі і экспарту, а таксама агульнага аб'ёму таварнага абарачэння. Сёлета Беларусь спаборнічае за пальму еўразійскага першынства ў тэмпах інфляцыі з ахопленай вайной Украінай, а дагэтуль на працягу мноства гадоў сумнеўны беларускі антырэкорд ніхто не здолеў пабіць - нават сярэднеазіяцкія постсавецкія рэспублікі. Паводле звестак Белстата, за студзень-верасень 2014 інфляцыя ў Беларусі вырасла на 18,2% да аналагічнага перыяду мінулага года, у тым ліку харчовыя тавары падаражэлі на 18%, нехарчовыя - на 7,8%, а паслугі - на 37%.

Адзначым, у канцы 2013 года Лукашэнка, падпісваючы ўказ «Аб найважнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2014 год», быў упэўнены, што інфляцыя ў краіне вырасце на 11,1%. Праз паўгода, 9 ліпеня старшыня Нацбанка Надзея Ермакова заявіла, што зніжэнне стаўкі рэфінансавання залежыць ад тэмпаў росту інфляцыі, якія складуць у 2014 16-17%.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках