5 траўня 2024, Нядзеля, 0:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Францыска Скарыну хочуць прылічыць да ліку святых

13
Францыска Скарыну хочуць прылічыць да ліку святых

У Беларусі створаны міжнародны грамадскі аргкамітэт у кананізацыі Францыска Скарыны.

Яго ачоліў кандыдат гістарычных навук, былы міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка. Сакратаром аргкамітэта стаў вядомы літаратуразнаўца, гісторык, пісьменнік і журналіст, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс.

Аргкамітэт рыхтуе аргументацыю на карысць кананізацыі Францыска Скарыны, якую затым перадасць прадстаўнікам грэка-каталіцкай царквы, піша БелаПАН.

«Свецкія асобы ў гэтым пытанні супрацоўнічаюць з прадстаўнікамі той канфесіі, якая больш за ўсё ў гэтым зацікаўленая, такімі сёння з'яўляюцца грэка-каталікі. Затым мы будзем хадайнічаць перад кангрэгацыяй Ватыкана, якая займаецца пытаннямі кананізацыі», - паведаміў Пётр Краўчанка.

З ягоных слоў, 20 гадоў таму ён прапаноўваў праваслаўнай царкве дапамагчы ў пытанні кананізацыі беларускага першадрукара.

«Я асабіста некалькі разоў размаўляў на гэты конт з уладаром Філарэтам, прасіў яго хоць бы папярэдне разгледзець гэтае пытанне. Аднак справа не зварухнулася, бо праваслаўная царква, на жаль, разглядае Скарыну як ерэтыка», - растлумачыў гісторык.

Пётр Краўчанка адзначыў, што пытанне веравызнання Францыска Скарыны застаецца адкрытым. Працы польскіх і італійскіх гісторыкаў царквы сведчаць, што бацька Скарыны ў 1498 годзе ў Полацку хрысціў сына як каталіка. Сам жа Францыск атрымаў першапачатковую адукацыю ў полацкай школе пры кляштары бэрнардынаў.

«Ён не мог стаць сакратаром арцыбіскупа Віленскага, не будучы каталіком, - звярнуў увагу гісторык. - Францыск Скарына быў жанаты на ўдаве свайго сябра, каталічцы Маргарыце Адвернік. У канцы 1530 - пачатку 1540-х Скарына жыў у пражскім доме каноніка каталіцкага сабора Святога Віта, з якім сябраваў і працаваў. Менавіта ў гэтым доме трагічна загінуў сын Скарыны. Гэта кажа на карысць таго, што ў першадрукара былі цесныя сувязі з каталіцкім асяроддзем».

«Акрамя таго, Скарына звяртаўся не толькі да праваслаўнай, але і да каталіцкай патэрналістыкі. Невыпадкова і тое, што яго імя і імя яго сына - Францыск, а гэта адзін са святых ордэна бернардынцаў. Агулам усё гэта даказвае, што Скарына быў дастаткова моцна звязаны з каталіцкім касцёлам. Але па сваіх поглядах ён, вядома, бліжэй за ўсё да ўніятаў, якія гістарычна яшчэ не сфармаваліся ў тыя часы», - адзначыў Краўчанка.

На мінулым тыдні міжнародны грамадскі аргкамітэт ужо звярнуўся да апостальскага нунцыя ў Беларусі Клаўдзіа Гуджэроці з просьбай аб садзейнічанні ў працы па кананізацыі Скарыны.

«Ніхто не можа сказаць, калі і з якім вынікам завершыцца гэты працэс, паколькі гэта не ад нас залежыць. Прынамсі, у 2017 годзе будзе адзначацца 500-гадовы юбілей выхаду першай кнігі на беларускай мове - Святога Пісання. Калі б гэты працэс быў паспяхова завершаны да 2017 года, было б добра», - падсумаваў Краўчанка.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках