5 траўня 2024, Нядзеля, 14:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крычаўскі ідэолаг падала ў суд на незалежную газету

20
Крычаўскі ідэолаг падала ў суд на незалежную газету

Начальніца аддзела ідэалагічнай работы Крычаўскага райвыканкама Марына Максімава падала ў суд пазоў супраць выдання «Вольны горад».

Чыноўніца абвінавачвае журналістаў у нанясенні шкоды яе гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Незадаволенасць галоўнага ідэолага раёна выклікала фраза аб тым, што яна «ў ідэалагічнай працы разбіраецца як вядомая жывёла ў апельсінах». Фраза змяшчалася ў артыкуле «Не ў сваім крэсле?», апублікаваным на сайце газеты 9 верасня. У артыкуле гаворка вялася аб стаўленні мясцовых уладаў да інфармавання грамадзян аб сітуацыі, якая склалася ў раёне пасля абрынання будынка Крычаўскай гімназіі, піша БелаПАН.

«Фактычна мяне назвалі жывёлай, якая села ў крэсла кіраўніка», - піша Марына Максімава ў пазове, які прыняты да разгляду Крычаўскім раённым судом.

Супрацоўніца райвыканкаму сцвярджае, што цяпер у крамах і грамадскім транспарце Крычава яна чуе за сваёй спіной «усмешкі і абмеркаванні». У такой сітуацыі, са слоў Максімавай, у яе стала бадець галава, пагоршылася працаздольнасць, яна перастала нармальна стасавацца са сваімі роднымі і блізкімі, ёй немагчыма працягваць актыўнае грамадскае жыццё.

Марына Максімава просіць суд абавязаць «Вольны горад» зняпраўдзіць сваё меркаванне, а таксама спагнаць з адказчыкаў 10 млн рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Каментуючы сітуацыю, рэдактар «Вольнага горада» Сяргей Няроўны адзначыў: «Пасля абрынання гімназіі, якое выклікала шок у горадзе, і ён поўніцца чуткамі, раённая газета «Крычаўскае жыццё», якую курыруе аддзел ідэалогіі, як вады ў рот набрала. Ні ад рэдакцыі газеты, ні ад Максімавай не было адказаў на пытанні, як працуе штаб, як арганізаваны падвоз дзяцей, якія праблемы ўзнікаюць, і як іх развязваць».

«Няўжо ідэалагічная праца толькі ў тым, каб прыкрыць усю інфармацыю, якая хвалюе людзей, і пісаць толькі пра ўручэнні прэмій і рэпертуары хору ветэранаў? А тое, што рэальна хвалюе людзей, - а гэта 540 навучэнцаў, каля сотні настаўнікаў, бацькі, якія перажываюць, - ні слова», - кажа журналіст.

З ягоных слоў, толькі пасля публікацыі артыкула «Не ў сваім крэсле?» газета «Крычаўскае жыццё» апублікавала маленькую нататку аб абрынанні гімназіі і стварэнні штаба ў ліквідацыі наступстваў.

Суд над газетай прызначаны на 22 кастрычніка.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках