6 траўня 2024, панядзелак, 21:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя дапытала галадоўнікаў у Бабруйску

7
Міліцыя дапытала галадоўнікаў у Бабруйску

Актывістаў Свабоднага прафсаюза, якія абвясцілі галадоўку праз звальненне з Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў, апыталі ў міліцыі.

Пра гэта паведаміў БелаПАН былы рабочы Аляксандр Варанкін.

У аўторак з усімі чатырма ўдзельнікамі акцыі па чарзе гутарыў падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько, які на мінулым тыдні выганяў працоўных з будынка гарвыканкама. «Ён пытаўся, чаму мы пачалі гэтую акцыю, з якой мэтай. Мы патлумачылі, што галадоўка праводзіцца ў сувязі з незаконным звальненнем. Мы хочам дастукацца да ўлады, каб яны ўздзейнічалі на наймальніка і каб не выганялі людзей за прыналежнасць да прафсаюза», - сказаў Варанкін.

З ягоных слоў, прадстаўнікі міліцыі спрабавалі падвесці звольненых працоўных да думкі, што да галадоўкі іх схіліў старшыня заводскай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Міхаіл Кавалькоў. «Спрабавалі абвінаваціць Кавалькова, што гэта ён падгаварыў, што людзі самі не маглі на гэта пайсці. Я сказаў, што людзі прымалі пастанову самастойна», - падкрэсліў Варанкін.

Пагроз у адрас удзельнікаў галадоўкі, з ягоных слоў, не было, але іх яшчэ раз папярэдзілі аб магчымым штрафе за правядзенне несанкцыянаванай акцыі ў памеры да 30 базавых велічынь (чатыры з паловай мільёны рублёў).

Усе чацвёра апытаных зноў выкліканыя ў міліцыю на 13 лістапада. Рабочыя мяркуюць, што на іх будуць складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. А сёння, 12 лістапада, а 13.00 павінна адбыцца сустрэча ўдзельнікаў акцыі пратэсту з старшынём гарвыканкама Андрэем Каваленкам.

«Старшыні гарвыканкама збіраемся распавесці ўсю сваю гісторыю. Можа, ён нейкую пастанову прыме. Калі не, то, атрымліваецца, улада горада нічым не кіруе, а кіруе наймальнік і яго падначаленыя, а людзі не маюць ніякага права голасу. Але мы ўсё ж такі мяркуем, што калі народ абраў уладу, то ён павінен кіраваць краінай», - заявіў Варанкін.

Ён таксама дадаў, што самаадчуванне ў галадоўнікаў здавальняючае, скаргаў на здароўе няма.

Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка 5 лістапада абвясцілі галадоўку ў будынку Бабруйскага гарвыканкама, патрабуючы выканання канстытуцыйнага права на працу. Ім двойчы даводзілася пакідаць гарвыканкам з патрабавання міліцыі і чыноўнікаў. 6 лістапада чацвёра галадоўнікаў працягнулі акцыю пратэсту недалёка ад прахадной БЗТДіА. На выходныя яны перарывалі галадоўку і аднавілі яе 10 лістапада. У той жа дзень удзельнікі акцыі былі дастаўлены ў міліцыю, дзе іх вусна папярэдзілі аб магчымай адказнасці за несанкцыянаваную акцыю пратэсту, піша БелаПАН.

Тым часам да чатырох звольненых далучыліся два работнікі БЗТДіА, якія абвясцілі галадоўку, але працягваюць працаваць. Неўзабаве адзін з іх - Генадзь Лабачоў - быў вымушаны перапыніць акцыю праз стан здароўя. 11 лістапада да галадоўкі на знак салідарнасці далучылася супрацоўніца Бабруйскай раённай бібліятэкі Святлана Грыцэнка.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках