6 траўня 2024, панядзелак, 18:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Балконы са старога горада Горадні знаходзяць у прыватных катэджах

12

Аўтэнтычныя балконы з помнікаў архітэктуры Горадні можна адшукаць у прыватных катэджах.

Больш за год таму гучная справа з выкрадзеным сярод белага дня старога балкона ў цэнтры Горадні абляцела ўсе СМІ. Са слоў сведак, да будынка на вуліцы Кірава, 3 пад'ехаў пазадарожнік, з якога выйшла жанчына, а з ёй - двое мужчын, яны адпілавалі балкон, пагрузілі яго і ад'ехалі. Гэта прытым, што і знешняя частка турмы насупраць, і сам дом знаходзяцца пад відэаназіраннем (згодна з таблічкамі на сценах). На гэты момант справа прыпыненая, нікога не знайшлі.

Тым часам у старым горадзе аўтэнтычных гаўбцоў застаецца ўсё менш, а некаторыя з іх можна адшукаць у прыватных катэджах, піша «Новый час».

«Пасля дзёрзкага крадзяжу балкона каля турмы падняўся вэрхал, - кажа мастацтвазнаўца і спецыялістка ў каванні і ліцці Любоў Зорына, - але калі тое ж самае адбываецца ў выніку планавых рамонтаў - на гэта не звяртаюць увагу. Усё ціха і спакойна - бо гэта робяць дзяржаўныя органы».

Згодна з яе інфармацыяй, на вул. Будзёнага, 36, на вул. 1 траўня, 24, вул. Паўлоўскага, 21 апошнім часам зніклі старыя балконы. На Паўлоўскага, напрыклад, у доме 1910 пабудовы два гаўбца засталіся аўтэнтычныя, а два - замененыя на новыя. Старое ліццё замененае на так званае каванне, зробленае па сучасных тэхналогіях.

«Заказчыкам рамонтаў будынкаў выступаюць ЖЭСы, - кажа Зорына, - закон, безумоўна, парушаецца, бо на ўсіх гэтых будынках вісяць таблічкі «Помнік архітэктуры». Але, думаю, гэтыя людзі і паняцця не маюць, што трэба захоўваць нейкія старыя элементы - робяць, як прасцей».

Зразумела, можа мець месца і неадукаванасць, але цалкам магчыма і свядомая зацікаўленасць у павелічэнні кошту работ: адна справа - пачысціць стары балкон, іншая - усталяваць новы.

Высвятляецца, у канцы 1980-х - пачатку 1990-х гадоў былі спробы каталагізаваць ўсе малыя архітэктурныя формы з мэтай рэстаўрацыі і аховы, гэтым займалася праектная арганізацыя Спецрэстаўрацыя. З бюджэту былі выдзеленыя грошы, і па ўсім горадзе была праведзеная фотафіксацыя гаўбцоў, кованых парэнчаў, крыжоў, розных дзвярэй і печаў. Культурай у гарвыканкаме як раз займаўся Аляксандр Мілінкевіч. Аднак прайшоў час, пастановы гарвыканкама забыліся...

Калі цяпер прайсціся па катэджных пасёлках ў Горадні, напрыклад, па Паўднёвым, то можна выявіць некалькі літых гаўбцоў дарэвалюцыйнай вытворчасці. Адзін з іх, паводле класіфікацыі Зорынай, зроблены ў фірме Вячоркі ў Беластоку ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя. Іншы, неабарочны - дакладная копія балкона, які знік з вуліцы Кірава, 3.

Варта адзначыць, што ў «зоне рызыкі» ў першую чаргу знаходзяцца нежылыя старыя будынкі, за якімі няма сталага нагляду. У вялікім драўляным даваенным будынку на 17 верасня, 53 пасля адсялення невядомыя выламалі адліваныя фігурныя поручні, якія вялі на другі паверх.

Аскепкі ліцця пач. ХХ ст. на вуліцы 17 верасня, 53

Зусім недалёка ад таго дома, ва ўжо знесеным асабняку на 1 траўня, 17, даваенныя поручні на ўваходзе таямнічым чынам зніклі яшчэ напярэдадні зносу. Цікава, трапілі яны на склад нарыхтоўкі другаснай сыравіны або будуць упрыгожваць ўжо сучасны, пабудаваны з сілікатнай цэглы, катэдж?

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках