5 траўня 2024, Нядзеля, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Віцебска, Полацка і Воршы адзначылі Дзяды

Памінальныя мерапрыемствы прайшлі ў Віцебску, Полацку, Воршы.

Мясцовыя актывісты ўшаноўваюць памяць расстраляных у 1930-50 гады на ўласную ініцыятыву: дзяржаўныя органы ўлады аддаюць перавагу ніякім чынам не згадваць пра тыя падзеі.

Віцебскія актывісты 1 лістапада наведалі народны мемарыял каля вёскі Паляі (фота). Тут на ўскрайку адбываліся расстрэлы мірных жыхароў, у памяць пра гэта на самым вялікім крыжы зроблены надпіс «Ахвярам таталітарнага рэжыму». Усяго тут 7 крыжоў, усталяваных у розныя часы, пачынаючы з 1990-х гадоў. З тых часоў некалькі крыжоў было знішчана, на іх месцы з'яўляліся новыя, піша сайт ПЦ «Вясна».

Нягледзячы на тое, што старэйшыя мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць пра сталінскія расстрэлы, гэта месца афіцыйна не ўважаецца мемарыяльным. Прадстаўнікі розных апазіцыйных партый неаднаразова звярталіся да ўладаў, каб зрабіць тут сапраўдны помнік, але заўсёды атрымлівалі толькі адмовы. Таму добраўпарадкаванне самаробнага мэмарыялу стала справай неабыякавых людзей: не менш за два разы на год тут прыбіраюць смецце, а на Дзяды заўсёды ўскладаюць кветкі і запальваюць свечкі.

Пад Полацкам таксама ёсць жалобнае месца, дзе ў часы сталінскіх рэпрэсій адбываліся расстрэлы мірных жыхароў. 1 лістапада вернікі уніяцкай царквы святога Язафата ў Полацку сабраліся на супольную малітву на Бельчыцкіх могілках. На могілках знаходзіцца Крыж пакуты ў памяць беларусаў, рэпрэсаваных савецкім рэжымам.

Урочышча Кабыляцкая гара пад Воршай - гэта афіцыйна прызнанае месца гібелі мірных жыхароў, другое пасля менскіх Курапатаў. Але і тут памінальныя мерапрыемствы праходзяць выключна на ініцыятыву грамадскасці. У пачатку 1990-х гадоў падчас будаўніцтва чыгункі тут знайшлі чалавечыя парэшткі, і экспертыза прызнала, што ў гэтых месцах праводзіліся масавыя расстрэлы. У памяць аб гэтай трагедыі 30 гадоў таму тут быў усталяваны помнік - камень з мемарыяльнай шыльдай. Шыльду некалькі разоў кралі невядомыя вандалы. Улады аднаўленнем не займаліся, і афіцыйны помнік паступова таксама ператварыўся ў самаробны мемарыял: аб трагічных падзеях тут нагадвае камень-валун, два драўляныя крыжы - каталіцкі і праваслаўны, і некалькі мемарыяльны шыльдаў, усталяваных з чыёйсьці прыватнай ініцыятывы. На шыльдах - імёны расстраляных, бо дакладна невядома, дзе ў гэтым лесе чыя магіла: урочышча Кабыляцкая гара - гэта суцэльнае масавае пахаванне ахвяраў сталінізму. Штогод на Дзяды мясцовыя актывісты робяць уборку вакол мемарыяла, праводзяць жалобныя мерапрыемствы. На іх збіраюцца і тыя, чыіх сваякоў расстралялі ў гэтым ўрочышчы - дзеляцца ўспамінамі, прыносяць кветкі.

Нагадаем, учора ў Менску прайшло традыцыйнае шэсце ў Курапаты. У ім бралі ўдзел блізу тысячы чалавек. Дэманстранты з бел-чырвона-белымі сцягамі і сцягамі Украіны прайшлі шэсцем ад станцыі метро «Парк Чалюскінцаў» да ўрочышча Курапаты. Пасля завяршэння дэманстрацыі адбыўся мітынг.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках