Расейскі суд забараніў анекдот
7- 19.11.2014, 14:15
- 18,157
Вярхоўны суд Рэспублікі Удмуртыя прызнаў экстрэмісцкай публікацыю ў адной з сацыяльных сетак.
Яна ўяўляла сабой пераробку вядомага анекдота савецкіх часоў пра чалавека, які паглядаў на свой гадзіннік у грамадскім транспарце, паведамляе "Дождж".
Публікацыя, якая пачыналася словамі "Суд. Справа аб збіцці каўказца...", прыцягнула ўвагу пракуратуры Індустрыяльнага раёна горада Іжэўска, якая распачала крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 282 ("Распальванне нацыянальнай нянавісці") КК і звярнулася ў раённы суд з пазовам аб прызнанні гэтага матэрыялу экстрэмісцкім. Суд пазоў задаволіў.
Аўтар публікацыі абскардзіў гэты вердыкт у Вярхоўным судзе рэспублікі, спасылаючыся на недаказанасць пракуратурай таго факту, што распаўсюджаныя ім матэрыялы насілі супрацьпраўны характар. Але праведзеная ў рамках справы комплексная псіхолага-лінгвістычная экспэртыза пацвердзіла, што гэты матэрыял накіраваны на распальванне нянавісці і варожасці, а таксама прыніжэнне годнасці чалавека паводле прыкметы нацыянальнай прыналежнасці, веравызнання, паведамляе NEWSru.com са спасылкай на пракуратуру рэспублікі.
У выніку ВС УР адхіліў апеляцыю пазоўніка, пакінуўшы пастанову райсуду без змены. На гэтай падставе матэрыял, які стаў прадметам судовага разбору, будзе ўнесены ў федэральны спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які фарміруецца Мінюстам РФ, гаворыцца ў паведамленні.
На думку праваабарончага цэнтра "Сава", гэтая публікацыя - анекдот, які, хоць і мае ксенафобнае адценне, але не ўтрымлівае прамых небяспечных заклікаў да гвалту і не заслугоўвае той увагі з боку праваахоўнікаў, якую атрымаў.