5 траўня 2024, Нядзеля, 5:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўніца Міністэрства культуры: У Беларусі няма моўнай праблемы

30
Чыноўніца Міністэрства культуры: У Беларусі няма моўнай праблемы

З'езд ТБМ у Менску наведала галоўны спецыяліст Упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Людміла Лебедзь.

"Я прыйшла на з'езд "Таварыства беларускай мовы" праз даручэнне міністра культуры, які цяпер знаходзіцца ў камандзіроўцы ў В'етнаме. І справы беларускай мовы як аднаго са складнікаў культуры вельмі важныя. Яе сучасны стан, перспектывы развіцця, праблемы - гэта таксама вельмі важна. Таму я тут, каб выслухаць думкі розных людзей. І прадаўжаць далей нашую справу", - сказала ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" чыноўніца.

Паводле яе слоў, у Міністэрстве культуры і падведамасных ініцыятывах дакументацыя вядзецца на беларускай мове. "Не выключаная і руская мова як раўнапраўная. Дакументы, якія прыходзяць да нас па-беларуску, атрымліваюць беларускамоўны адказ. Развіваецца беларускамоўны тэатр і нашая музычная культура. Нашыя паэты-песеннікі ствараюць добрыя беларускамоўныя песні, якія з задавальненнем выконваюць і прафесійныя артысты, і аматары . Мы існуем у беларускім асяроддзі", - заявіла Людміла Лебедзь.

Яна ўпэўненая, што моўная праблема ў Беларусі - гэта праблема сямейнага выхавання. "Вельмі шкада, што моладзь адыходзіць ад схем беларускай мовы, пераключылася на ангельскую. Не надае беларускай мове належнай увагі. Але я ведаю, што вельмі вялікая колькасць моладзі размаўляе і чытае па-беларуску", - адзначыла чыноўніца.

На яе думку, суіснаванне дзвюх моў - рускай і беларускай - не праблема. "Таму што мы побач з Расеяй, нас гісторыя вельмі вялікая звязвае. Таму хай гэта будзе проста маральны выбар кожнага чалавека, на якой мове размаўляць. Няма ніякіх перашкод, каб размаўляць на беларускай мове. Як сказаў Трусаў у адным з інтэрв'ю, калі хочаце гаварыць па-беларуску, пачніце з банкамата - выберыце там беларускую мову, пачніце з гэтага", - сказала Людміла Лебедзь.

На заўвагу аб тым, што асяроддзе не вельмі спрыяе пераходу на беларускую мову, чыноўніца заявіла, што асабіста ў яе няма ніякіх перашкод гаварыць на той мове, на якой хочацца, у тым ліку на беларускай.

"Мы прасоўваем беларускую мову, але нейкіх адміністрацыйных намаганняў мы не ўжываем, калі мы знаходзімся на нейкіх культурных мерапрыемствах. Фестываль народнай творчасці праводзіцца па-беларуску, напрыклад. Я не бачу ніякай моўнай праблемы. Грамадства вельмі імкліва развіваецца, і былі мовы, якія прапалі. Я думаю, што нашай мове гэта не пагражае. Носьбіты беларускай мовы ёсць і ў нас у краіне, і за мяжой - такіх, па некаторых падліках, каля трох мільёнаў. Нашая мова будзе жыць на ўсіх кантынентах", - падсумавала чыноўніца.

Фота: svaboda.org

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках