5 траўня 2024, Нядзеля, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнік ужо два гады за кратамі, а ўсё яшчэ «адказны за масавыя мерапрыемствы»

3
Чыноўнік ужо два гады за кратамі, а ўсё яшчэ «адказны за масавыя мерапрыемствы»

Віцебскія актывісты спрабуюць пераканаць гарвыканкам, што неабходна ўнесці змены ў пастановы аб парадку арганізацыі масавых акцый.

Ім адказваюць, што яно бездакорнае і адпавядае ўсім юрыдычным нормам. Разам з тым, паказаны ў ім чыноўнік адбывае тэрмін за хабар.

Пастанова Віцебскага гарвыканкама №881 ад 10 ліпеня 2009 года «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» размешчаная на афіцыйным сайце дзяржустановы. У дакуменце гаворыцца, што кантроль за выкананнем гэтай пастановы ўскладзены на кіраўнікоў раённых адміністрацый і «намесніка старшыні гарадскога выканаўчага камітэта Л.Л. Кавалёва», піша ПЦ «Вясна».

Дакумент, патрабаванні якога павінны выконваць заяўнікі масавых акцый, утрымлівае істотную недакладнасць. З 2009 года, калі пастанова прымалася, Леанід Кавалёў паспеў «дарасці» да намесніка старшыні аблвыканкама, на гэтай пасадзе ён трапіў пад следства, а 6 верасня 2012 г Менскі гарадскі суд прысудзіў віцебскага чыноўніка да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за атрыманне хабару ў асабліва буйнай суме.

Тым не менш, ягонае прозвішча па-ранейшаму фігуруе ў дакуменце, які цягам ўжо амаль 5-ці гадоў патрабуюць змяніць віцебскія актывісты. Праўда, турбуе іх найперш не прозвішча асуджанага чыноўніка, а патрабаванне заключаць папярэднія дамовы з міліцыяй, Віцебскай цэнтральнай гарадской паліклінікай і прадпрыемствам «Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка». Усе тры структуры адмаўляюцца заключаць дамовы з актывістамі, а тыя, у сваю чаргу, не могуць атрымаць дазвол на правядзенне акцый нібыта на законных падставах.

Традыцыйны адказ з абласнога ўпраўлення МУС - гэта абяцанне ахоўваць правапарадак без усялякіх дамоваў: іх міліцыя з прыватнымі грамадзянамі не мае права заключаць наогул, так як ахова правапарадку з'яўляецца асноўным прафесійным абавязкам міліцыянтаў. Прадпрыемства «Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка» не падпісвае дамовы на ўборку горада, бо гэта функцыя іншага прадпрыемства - «Віцебскі Зелянбуд». Гэтая ўстанова, дарэчы, адзіная, што не адмаўляецца ад заключэння дамоваў. Аднак жа ў пастанове гарвыканкама прапісанае зусім іншае, падкрэслівае сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, які нядаўна атрымаў чарговую забарону на масавае мерапрыемства:

«Мы бачым, што ў пастанову Віцебскага гарвыканкама неабходна ўнесці адразу некалькі змен: аб зваротах па дамову ў міліцыю, у «Віцебскі Зелянбуд», а таксама да медыкаў. Па-першае, павінна быць хаця б нейкая альтэрнатыва, калі цэнтральная гарадская паліклініка нам адмаўляе кожны раз праз розныя надуманыя нагоды. Ёсць і яшчэ адна праблема: у працоўным арсенале медыкаў наогул няма такога пункта, як надаванне медыцынскай дапамогі падчас акцый на падставе прыватнай дамовы. Гарвыканкам патрабуе, каб мы зрабілі немагчымае! Ну, і нарэшце адказным асобам павінна быць сорамна, што паводле пастановы дзяржаўнага органа кантралюе масавыя мерапрыемствы чалавек, які даўно сядзіць у турме, гэта ж трэба настолькі не паважаць сваіх грамадзян, каб пакінуць у дзяржаўным дакуменце прозвішча такога «адказнага»! Глядзіце, колькі падстаў адразу, каб пастанова Віцебскага гарвыканкама №881 урэшце змяніць, і перарабіць яе так, каб мы маглі скарыстацца сваім правам на мірныя сходы і на публічнае выказванне сваіх меркаванняў».

Пакуль дамагчыся зменаў не ўдаецца, хоць віцебскія актывісты хацелі дайсці з гэтай праблемай нават да Канстытуцыйнага суда. З усіх іншых інстанцый актывістам адказвалі, што пастанова прайшла юрыдычную экспертызу, зацверджаная, а значыць прызнаная дасканалай.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках