Лаўкостэры не жадаюць лятаць у Менск
5- 31.10.2014, 9:59
- 9,240
Ні адна з лаўкост-авіякампаній не звярталася да беларускіх авiяцыйных уладаў з запытам на адкрыццё рэйсаў.
Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар ААТ «Авіякампанія «Белавія» Анатоль Гусараў 30 кастрычніка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню работнікаў грамадзянскай авіяцыі, піша БелаПАН.
«Наколькі я ведаю, ні адна з буйных ці не вельмі еўрапейскіх лаўкост-авіякампаній не звярталася да нас. Маё бачанне і ацэнка нашых спецыялістаў - так адбываецца таму, што для лаўкост-кампаній патрэбная як мінімум адна штодзённая частата палётаў з Менска ў якім-небудзь кірунку, а пажадана - і не адзін рэйс у дзень», - распавёў Гусараў.
Такіх загружаных маршрутаў сёння з Менска не існуе, дадаў гендырэктар «Белавія». Пры гэтым ён нагадаў, што ў летні перыяд у Беларусь ужо лётае гішпанская кампанія Vueling. Яна ўважаецца бюджэтнай, хоць схема яе працы не зусім адказвае прыкметам лаўкост-кампаній.
Агулам, са слоў Гусарава, канкурэнтнае асяроддзе на авіяцыйным рынку Беларусі высокае. Тут прысутнічаюць расейскі «Аэрафлот», Turkish Airlines, Etihad. Працуюць таксама Lufthansa і Austrian Airlines.
Супрацоўніцтва з гэтымі авіяперавозчыкамі і сумесныя намаганні дазваляюць «Белавія» прапаноўваць пасажырам больш канкурэнтныя ўмовы, што не выключае канкурэнтнага асяроддзя: кожная кампанія імкнецца прыцягнуць больш пасажыраў за кошт розных прывабных прапаноў, адзначыў гендырэктар «Белавія». На яе долю прыпадае крыху больш за 60% пасажырскіх авіяперавозак на беларускім рынку.