Паліцыя Італіі зняла рытуал пасвячэння ў мафіёзі
11- 19.11.2014, 14:25
- 18,289
У Італіі паліцыя ўпершыню апублікавала кадры рытуалу пасвячэння ў мафіёзі.
Яны былі таемна знятыя падчас расследавання злачынстваў крымінальнага сіндыката ндрангета, паведамляе BBC.
У поле зроку праваахоўных органаў патрапілі тры злачынныя групоўкі, якія дзейнічалі ў правінцыях Кома і Лека ў рэгіёне Ламбардыя. Большая частка арыштаў была праведзеная на поўначы Італіі, аднак некалькі чалавек былі затрыманыя на Сіцыліі.
Спецыяльныя падраздзяленні італійскай паліцыі ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю падчас рэйдаў на поўначы краіны арыштавалі прынамсі 40 чалавек.
Арыштаваных падазраюць у дачыненні да ндрангеты - мафіёзнага сіндыкату з Калабрыі, беднага рэгіёну на поўдні Італіі.
Нягледзячы на тое, што ндрангета менш вядомая, чым сіцыліянская каза ностра або неапалітанская камора, яна ўважаецца за адну з самых багатых і магутных злачынных арганізацый у свеце.
"Апошні патрон для сябе"
У ндрангеце прынятыя складаныя рытуалы прысвячэння, эліта групоўкі называецца "Санта".
Менавіта цырымонію пасвячэння ў мафіёзную эліту ўдалося таемна зафатаграфаваць паліцыянтам на поўначы Італіі.
Падчас цырымоніі новыя чальцы мафіёзнага сіндыката пакляліся "абараняць гонар сваіх мудрых братоў".
Паліцыянтам удалося зафатаграфаваць цырымонію пасвячэння ў мафіёзную эліту
"На той выпадак, калі вы, грэбуючы асцярожнасцю, здзейсніце неабдуманы ўчынак, існуе таблетка цыяністага калію", - кажа на відэазапісе мафіозі, які праводзіць абрад. Ён заклікае новых чальцоў групоўкі заўсёды мець пад рукой яд або ж "пакідаць апошні патрон для сябе".
Аднаму з прысвечаных, са слоў паліцыі, было ўсяго 17 гадоў.
Арыштаваным мафіёзі выстаўленыя абвінавачванні ва ўдзеле ў злачыннай групоўцы, вымагальніцтве і незаконным нашэнні зброі.
Са слоў пракурора Ільды Бакасіні, якая ўзначальвала расследаванне, відэазапіс паказвае, як "сіла традыцый" дапамагае ндрангеце выжываць.