26 красавiка 2024, Пятніца, 6:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін аб анэксіі Крыму: Мядзведзь ні ў каго пытацца не будзе

106
Пуцін аб анэксіі Крыму: Мядзведзь ні ў каго пытацца не будзе

Прэзідэнт Расеі патлумачыў, чым Крым адрозніваецца ад Косава.

Уладзімір Пуцін, каментуючы пытанне анэксіі ўкраінскага Крыму, заявіў, што "мядзведзь ні ў каго дазволу пытацца не будзе". Пра гэта ён сказаў на пасяджэнні клуба Валдай, піша ТАСС.

Каментуючы розніцу ў падыходах да косаўскага і крымскага рэферэндумаў, Пуцін нагадаў пра крылаты лацінскі выраз, сэнс якога ў тым, што ёсць рэчы, якія дазволены адным, але забаронены іншым: "Тое, што дазволена Юпітэру, не дазволена быку". "Мы не можам пагадзіцца з такімі фармулёўкамі", - падкрэсліў прэзідэнт Расеі.

"Можа быць, быку і не дазволена, але хачу вам сказаць, што мядзведзь ні ў каго дазволу пытацца не будзе, - дадаў Пуцін. - Наогул, ён мядзведзь лічыцца ў нас гаспадаром тайгі, і ён не збіраецца - і я ведаю гэта дакладна - кудысьці пераязджаць у іншыя кліматычныя зоны, яму там няўтульна. Але тайгі ён сваёй нікому не аддасць, я думаю, што гэта павінна быць зразумела".

"Значыць, камусьці можна наогул ні з чым не лічыцца, а нам абараняць свае кроўныя інтарэсы рускамоўнага і рускага насельніцтва ў Крыме нельга? Так не будзе!" - дадаў прэзідэнт РФ.

Пуцін падкрэсліў, што Расея выступае за поўнае захаванне менскіх дамоўленасцей усімі бакамі - і тэрарыстамі і ўкраінскімі войскамі. "Мы не бачым жадання ўкраінскіх улад вырашаць праблему з дапамогай палітычнага працэсу", - паскардзіўся ён. "Калі, не дай Бог, зноў нехта ўвойдзе ў спакусу ў спробах выкарыстоўваць сілу на ўсходзе Украіны для канчатковага вырашэння гэтай праблемы, загоняць сітуацыю ў канчатковы тупік", - папярэдзіў Пуцін.

Пуцін сцвярджае, што Кіеў, нібыта, не жадае вырашыць праблему шляхам перамоў. "У прыватнасці, войска не жадае сыходзіць з некаторых населеных пунктаў, а таксама некаторыя населеныя пункты не пакідаюць і апалчэнцы, спасылаючыся на тое, што ў іх там сем'і пражываюць", - адзначыў ён.

"Калі Украіна хоча захаваць тэрытарыяльную цэласнасць, а мы таксама гэтага хочам, трэба зразумець, што не трэба там чапляцца за нейкую вёску, гэта бессэнсоўна. Сэнс у тым заключаецца, каб спыніць кровапраліцце і пачаць дыялог, і на базе гэтага дыялогу выбудоўваць адносіны і аднаўляць нейкія камунікацыі, перш за ўсё ў сферы эканомікі", - падкрэсліў Пуцін.

"Хацеў бы нагадаць пра падзеі мінулага года. Тады мы гаварылі нашым партнёрам - і амерыканскім, і еўрапейскім, што паспешлівае закуліснае рашэнне адносна асацыяцыі Украіны і ЕЗ багатае сур'ёзнымі рызыкамі. Мы нават пра палітыку нічога не казалі, мы гаварылі толькі пра эканоміку, што такія крокі закранаюць інтарэсы многіх краін, у прыватнасці Расеі як асноўнага гандлёвага партнёра Украіны, што неабходна шырокае абмеркаванне пытання", - сказаў Пуцін.

Паводле ягоных слоў, перамовы аб уступленні РФ у СГА вяліся 19 гадоў і быў дасягнуты пэўны кансэнсус.

"Чаму я пра гэта кажу, таму што падчас рэалізацыі праекта асацыяцыі з Украінай да нас нібы праз заднія вароты са сваімі таварамі заходзяць, а мы пра гэта не дамаўляліся, нас ніхто пра гэта не пытаўся", - сказаў Пуцін.

Паводле ягоных слоў, РФ праводзіла дыскусіі па ўсіх тэмах асацыяцыі Украіны і ЕЗ, у прыватнасці падаючы довады і аргументы адносна магчымых праблем.

"Нас ніхто не хацеў слухаць і размаўляць ніхто не хацеў, сказалі - гэта не ваша справа, вось і ўся дыскусія. Замест складанага, але цывілізаванага дыялогу, справу давялі да дзяржаўнага перавароту, кінулі краіну ў хаос, развал эканомікі, сацыяльнай сферы, грамадзянскую вайну з вялізнымі ахвярамі. Навошта? Адказу няма, нічога не адказваюць", - сказаў Пуцін і адзначыў, што калі б Захад не заахвочваў такія дзеянні - нічога б не было.

"Былы прэзідэнт Украіны Януковіч усё падпісаў, з усім згадзіўся... Гэта што - цывілізаваны спосаб вырашэння пытанняў? Мабыць, тыя, хто без канца ляпаюць ўсё новыя і новыя "каляровыя рэвалюцыі", лічаць сябе геніяльнымі мастакамі, і ніяк спыніцца не могуць", - сказаў Пуцін.

Нагадаем, адмова ўкраінскай ўлады ад падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ у канцы лістапада 2013 года стала першапрычынай узнікнення самых масавых за ўсю гісторыю дзяржавы пратэстаў. У выніку ў лютым Віктар Януковіч, які быў тады прэзідэнтам, пасля масавага расстрэлу бяззбройных еўрамайданаўцаў на Майдане Незалежнасці ў Кіеве, збег у Расею.

РФ у сакавіку 2014 года пасля ўводу войскаў анексавала ўкраінскі Крым і пачала дэстабілізаваць абстаноўку на Данбасе. Спачатку РФ пастаўляла цяжкае ўзбраенне тэрарыстам у Луганскай і Данецкай абласцях, а ў жніўні - практычна адкрыта ўвяла ў Данбас свае рэгулярныя войскі.

Паводле звестак ААН, з сярэдзіны красавіка па 6 кастрычніка на ўсходзе Украіны загінулі па меншай меры 3 тыс. 660 чалавек, каля 9 тысяч былі паранены.

Cёння ў НАТА заявілі, што расейскія войскі па-ранейшаму прысутнічаюць ва Усходняй Украіне, і Масква захоўвае даволі магутны кантынгент на мяжы, нягледзячы на частковы адвод войскаў. У Альянсе падкрэсліваюць, што Расея перакінула ва Украіну досыць вайскоўцаў, каб "здзейсніць дзеянні прымусовага характару".

Напісаць каментар 106

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках