6 траўня 2024, панядзелак, 12:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліцыя заатакавала дэманстрантаў у Ганконгу: дзесяткі пацярпелых

Сутыкненні актывістаў руху Occupy Central з паліцыяй аднавіліся ў нядзелю раніцай у Ганконгу.

20 чалавек пацярпелі, перадае РІА "Новости" са спасылкай на AFP.

Дзесяткі супрацоўнікаў паліцыі ў поўным абмундзіраванні прарваліся ў натоўп пратэстоўцаў на пляцоўцы ў раёне Мангкок, спрабуючы разагнаць іх з дапамогай гумовых палак. Пасля сутыкнення некалькіх чалавек вынеслі на насілках, іншыя атрымалі траўмы галавы.

Паводле заявы супрацоўнікаў паліцыі, яны "мінімальна супраціўляліся", калі пратэстоўцы "нечакана наважылі перасекчы" абмежавальныя лініі. Дэманстранты заявілі, што не рабілі нічога, што магло справакаваць паліцыю.

Раён Мангкок цягам амаль трох тыдняў з'яўляўся адной з пляцовак пратэстаў, узначаленых актывістамі руху Occupy Central, якая змагаецца за дэмакратызацыю выбараў у Ганконгу.

Перад выходнымі ахоўнікі парадку пачалі актыўна выцясняць дэманстрантаў з раёна Мангкок, адначасна прыбіраючы барыкады. У суботу сотні дэманстрантаў паспрабавалі вярнуць кантроль над раёнам, падчас сутыкненняў былі затрыманыя больш за 20 чалавек. Паліцыянтам давялося скарыстацца гумовымі дубінкамі і балончыкамі з перцовым газам, а маніфестантам удалося заняць пляцоўку пратэстаў на ажыўленым скрыжаванні, дзе яны пачалі будаваць новыя барыкады.

Сутыкненні адбыліся толькі праз некалькі гадзін пасля таго, як рэгіянальная ўлада запрасіла лідэраў пратэстоўцаў да перамоваў, на якіх меркавалася разгледзець пытанні канстытуцыйнай рэформы. Сілавое супрацьстаянне пратэстоўцаў і паліцыі праходзіць у Ганконгу ўжо чацвёртую ноч запар.

Актывісты патрабуюць наўпроставых выбараў кіраўніка 7-мільённага Ганконга замест цяперашніх двухступеністых. У чэрвені яны правялі дзесяцідзённы онлайн-рэферэндум, у якім узялі ўдзел амаль 800 тысяч чалавек і які Пекін не прызнаў. У канцы верасня пратэстоўцы пачалі акцыю Occupy Central, блакуючы бізнэс-цэнтр мегаполіса.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках