2 траўня 2024, Чацвер, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Guardian: Мэркель можа разарваць стасункі з Расеяй

16
The Guardian: Мэркель можа разарваць стасункі з Расеяй

Больш за 80% немцаў мяркуюць, што Расеі давяраць нельга.

Жорсткая размова канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель на саміце G20 супраць рэжыму Уладзіміра Пуціна можа азначаць, што Берлін згортвае сваю «ўсходнюю палітыку», піша The Guardian.

«Змена замежнай палітыкі Нямеччыны можа стаць найбуйнейшым геапалітычным зрухам у Еўропе. Сілы на кантыненце могуць змяніць свае пазіцыі. Пуцінская магутная сетка ягоных «прыхільнікаў», якія ў Нямеччыне заклікаюць яго «зразумець», цяпер будзе вельмі старанна правераная. Іншыя еўрапейскія краіны будуць уважліва сачыць за зменамі ў стасунках Нямеччыны і Расеі. Таксама гэта дэманструе важнасць нямецка-амерыканскіх стасункаў, на якія адміністрацыя Абамы спадзяецца ў выпадку расейскага рэваншызму пасля халоднай вайны», - гаворыцца ў артыкуле.

Падчас выступу ў Аўстраліі нямецкая канцлерка ў некалькіх прапановах адлюстравала рэжым Пуціна не проста як рэгіянальную праблему, а як сур'ёзную пагрозу дабрабыту ўсёй Еўропы. Спачатку, піша zn.ua, яна нагадала, як кантынент пагрузіўся ў Першую сусветную вайну ў 1914 годзе «праз няздольнасць ісці на кампрамісы і спадзяванні на ваеннае развязванне міжнародных спрэчак». «Гэта прагучала як апісанне дзеянняў Пуціна ва Украіне. Затым яна нагадала, як еўрапейскі праект быў пабудаваны ва ўмовах канфліктаў у ХХ стагоддзі на базе агульных каштоўнасцяў. Але яна папярэдзіла: «Усё яшчэ ёсць сілы, якія вераць у закон моцных і не вераць у сілу закона», - нагадаўшы, што Расея ставіцца да Украіны, як да сваёй сферы ўплыву», - цытуе Мэркель выданне.

У артыкуле адзначаецца, што дзякуючы «ўсходняй палітыцы», якую Берлін узяў за аснову сваёй дыпламатыі з 1969 года, Нямеччына стала галоўным партнёрам Расеі. Гэтая стратэгія была накіраваная на пераадоленне падзелу на ўсход і захад у Нямеччыне, а пасля і ў Еўропе, з дапамогай новых эканамічных і дыпламатычных сувязяў. Папярэднік Мэркель канцлер Герхард Шродэр давёў «усходнюю палітыку» да «цынічнай кульмінацыі», будучы блізкім сябрам Уладзіміра Пуціна. Выданне нагадвае, што ў часы вайны ў Іраку Шродэр «падыграў» Пуціну, адмовіўшыся адпраўляць нямецкі кантынгент у блізкаўсходнюю краіну. А цяпер, калі Расея ўварвалася ва Украіну і Еўропа абвясціла ізаляцыю расейскага прэзідэнта, ён запрасіў Пуціна да сябе на вечарыну і перад фотакамерамі журналістаў цёпла абдымаўся з ім.

Аднак Мэркель засяродзіла сваю ўвагу на эканамічным складніку «ўсходняй палітыкі». Менавіта таму роля нямецкага канцлера ў пытанні ўвядзення санкцый была настолькі важнай. Крэмль паспрабаваў растлумачыць ўсе дзеянні супраць Расеі «дыктатам ЗША», пра які час ад часу кажуць і немцы. Аднак Нацыянальная служба бяспекі ФРГ адзначае, што расейская жорсткая прапаганда супраць Украіны і хлусня аб збітым малайзійскім Боінгу 777 закранула ўспаміны немцаў пра «Штазі» і нацысцкі перыяд.

Апытанні дэманструюць, што больш за 80% немцаў мяркуюць, што Расеі давяраць нельга. А заяву Пуціна аб тым, што пакт Рыбэнтропа-Молатава не быў чымсьці дрэнным, яшчэ больш настроіла грамадства супраць рэжыму расейскага прэзідэнта. «Адварочванне Нямеччыны ад Расеі стане крыніцай задавальнення ў Польшчы, Балтыі і Грузіі, дзе баяцца расейскага авантурызму», - піша выданне.

Аднак Мэркель таксама прыйдзецца мець справу з праблемамі ўнутры Нямеччыны, дзе цяпер даволі шмат тых, хто заклікае «зразумець Расею». Таксама на карысць Пуціна будуць гуляць італьянскае індустрыяльнае лобі і некаторыя цэнтральна-еўрапейскія краіны: Венгрыя і Чэхія. «Мэркель у сваёй прамове падкрэсліла, што стратэгія Пуціна «не пераможа», але шлях пераадолення можа быць доўгім і цярністым», - гаворыцца ў артыкуле.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках