30 красавiка 2024, aўторак, 15:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абхазія і Расея ствараюць сумеснае войска

10
Абхазія і Расея ствараюць сумеснае войска

Расея і Абхазія, якая адкалоліся ад Грузіі, падпісалі ў панядзелак дагавор "аб саюзнiцтве і стратэгічным партнёрстве".

Дагавор разлічаны на 10 гадоў і прадугледжвае стварэнне аб'яднаных узброеных сіл, піша BBC.

Падпісанне дакумента прайшло ў Сочы, куды па запрашэнні расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна прыбыў лідар самаабвешчанай рэспублікі Раўль Хаджымба.

У ЕЗ заяўляюць, што дамова паміж Абхазіяй і Расеяй супярэчыць пазіцыі Бруселя аб тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі.

"Думаю, афармленне гэтага дагавора не зменіць значна сітуацыю ў краіне, таму трэба быць спакойным і аб'яднацца для ягонага аналізу. Прынцыпова гэты дагавор не зменіць нічога ў падыходах ЕЗ, якія складаюцца ў тым, што тэрытарыяльная цэласнасць Грузіі такая ж недатыкальная, як і была заўсёды", - заявіў кіраўнік місіі назіральнікаў ЕЗ у Грузіі Тойва Клаар.

Раней у Грузіі прайшлі акцыі пратэсту супраць падпісання дамовы, якая прадугледжвае істотнае пашырэнне ваеннага супрацоўніцтва Масквы і Сухумі. Тыднем раней у Тбілісі прайшла шматтысячная акцыя пратэсту пад назвай "Не анексіі!" У Абхазіі на панядзелак запланаваныя акцыі як прыхільнікаў дамовы, так і яе праціўнікаў.

Тбілісі ў кастрычніку заяўляў, што ў выпадку падпісання новы дагавор перашкодзіць працэсу нармалізацыі расейска-грузінскіх адносін і стане чарговым крокам у напрамку анексіі Абхазіі, якая адкалолася ад Грузіі.

Ваеннае супрацоўніцтва

Тым часам грузінская апазіцыя вінаваціць улады ў пасіўнасці.

"Ва ўрада няма ніякай палітыкі ў гэтым напрамку. Адзінае, што сёння можа зрабіць кіраўніцтва Грузіі, гэта ўстаць перад сцягам НАТА і зняць памятнае фота, калі фота і ілюзорны план уступлення ў НАТА дапамогуць у вырашэнні праблем. Самае балючае тое, што мы штодня губляем шанец урэгулявання гэтай праблемы. Калі б я была ва ўладзе, то пагадненне паміж Абхазіяй і Расеяй у сувязі з саюзніцтвам ні ў якім выпадку не было б аформленае", - заявіла экс-спікер парламента Грузіі, лідар "Дэмакратычнага руху" Ніно Бурджанадзэ.

Падчас сустрэчы лідараў Расеі і Абхазіі ў Сочы расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што фінансавая дапамога, што аказваецца Масквой Сухумі, з падпісаннем дамовы аб саюзе і стратэгічным партнёрстве будзе павялічаная ў два разы. У прыватнасці, у 2015 годзе ў рамках дагавора Расея выдзеліць самаабвешчанай рэспубліцы 5 млрд рублёў.

Першымі пунктамі ў дамове значыліся крокі, накіраваныя на "фарміраванне агульнай прасторы абароны і бяспекі". Дагавор прадугледжвае стварэнне аб'яднанай групоўкі войскаў "для адбіцця агрэсіі". Мяркуецца, што яна будзе створаная не пазней года з дня ўступлення дагавора ў сілу.

Не пазней чым праз тры гады пасля падпісання дамовы на расейскія сродкі будзе праведзеная мадэрнізацыя абхазскага войска. Расея арганізуе падрыхтоўку абхазскіх вайскоўцаў і абсталюе войска "сучаснымі відамі ўзбраення".

Акрамя таго, прадугледжваецца перадыслакацыя сіл і сродкаў з расейска-абхазскай мяжы на мяжу паміж Абхазіяй і падкантрольнай Тбілісі тэрыторыяй.

Расея, паводле дамовы, бярэ на сябе шэраг абавязацельстваў у ахове абхазска-грузінскай мяжы, інжынерна-тэхнічнае абсталяванне якой плануецца завяршыць за два гады. Мяркуецца, што бакі будуць сумесна займацца аховай гэтай мяжы.

Паводле слоў прэзідэнта Абхазіі, самастойна Сухумі б не справіўся з аховай мяжы.

Мяжа і пенсіі

"Гэта настолькі дарагое пытанне, што самастойна з ім мы наўрад ці б справіліся. Гэта досыць дорага і для Расеі, але яна на гэта ідзе зыходзячы з нашых агульных інтарэсаў", - падкрэсліў Хаджымба, выступаючы напярэдадні ў эфіры абхазскага тэлебачання.

Абодва бакі бяруць на сябе абавязацельствы аказаць дапамогу, у тым ліку і вайсковую, у выпадку калі адзін з бакоў падвергнецца ўзброенаму нападу.

"Калі адзін з бакоў падвергнецца агрэсіі з боку якой-небудзь дзяржавы або групы дзяржаў, "то гэта будзе разглядацца як агрэсія (узброены напад) таксама супраць іншага боку, які дагаворваецца", - гаворыцца ў дакуменце.

Абодва бакі таксама дамаўляюцца аб "ажыццяўленні скаардынаванай знешняй палітыкі".

Расея, у прыватнасці, абяцае "спрыяць умацаванню міжнародных сувязей Рэспублікі Абхазія, уключаючы пашырэнне круга афіцыйна дзяржаў, якія прызналі яе, і стварэнню ўмоў для ўступлення Рэспублікі Абхазія ў міжнародныя арганізацыі і аб'яднанні".

Масква ў адказ на вайсковае супрацоўніцтва абяцае павысіць у Абхазіі зарплаты "асноўных катэгорый работнікаў дзяржаўных устаноў у сферы аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры, спорту і сацыяльнага абслугоўвання грамадзян да ўзроўню, супастаўнага з узроўнем аплаты працы адпаведных катэгорый работнікаў у Паўднёвай федэральнай акрузе Расейскай Федэрацыі" .

Акцыі пратэсту

Публікацыя ў кастрычніку расейскага варыянту дамовы выклікала абурэнне сярод грузінскіх палітыкаў, у тым ліку і тых, хто выступаў за спробы нармалізаваць адносіны з Расеяй і за просты дыялог з Масквой.

Прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі тады заявіў, што ўрад бачыць пагрозу анексіі грузінскіх тэрыторый, і калі дагавор паміж Масквой і Сухумі будзе падпісаны ў той форме, у якой ён быў апублікаваны, гэта ў першую чаргу нашкодзіць абхазам і стане для іх пагрозай.

Пры гэтым ён дадаў, што ў сённяшняй сітуацыі радыкалізм непрымальны, і Грузіі трэба весці мірную і прагматычную палітыку.

Намеснік кіраўніка МЗС Расеі Рыгор Карасін тады назваў развагі грузінскіх палітыкаў аб анексіі Абхазіі небяспечнымі спекуляцыямі, заявіўшы, што гаворка ідзе аб базавым міждзяржаўным дагаворы.

У сярэдзіне лістапада ў Грузіі прайшлі акцыі пратэсту супраць падпісання дамовы паміж Сухумі і Масквой. Пратэстоўцы у тым ліку выказвалі незадаволенасць і цяперашнімі ўладамі Грузіі, якія, паводле слоў арганізатараў пратэсту, "ганебна маўчаць" у адказ на крокі, што прымаюцца Расеяй у дачыненні да Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

"Грузія [былога прэм'ера міністра Бідзіны] Іванішвілі маўчыць, а нашая Грузія шуміць, як шуміць сёння Тбілісі, кожны з нас на кожнай вуліцы і ў кожным горадзе Грузіі", - заявіў экс-прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які звярнуўся да прысутных праз відэасувязь з Кіева з экрана, усталяванага ля будынка парламента.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках