5 траўня 2024, Нядзеля, 10:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Арлоў: Мова абараняе межы краіны лепш чым войска

70
Уладзімір Арлоў: Мова абараняе межы краіны лепш чым войска

Беларусі неабходныя канкрэтныя крокі ў стварэнні сістэмы адукацыі на нацыянальнай мове.

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю «Радыё Рацыя» пісьменнік Уладзімір Арлоў, каментуючы заявы Лукашэнкі аб павелічэнні колькасці гадзін на выкладанне беларускай мовы ў агульнаадукацыйных школах.

«Ёсць такое выслоўе: «Мова абараняе межы краіны мацней чым войска». Мне бачыцца не выпадковым тое, што ўсе апошнія заявы афіцыйнага лідэра ў падтрымку беларускай мовы і культуры прагучалі ўжо ў новай геапалітычнай сітуацыі, якая ўзнікла ў сувязі з падзеямі ва Украіне. Гэта сведчыць пра разуменне расейскай пагрозы. Што ж тычыцца дадатковай гадзіны ў школах на вывучэнне мовы, то я, па-першае, цалкам не ўпэўнены, што гэтая гадзіна ў школьнай праграме з'явіцца. А, калі і з'явіцца, то яна нічога не паправіць», - заявіў Уладзімір Арлоў.

Пісьменнік распавёў пра тое, якія крокі рэальна дапамогуць развіццю беларускай мовы.

«Як літаратар, які нярэдка сустракаецца, нягледзячы на ўсе «чорныя спісы», з вучнямі, магу сказаць, што сёння і ў гарадскіх, і ў сельскіх школах, асабліва вучні малодшых класаў, ужо ўспрымаюць беларускую мову як замежную. І ў сутнасці нават не разумеюць таго, што ім спрабуе расказаць пісьменнік. Я думаю, тыя калегі, якія таксама сустракаюцца з дзецьмі, могуць гэта толькі пацвердзіць. Вось да чаго давяла палітыка ўлады ў галіне школьнай адукацыі! І таму мяркую, што, калі сапраўды клапаціцца аб захаванні і развіцці беларускай мовы, як мовы тытульнай нацыі, якая стварыла гэтую дзяржаву, то трэба дадаваць не адну і не дзве гадзіны, а рабіць канкрэтныя крокі ў стварэнні беларускамоўнай сістэмы адукацыі: ад дзіцячага садка да ВНУ. Вось калі б Лукашэнка заявіў аб неабходнасці нарэшце стварыць у дзяржаве беларускамоўны нацыянальны ўніверсітэт, пра што мы гаворым усе гады незалежнасці, то гэта б прагучала сапраўды важка. А што тычыцца «адной гадзіны»... Я б прапанаваў, каб гэтую гадзіну вызначылі для вывучэння мовы чыноўнікам усіх рангаў. Каб яны хаця б займаліся мовай па гадзіне на тыдзень, а затым здалі б іспыт на валоданне ёй. Вось гэта былі б сапраўдныя меры ў абароне беларускай мовы і забеспячэнню раўнапраўя другой дзяржаўнай мове, правы якой штодня парушаюцца», - заявіў Уладзімір Арлоў.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках