1 траўня 2024, Серада, 6:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія ідэолагі спалохаліся фразы «Будзь беларусам, будзь пераможцам»

15

Прадпрымальнік з Віцебска распавёў пра тое, як спрабаваў дамагчыся дазволу на друк сшыткаў да юбілею Аршанскай бітвы.

Некалькі дзён таму Уладзімір Рамановіч атрымаў адмову ад абласной друкарні. Ён распавёў charter97.org аб тым, як прайшоў візіт у аддзел ідэалогіі мясцовага выканкама і пра тое, ці ўдасца ўсё ж такі надрукаваць сшыткі.

- Учора пасля размовы з друкарняй мы хадзілі ў аддзел ідэалогіі Віцебскага аблвыканкама. Звычайна дзяржпрадпрыемствы, у тым ліку і друкарні, нейкім чынам падпарадкоўваюцца або кантралююцца менавіта такімі аддзеламі. Таму мы і прыйшлі да іх з пытаннямі, ці была ад іх нейкая дырэктыва ў друкарню і ў чым, уласна, справа.

Калі мы ім паказалі макеты, нам сказалі, маўляў, вядома, дызайн неадназначны, але асабіста яны не бачаць ніякай праблемы, каб друкаваць такія сшыткі, бо ў іх няма нічога экстрэмісцкага. Яны параілі размясціць на сшытках кароткую даведку пра Аршанскую бітву і тлумачэнне знакаў, выкарыстаных на сшытках, каб яна сапраўды глядзелася гістарычнай і каб не было двухсэнсоўнасці.

- А як наконт пасадзейнічаць вам у друку сшыткаў адным званком у друкарню?

- Яны сказалі, што не могуць патэлефанаваць кіраўніку друкарні і сказаць «Давай, друкуй». Яны сказалі, што не маюць такога ўплыву, бо гэта суб'ект гаспадарання. Але мне адкрыта сказалі, што разумеюць і намесніка дырэктара друкарні, і мяне. Асабліва іх «напружыла» фраза «Будзь беларусам, будзь пераможцам», якую, на думку супрацоўнікаў ідэалогіі аблвыканкама, можна было б трактаваць як заклік да наступных бітваў і войнаў. Магчыма, з Расеяй.

- Ці ведае кіраўніцтва друкарні, якая адмовіла вам, пра тое, што ніякай забароны з боку ўладаў няма?

- Праз паўгадзіны я зноў наведаў тую ж самую абласную віцебскую друкарню, да таго ж чалавека, намесніка дырэктара, які мне адмовіў. Паведаміў яму, што няма ніякіх перашкод і няма забароны аддзела ідэалогіі, каб друкаваць гэтыя сшыткі. Ну і замест таго, каб прынесці прабачэнні і прыняць заказ, ён сказаў «Мы не можам аддрукаваць вашы сшыткі праз тэхнічныя прычыны». Тады я спытаў, калі можна было б надрукаваць іншыя нашы сшыткі, з іншым дызайнам. Намеснік дырэктара адказаў: «Як толькі, дык адразу!». Але фактычна мне паказалі на дзверы.

- Што вы будзеце рабіць? Дзе будзеце друкаваць сшыткі?

На сённяшні дзень мы далі кліч па беларускім друкарням. У Смаленск ехаць дзеля друку такога невялікага накладу не хацелася б - гэта іншая краіна, гэта неапраўданыя выдаткі. На сённяшні дзень мы ўсім рассылаем заказы адразу з прыкладаннем макетаў, каб такіх непаразуменняў не адбывалася. Адна беларуская друкарня ўжо адказала, што макеты нармальныя і яны змаглі б выканаць друк. А гарадзенская друкарня таксама пакуль адмовілася друкаваць менавіта гэты сшытак з інфармацыяй пра Аршанскую бітву: галоўны тэхнолаг сказаў, што згодныя друкаваць толькі афіцыйныя беларускія сімвалы. Але яшчэ вядзем перамовы.

- Ці думаеце вы пашырыць асартымент тавараў з беларускай сімволікай?

- Так, мы ўжо нават знайшлі прадпрыемства, якое зробіць нашы «Беларускія швэдры». Будзе два тыпы: з лёну з бавоўнай і з воўны з акрылам.

Нагадаем, Уладзімір Рамановіч задумаўся аб стварэнні школьных прылад з беларускай нацыянальнай сімволікай гэтым летам, аднак па меры распаўсюджвання інфармацыі аб яго грамадзянскай ініцыятыве, у тым ліку і з дапамогай charter97.org, маленькая справа пачала набіраць папулярнасць і абароты. Цяпер сшыткі заказваюць з усяе Беларусі, а таксама цікавяцца беларусы з Беластоку, Лондана і Швейцарыі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках