4 траўня 2024, Субота, 1:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёў упрыгожаць, як карэйскі кірмаш

9
Магілёў упрыгожаць, як карэйскі кірмаш

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама захапіўся эстэтыкай паўднёвакарэйскіх кірмашоў.

Гэта адбылося пасля таго, як Уладзімір Цумараў пабываў у Паўднёвай Карэі ў камандзіроўцы, паведамляе «Радыё Свабода».

Пра мэту візіту магілёўскія дзяржаўныя СМІ пакуль не паведамляюць, аднак засяроджваюць увагу на тым, што Цумараў даў даручэнні выкарыстоўваць «паўднёвакарэйскі вопыт правядзення гарадскіх кірмашоў», і прыводзяць выказванні чыноўніка:

«У адным стылі аформлены кірмаш. З аднаго боку намёты ў адным стылі, з другога боку таксама - шатры такія. Прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў горада Пхочхону рэкламавалі і рэалізоўвалі сваю прадукцыю. Прыгожа ўсё аформлена, а не так, як у нас. Адна палатка такая трапічная - страшна на яе глядзець, а другая іншага памеру. Трэба зрабіць адзіную такую сістэму, канцэпцыю распрацаваць, і каб калі мы кірмашы праводзілі, то яны сапраўды глядзеліся», - навучае падначаленых Уладзімір Цумараў.

Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі ў Паўднёвай Карэі не быў. Кажа, што на такую паездку ў яго няма грошай. На заявы Цумарава эканаміст рэагуе словамі:

«Хай бы ён іншае там убачыў. Тое, што ён падгледзеў у Паўднёвай Карэі - гэта сведчыць аб ягоным узроўні як кіраўніка. Тут паўстае пытанне: чаму чыноўнік за тысячы кіламетраў лётаў і ўбачыў толькі знешнія працэсы, якія адбываюцца ў краінах з рынкавай эканомікай? Чаму ён не падгледзеў, што канкурыраваць варта не толькі прыгожымі этыкеткамі з прыгожых намётаў, а эфектыўнасцю вытворчасці і яе сабекоштам і якасцю? Гэта галоўнае», - заяўляе Пётр Мігурскі.

На думку эканаміста, размовы аб прыгожых палатках і прыгажосць на кірмашах - гэта нішто іншае, як пусканне людзям пылу ў вочы:

«Трэба шукаць карані праблем у дзяржаўным ладзе, свабодзе чалавека і дэмакратыі і рыначнай эканоміцы. Калі там людзі ва ўмовах канкурэнцыі ўкладваюцца ў рэкламу, то яна спрацоўвае. Вы прабачце, але ўзровень жыцця паўднёвага карэйца і беларуса, скажам так, гэта зусім розныя паняцці. Там, калі чалавек прыходзіць з поўным кашальком, то ён на самай справе выбірае. А калі беларус прыходзіць з пустым кашальком, то якім гармонікам яго толькі ні прываблівай, з пустой торбай ён з кірмашу і пойдзе», - лічыць эканаміст Пётр Мігурскі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках